Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўгода ідзе вайна ва Ўкраіне. Асноўныя факты і лічбы


Зьнішчаныя расейскія танкі на выставе ў цэнтры Кіева. 21 жніўня 2022
Зьнішчаныя расейскія танкі на выставе ў цэнтры Кіева. 21 жніўня 2022

16 гадоў турмы за «рэйкавую вайну»; загінулі 20 беларусаў і 9000 украінскіх жаўнераў. Асноўныя факты і лічбы 6 месяцаў вайны.

Узброенае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пачалося каля 5-й гадзіны раніцы 24 лютага. Перад пачаткам вайны заходнія вайсковыя аналітыкі агучвалі сцэнары, у якіх на захоп Кіева расейцам адводзілася 3-4 дні. Роўна праз 6 месяцаў вайны, у Дзень Незалежнасьці Ўкраіны, успамінаем асноўныя факты і лічбы гісторыі супрацьстаяньня.

Колькасьць ахвяр сярод мірнага насельніцтва

Усе баявыя дзеяньні, якія адбываюцца з моманту пачатку вайны, амаль выключна ідуць на тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку на землях самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама ў акупаваным расейцамі Крыме і ў акваторыі Чорнага мора. За ўсе 6 месяцаў супрацьстаяньня Ўкраіна толькі некалькі разоў абстрэльвала ўласна расейскую тэрыторыю — пацярпелі Белгародзкая і Кіраўская вобласьці. Страты сярод цывільнага насельніцтва ў Расеі дакладна не вядомыя, яны вымяраюцца дзясяткамі чалавек.

Мірныя ахвяры ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці, красавік 2022
Мірныя ахвяры ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці, красавік 2022

Страты сярод цывільнага насельніцтва Ўкраіны падлічвае ААН. Паводле зьвестак на 14 жніўня, яны дасягнулі больш як 5500 чалавек. Пры гэтым у ААН падкрэсьліваюць, што гэтыя зьвесткі могуць значна адрозьнівацца ад рэальных. Экспэрты арганізацыі ня могуць улічыць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва на тэрыторыях, якія цяпер акупаваныя войскамі РФ.

Страты бакоў

Афіцыйных зьвестак аб колькасьці загінулых за шэсьць месяцаў вайны салдатаў не існуе. Расея апошні раз публікавала гэтую інфармацыю 25 сакавіка, тады ў Крамлі налічылі 1351 загінулага расейскага вайскоўца і 3825 параненых. Неафіцыйна на канец жніўня страты расейскай арміі могуць шматкроць перавышаць гэтыя лічбы.

Зьбіты расейскі самалёт СУ-35 у Харкаўскай вобласьці, красавік 2022
Зьбіты расейскі самалёт СУ-35 у Харкаўскай вобласьці, красавік 2022

Брытанская ВВС сумесна з расейскім выданьнем «Медиазона» ад пачатку вайны зьбірае зьвесткі аб загінулых расейскіх вайскоўцах, якія публікуюць мясцовыя ўлады і СМІ ў Расеі. Па стане на 19 жніўня журналісты налічылі звыш 5700 пацьверджаных выпадкаў. Паводле выданьняў, рэальная колькасьць страт расейскай арміі можа быць у 2-3 разы вышэйшай.

Заходнія спэцслужбы ацэньваюць магчымыя страты арміі РФ ва Ўкраіне ў памеры 15-20 тысяч чалавек. Украінскі Генштаб называе лічбу ў 42 тысячы чалавек, куды ўключае таксама параненых падчас баявых дзеяньняў.

Афіцыйную колькасьць загінулых украінскіх вайскоўцаў 22 жніўня агучыў міністар абароны Украіны Валеры Залужны. Па яго словах, яна складае каля 9000 вайскоўцаў.

Перамовы

Перамовы паміж прадстаўнікамі Крамля і Кіева пачаліся ўжо на чацьвёрты дзень вайны, 28 лютага. Яны праходзілі на тэрыторыі Беларусі. Пасьля некалькіх раўндаў 10 сакавіка ў Турэччыне сустрэліся кіраўнікі МЗС абедзьвюх краін Сяргей Лаўроў і Дзьмітро Кулеба. Апошні раз бакі перамаўляліся 22 красавіка, Расею прадстаўляў на сустрэчы Уладзімір Мядзінскі, Украіну — Давід Арахамія. Пасьля гэтага прадстаўнікі Кіева і Масквы абмяркоўвалі транзыт караблёў з украінскім збожжам праз Чорнае мора, гэта адбылося ў канцы ліпеня.

Збожжавыя перамовы ў Турэччыне. Стамбул, ліпень 2022
Збожжавыя перамовы ў Турэччыне. Стамбул, ліпень 2022

22 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што адмовіцца ад любых перамоваў з Крамлём у тым выпадку, калі Масква пачне судзіць абаронцаў «Азоўсталі» у Марыюпалі.

Акупацыя Ўкраіны

За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама часткова ад Харкава. На канец жніўня цалкам акупаванымі застаюцца Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.

Антываенны пратэст у Херсоне, сакавік 2022
Антываенны пратэст у Херсоне, сакавік 2022

Адзіным абласным цэнтрам Украіны, захопленым Расеяй пасьля 24 лютага, застаецца Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Кіеў падазрае частку былога кіраўніцтва Херсона і вобласьці ў здрадзе дзяржаве.

Загінулыя ва Ўкраіне беларусы

За шэсьць месяцаў вайны ва Ўкраіне вядома пра сьмерць 11 беларусаў, якія загінулі, ваюючы на ўкраінскім баку. Гэта Ільля Хрэнаў, Аляксей Скобля, Дзьмітры Апанасовіч, Дзьмітры Рубашэўскі, Канстанцін Дзюбайла, Павал «Волат», Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік, Вадзім Шатроў і адзін з байцоў палка Каліноўскага, імя якога не называлася.

Акрамя гэтага, дакладна вядома пра двух палонных каліноўцаў — Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева. Падрабязнасьцяў пра іх лёс няма. Украіна ўключыла беларусаў у афіцыйны сьпіс на абмен ваеннапалоннымі, бо полк імя Каліноўскага ўваходзіць у структуру Узброеных сіл Украіны.

Беларускія байцы палка імя Каліноўскага
Беларускія байцы палка імя Каліноўскага

Вядома таксама пра выпадкі гібелі ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ва Ўкраіне на баку Расеі. За шэсьць месяцаў вайны такіх назьбіралася дзевяць чалавек. Гэта Андрэй Бабко, Раман Гровіч, Васіль Курловіч, Аляксандар Шыянаў, Пётра Лузанаў, Павал Яўглеўскі, Ільля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў і Мікалай Маркаў. Усе яны былі альбо байцамі так званай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», альбо кадравымі вайскоўцамі Ўзброеных сіл РФ, якія служылі там па кантракце.

Перасьлед за падтрымку Ўкраіны

Першыя акцыі ў падтрымку Ўкраіны прайшлі ў Беларусі ў нядзелю 27 лютага, у гэты ж дзень у Беларусі праводзіўся так званы рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю. Паводле зьвестак праваабаронцаў, 27 лютага былі затрыманыя каля 900 чалавек. У сакавіку адбыліся акцыі на інфраструктуры Беларускай чыгункі, у выніку якіх была пашкоджаная частка абсталяваньня. Больш за дзясятак «рэйкавых партызанаў» затрымалі сілавікі.

Суд над першай іх групай скончыўся 10 жніўня. Найбольшы тэрмін зьняволеньня атрымаў Канстанцін Ермаловіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Іншыя ўдзельнікі групы атрымалі тэрміны ад 2 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Судовыя працэсы ў справе яшчэ сама меней чацьвярых «рэйкавых партызанаў» распачаліся ў жніўні, некаторым з абвінавачаных можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG