Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Запароскай вобласьці падарвалі чыноўніка, які перайшоў на бок Расеі. На каго з калябарантаў нападалі раней


Іван Сушко
Іван Сушко

У вёсцы Міхайлаўка Запароскай вобласьці падарвалі аўтамабіль, на якім ехаў калябарант Іван Сушко, які перайшоў на бок Расеі і ачоліў мясцовую акупацыйную ўладу.

Як паведаміў украінскі журналіст Андрэй Цапліенка, пад сядзеньнем аўтамабіля Сушко спрацавала выбухоўка. Яго шпіталізавалі, але не змаглі ўратаваць — памёр.

«Ёсьць падставы лічыць, што гэта апэрацыя, якую правялі ўкраінскія партызаны», — напісаў Андрэй Цапліенка.

На каго з калябарантаў нападалі яшчэ

Ад траўня з захопленых Расеяй тэрыторый на поўдні Ўкраіны ўсё часьцей паведамляюць пра замахі на тых грамадзян Украіны, якія перайшлі на бок акупацыйнай улады Расеі.

Упершыню аб нападах на калябарантаў стала вядома ў траўні, калі ў Энэргадары, дзе месьціцца самая вялікая АЭС у Эўропе, Запароская, падарвалі кіраўніка гораду Андрэя Шэўчыка, пастаўленага расейцамі на пасаду. Выбух грымнуў, калі Шэўчык заходзіў у пад’езд свайго дома. Разам зь ім атрымалі раненьні два ягоныя ахоўнікі, але аб іхнай сьмерці не паведамлялася.

У канцы траўня стала вядома пра выбух у Мелітопалі, каля дома калябаранта Яўгена Баліцкага, прызначанага кіраўніком акупацыйнай улады Запароскай вобласьці. Але ён не пацярпеў.

У канцы ліпеня ў Херсоне падарвалі адзін з паліцэйскіх патрулёў — у выніку выбуху аўтамабіля адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў раненьні.

12 жніўня стала вядома адразу пра два выпадкі замаху на калябарантаў — у Мелітопалі Запароскай вобласьці на аднаго з кіраўнікоў выбарчага штабу «Адзіная Расея» Алега Шостака, а ў Старабельску Луганскай вобласьці — на начальніка мясцовага цэнтру сэрвісных паслуг МУС так званай «ЛНР». Абодва атрымалі раненьні.

23 жніўня стала вядома аб спробе падарваць на часова акупаванай Расеі Херсонскай вобласьці намесьніка кіраўніка аднаго з дэпартамэнтаў расейскай акупацыйнай адміністрацыі Херсона Ігара Цялегіна. Але той выжыў.

Усе гэтыя выпадкі зьвязваюць з украінскімі партызанамі, якія дзейнічаюць на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях.

Праваахоўныя органы Ўкраіны завялі 1200 крымінальных спраў на ўкраінскіх грамадзян, якія перайшлі на бок Расеі пасьля пачатку вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG