Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя абстрэлы на Сумшчыне, баі на Усходзе Ўкраіны, Зяленскі заклікаў Расею не зацягваць перамовы. 24-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Калёна машын уцекачоў з разбуранага расейскімі войскамі Марыюпалю. 17 сакавіка
Калёна машын уцекачоў з разбуранага расейскімі войскамі Марыюпалю. 17 сакавіка

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, каля 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, разбураны аб’екты інфраструктуры. Авіяналёты, ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і баі працягваюцца.

Галоўнае на гэты момант

  • Расейскія войскі канцэнтруюць свае абстрэлы на ўсходзе і поўдні Украіны, пад Кіевам перагрупоўваюцца
  • У большасьці рэгіёнаў у ноч на 19 сакавіка зноў гучала паветраная трывога. Але абстрэлы сталі менш інтэнсіўнымі, за выключэньнем Марыюпалю, Мікалаеўскай вобласьці і сумежных з так званымі «ЛНР» і «ДНР» населеных пунктаў Луганскай вобласьці.
  • 17 сакавіка упершыню ракетамі абстралялі Львоў. Раней пацярпеў Явараўскі палігон Львоўскай вобласьці.
  • У бамбасховішчы зьнішчанага Марыюпальскага драмтэатру хаваліся больш за тысячу мясцовых жыхароў, пераважна жанчыны і дзеці. Зь іх пасьля падзеньня расейскай бомбы вывелі каля 130. Амбудсмэн Украіны Людміла Дзянісава паведаміла, што пад заваламі тэатру застаецца больш за 1300 грамадзян
  • Паводле папярэдніх зьвестак, 17 сакавіка ў выніку абстрэлу Падольскага раёну Кіева адзін чалавек загінуў, чатыры атрымалі траўмы, 12 асобаў выратавалі, 98 эвакуавалі
  • 18 сакавіка расейскія войскі абстралялі шэраг аб’ектаў, у тым ліку вайсковы, у Запарожжы, у выніку чаго ўзьнік пажар, і Краматорску.
  • Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта Зяленскага аб падаўжэньні да 24 красавіка ваеннага становішча.
  • Парлямэнты Літвы, Латвіі і Эстоніі заклікалі ААН зрабіць неадкладныя захады дзеля забесьпячэньня беспалётнай зоны над Украінай, каб спыніць масавую гібель мірнага насельніцтва.
  • У Белым доме зноў заявілі, што адмовілі на просьбу Кіева аб беспалётнай зоне над Украінай. Абгрунтавалі адмову тым, што ня хочуць «увязвацца ў трэцюю сусьветную вайну», бо гэта запатрабавала б ад NATO і ЗША патэнцыйна зьбіваць расейскія самалёты.
  • Ва Ўкраіне кожны дзень у 9:00 праходзіць хвіліна маўчаньня ў памяць аб ахвярах агрэсіі Расеі.
  • Краіны Эўразьвязу ўхвалілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Па стане на 17 сакавіка ад расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 108 дзяцей і больш за 120 параненыя, паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 19 сакавіка

Кіраўнік украінскай чыгункі заявіў, што дзякуючы сумленным беларускім чыгуначнікам, зносін паміж Украінай і Беларусьсю цяпер няма

«Я нядаўна зьвяртаўся з заклікам да беларускіх чыгуначнікаў не выконваць злачынныя загады і ня везьці расейскія вайсковыя эшалёны ў бок Украіны, — сказаў Аляксандр Камышын. — На сёньняшні дзень я магу сказаць, што чыгуначных зносін паміж Украінай і Беларусьсю няма. Я не буду ўдакладняць дэталі, але я ўдзячны беларускім чыгуначнікам за тое, што яны робяць».

Баўгарыя вырашыла адмовіцца ад расейскага газу з прычыны вайны ва Ўкраіне

Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Баўгарыі Асэн Васілёў. Бягучы кантракт краіны з «Газпрамам» заканчваецца ў канцы 2022 году, перамоваў аб яго падаўжэньні ня будзе.

«У гэтай братазабойчай вайне паміж двума славянскімі народамі ёсьць адна нацыя, якая зазнала напад, і адна нацыя, якая напала на яе», — падкрэсьліў Васілёў.

Экс-прэм’еры Вялікай Брытаніі прапанавалі «новы Нюрнбэрг» для Пуціна

Былыя прэм’ер-міністры Вялікай Брытаніі Гордан Браўн і сэр Джон Мэйджар, а таксама іншыя брытанскія палітыкі, юрысты, навукоўцы і грамадзкія дзеячы настойваюць на стварэньні новага міжнароднага трыбуналу для расьсьледаваньня дзеяньняў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і яго атачэньня, зьвязаных з расейскім узброеным уварваньнем ва Ўкраіну.

Каля 100 экспэртаў па Ўсходняй Эўропе заклікалі ўзмацніць жорсткасьць курсу адносна Расеі

Экспэрты па Ўсходняй Эўропе абвінавацілі Нямеччыну ў «блізарукім эгаізьме» у адносінах з РФ. Яны лічаць, што спроба стрымаць Расію з дапамогай дыпляматыі і дамоваў пацярпела крах, і патрабуюць больш жорсткіх санкцый.

ААН абвергла заявы Расеі пра «лябараторыі біялягічнай зброі» ва Ўкраіне

Арганізацыя аб’яднаных нацый абвергла заявы Расеі аб нібыта лябараторыях біялягічнай зброі ва Ўкраіне, паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Алег Нікаленка 19 сакавіка.

Польшча прапаноўвае ЭЗ увесьці поўную забарону на гандаль з Расіяй

Польшча прапанавала Эўрапейскаму саюзу ўвесьці поўную забарону на гандаль з Расіяй. Такім чынам урад Польшчы заклікае ўзмацніць санкцыі супраць Масквы за яе ўварваньне ва Ўкраіну.

Украіна распачала крымінальную справу па факце выкраданьня журналісткі Hromadske

Пракуратура Запароскай вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу па факце выкраданьня журналісткі «Грамадзкага тэлебачаньня» Вікторыі Рошчынай, паведамляецца ў ТГ-канале ведамства. Сьледзтва вядзецца па артыкуле аб парушэньні законаў і звычаяў вайны (частка 1 артыкула 438 КК Украіны).

«Паводле зьвестак сьледзтва, 15 сакавіка 2022 года прадстаўнікі ФСБ і ўзброеных сіл краіны-агрэсара выкралі ў горадзе Бердзянску журналістку „Грамадзкага“, якая рыхтавала матэрыялы аб ваенных дзеяньнях на ўсходзе і поўдні Украіны. Пакуль яе месца знаходжаньня невядома», — паведамляецца ў заяве пракуратуры.

Зяленскі заклікаў Расею не зацягваць перамовы і саступіць

Прэзыдэнт Украіны заявіў, што бамбёжкі ўкраінскіх гарадоў і зацягваньне вайны толькі пагаршаюць становішча Расіі і заклікаў Маскву хутчэй дамаўляцца – прычым дамаўляцца, каб аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

«Палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў». Кіеў апублікаваў запіс ад’езду амбасадара Беларусі з Украіны

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна апублікавала відэазапіс з размовай украінскага памежніка з амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Ігарам Сокалам, які выяжджае з тэрыторыі Ўкраіны.

Bellingcat стварылі мапу адсочваньня верагодных ваенных злачынстваў у ходзе вайны ва Украіне

«На карту нанесеныя выпадкі, калі грамадзянскія раёны і інфраструктура былі пашкоджаныя ці разбураныя, дзе бачныя раненьні грамадзянскіх асоб і/ці ёсьць нерухомыя целы грамадзянскіх асоб. Збор інфармацыі аб здарэньнях, указаных на гэтай мапе, пачаўся 24 лютага 2022 года».

Дасьледчыкі абяцаюць абнаўляць мапу аж да заканчэньня канфлікту.

Ва Ўкраіне паведамілі аб гібелі яшчэ аднаго генэрала. У Расеі гэты факт не пацьвярджаюць і не зьняпраўджваюць

У Херсонскай вобласьці ва Ўкраінезагінуў камандуючы 8-й агульнавайсковай арміі Паўднёвай вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі генэрал-лейтэнант Андрэй Мардвічоў.

Ад пачатку расейскай вайны ва Ўкраіне загінулі больш як 11 высокіх военачальнікаў Расеі. Афіцыйная Масква гэтыя факты не пацьвярджае і не зьняпраўджвае. Але гібель большасьці зь іх пацьвярджаюць рэгіянальныя СМІ Расеі.

ААН: вайна ва Ўкраіне можа выклікаць ураган голаду і крах глябальнай харчовай сыстэмы

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што працяг вайны ва Ўкраіне можа выклікаць голад ня толькі ў гэтай краіне, а і паўплываць на глябальную харчовую сыстэму.

Ва Ўкраіне ў выніку баявых дзеяньняў Расеі загінулі 112 дзяцей, зьнішчана 69 школ

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што за 23 дні вайсковых дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне загінулі 112 дзяцей і больш за 10 атрымалі раненьні.Найбольш дзяцей загінула ў Кіеўскай, Харкаўскай, Данецкай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай, Жытомірскай, Сумскай і Херсонскай абласьцях.Авіяўдарамі і артылерыйскімі абстрэламі расейцы пашкодзілі 489 навучальных устаноў, 69 зь іх цалкам зьнішчылі.

Расейскія войскі спрабуюць захапіць мэталюргічны завод «Азоўсталь» у Марыюпалі

Пра гэта ў эфіры нацыянальнага тэлемаратону заявіў дарадца кіраўніка МУС Вадзім Дзенісенка.

Паводле яго слоў, расейскія войскі фактычна зьнішчылі мэталюргічны завод.

«Сытуацыя ў Марыюпалі катастрафічная, цяпер ідуць баі за Азоўсталь. Па тых дадзеных, якія ёсьць, мы можам сказаць, што страцілі гэты эканамічны гігант, адзін з найбуйнейшых заводаў Эўропы фактычна зьнішчаецца», – адказаў Дзенісенка.

З-за вайны з Расіяй было перамешчана больш за 23% насельніцтва Украіны – ААН

Уварваньне РФ прывяло да 2149 ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, у тым ліку 816 забітых.

У Сумскай вобласьці расейскія войскі абстралялі шпіталь у Трасьцянцы

У выніку абстрэлу – вялікія разбурэньні. Пакуль інфармацыі аб загінулых няма.

У Офісе Зяленскага расказалі, калі чакаюць спыненьня актыўнай фазы вайны

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў, што актыўная фаза вайны амаль завершана пад Кіевам, Харкавам, Сумамі і Чарнігавам.

«Нават калі яны дзесьці наскрабуць нейкія рэзэрвы, паспрабуюць перайсьці ў наступ, то ўсё роўна ўсё скончыцца іхнай паразай. Ну проста на тыдзень гэта ці на 10 дзён яшчэ зацягнецца», — напісаў Аляксей Арастовіч у сваім тэлеграм-канале.

«Канец тут адзін, яны стратэгічна прайгралі, прайграюць і апэратыўна. Мяркую, што сярэдзіна красавіка, канец красавіка — кіяўляне, якія зьехалі, змогуць вяртацца дадому», — дадаў Арастовіч.

У Кіеве ад пачатку агрэсіі Расеі загінулі 222 асобы і 889 атрымалі раненьні

Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя паведаміла, што ад пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў Кіеве загінулі 222 грамадзяніна, у тым ліку 60 мірных жыхароў і 4 дзіцяці.

Раненьні атрымалі 889 грамадзян, у тым ліку 241 мірны жыхар, 18 дзяцей, 3 кіроўцы хуткай дапамогі і адзін лекар хуткай дапамогі.

Уцекачы ад вайны

Амаль чвэрць грамадзян Украіны былі вымушаныя пакінуць свае дамы з-за ўварваньня Расеі

Пра гэта гаворыцца ў сьвежай справаздачы Упраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў, паведамляе BBC.

Амаль 6500000 чалавек беглі ад вайны ў межах Украіны, больш за 3300000 пакінулі тэрыторыю краіны. У сукупнасьці колькасьць уцекачоў ад вайны складае прыкладна 9800000 чалавек.

Паводле зьвестак Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, ваеннае наступленьне, якое працягваецца чацьвёрты тыдзень, прывяло да гібелі 816 грамадзянскіх асоб, 2149 былі параненыя.

Памежная служба Польшчы паведаміла, што колькасьць уцекачоў, якія прыбылі з Украіны пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне, дасягнула 2 мільёнаў чалавек. Гэта пераважна жанчыны і дзеці. Частка зь іх кіруецца праз Польшчу транзытам.

Апрача Польшчы, 291 тысяча ўкраінскіх грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 234 тысячы — у Славаччыну, 355 тысяч — у Малдову, 184 тысячы — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 508 тысяч — у Румынію, 2127 чалавек — у Беларусь.

Што адбываецца ў Расеі

Кіраўніца МЗС Брытаніі Ліз Трас лічыць, што ўведзеныя супраць расейскіх алігархаў санкцыі ніколі не будуць зьнятыя

Аб гэтым яна заявіла ў інтэрвію газэце The Times.

Bosch спыняе вытворчасьць на сваіх заводах у Расеі

Нямецкі гігант прызнаў, што з-за праблем пастаўкі і даставак, магчыма, давядзецца сысці з Расеі, піша BBC.

На вайне з Украінай загінуў яшчэ адзін расейскі палкоўнік

У Расеі прызналі гібель 5 вайскоўцаў з Кастрамской вобласьці, у тым ліку камандзіра кастрамскога палку паветрана-дэсантных войскаў палкоўніка Сяргея Сухарава. Як паведаміла мясцовае аддзяленьне Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, акрамя палкоўніка Сухарава, загінулі старшы сяржант Сяргей Лебедзеў, сяржант Аляксандар Лімонаў, яфрэйтар Юры Дзягцяроў і капітан Аляксей Нікіцін.

Раней паведамлялася, што ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў баях на ўкраінскай тэрыторыі загінулі 11 высокіх военачальнікаў Расеі.

S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да катэгорыі «дэфолт больш чым верагодны»

Рэйтынгавае агенцтва S&P панізіла сувэрэнны крэдытны рэйтынг Расеі да катэгорыі СС. Гэта трэцяя зьнізу катэгорыя рэйтынгу, якая азначае, што дэфолт яшчэ не адбыўся, але ён больш чым верагодны. Сувэрэнны расейскі доўг уразьлівы для неплацяжоў, заявіла S&P, грунтуючыся на цяжкасьцях з выплатамі па эўрабондах, якія павінны былі прайсьці 16 сакавіка.

Дэфолт азначае няздольнасьць краіны плаціць па крэдытах.

У Расеі завялі першыя справы па артыкуле за «фэйкі» аб расейскай агрэсіі

Сьледчы камітэт Расеі завёў тры крымінальныя справы аб распаўсюдзе «заведама ілжывай інфармацыі» пра дзеяньні расейскай арміі.

Гэта першыя вядомыя выпадкі прымяненьня нядаўна прынятага артыкула аб крымінальным пакараньні за распаўсюджваньне фэйк-ньюсаў пра расейскае войска, паведамляе «Коммерсантъ».

«АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць імпартных камплектных частак

Супрацоўнікі «АвтоВАЗ» з 4 па 24 красавіка пойдуць у «плянавы карпаратыўны адпачынак» у сувязі з «зацяжным крызісам паставак электронных кампанэнтаў».

Найбуйнейшы ў Расеі аўтавытворца «АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць паставак імпартных камплектных частак. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на прэсавую службу кампаніі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Жыхары розных гарадоў Беларусі паведамляюць пра гукі выбухаў

У Баранавічах, Клецку, Рэчыцы, Століне, вёсцы Альманы і іншых населеных пунктах Беларусі позна ўвечары 16 сакавіка чулі выбухі, гукі стрэлаў і самалётаў.

Інфармацыю пра гукі выбухаў у некаторых згаданых гарадах Свабодзе пацьвярджаюць чытачы.

У Пінскім раёне заўважылі перавозку танкаў чыгункай у бок Берасьця

Відэа перамяшчэньня танкаў публікуе «Наша Ніва». Меркавана, іх вязуць на вучэньні. Некаторыя праўладныя тэлеграм-каналы тлумачылі ўчорашнія паведамленьні пра выбухі ў беларускіх гарадах манэўрамі, хоць усе месцы, дзе чулі выбухі, ад Берасьця вельмі далёка.

Як рэагуе сьвет

Новыя санкцыі

Японія, Аўстралія і Новая Зэляндыя ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі. Санкцыі накіраваныя на алігархаў, абаронны і фінансавы сэктары Расеі.

ЗША пачалі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю

У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 424 заканадаўцы ўхвалілі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю. Цяпер законапраект накіруюць на разгляд у Сэнат.

Прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў азначае, што пастаўкі расейскай і беларускай прадукцыі страцяць на амэрыканскім рынку рэжым найбольшага спрыяньня.
Акрамя таго, ініцыятыва патрабуе ад прадстаўніка ЗША на гандлёвых перамовах дабівацца замарожваньня ўдзелу Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі і прыпыненьня ўступу Беларусі ў гэтую арганізацыю.

Польшча прэзэнтавала NATO праект міратворчай місіі ва Ўкраіне. ЗША яго не падтрымалі

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак на сустрэчы міністраў абароны NATO ў сераду ў Брусэлі прадставіў праект стварэньня міратворчай місіі ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўраду Польшчы.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс, камэнтуючы польскую прапанову аб міратворчай місіі, сказаў, што прысутнасьць амэрыканскіх салдат на тэрыторыі Ўкраіны толькі працягне вайну.

Узбэкістан адмовіўся прызнаваць «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі рэспублікамі

Ташкент заклікаў спыніць вайну і заявіў, што працягне дастаўляць Украіне гуманітарную дапамогу. З такой заявай выступіў міністар замежных спраў Узбэкістану Абдулазіз Камілаў на пасяджэньні Сэнату Олій Мажлісу, паведамляе UzNews.uz.

ЗША заявілі пра новую дапамогу ўзбраеньнямі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў, што Злучаныя Штаты перададуць Украіне 800 сыстэм СПА, што дазволіць абараніць Украіну ад самалётаў і расейскіх крылатых ракет, а таксама боепрыпасы да іх. Кіеў таксама атрымае 9 тысяч пераносных супрацьтанкавых сыстэм, бесьпілётнікі і гранатамёты.

Кітайскі чыноўнік заявіў, што КНР падтрымае Ўкраіну эканамічна і палітычна

Прадстаўнік КНР ва Ўкраіне Фан Сяньжун на нарадзе ў Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі заявіў, што ягоная дзяржава ніколі не нападзе на Ўкраіну. Наадварот, ад Кітаю можна чакаць палітычнай і эканамічнай падтрымкі. Ён назваў Украіну стратэгічным партнэрам Кітаю і сяброўскай краінай.

«Мы ўбачылі, наколькі вялікае адзінства ўкраінскага народу, а значыць, і ягоная сіла», — дадаў Фэн Сяньжун.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG