Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 тысяч расейскіх турыстаў ня могуць вярнуцца з-за мяжы. «Аэрофлот» прыпыняе ўсе міжнародныя рэйсы, акрамя беларускага кірунку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля пачатку так званай «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне 20 тысяч расейскіх турыстаў ня могуць вярнуцца дадому з-за мяжы. Улады арганізавалі вывазныя рэйсы, аднак скарыстацца імі могуць ня ўсе. Як і электроннымі сэрвісамі. У расейцаў заканчваюцца грошы, банкаўскія карткі блякуюцца .

З прычыны закрытага неба над ЭЗ і Паўночнай Амэрыкай за мяжой у пачатку сакавіка засталіся 27 000 расейцаў — гэта тыя, хто паехаў у нядоўгія турыстычныя паездкі. Днямі расейскія ўлады запусьцілі вывазныя рэйсы, якія, па словах кіраўніка Растурызму Зарыны Дагузавай, вывозяць па некалькі тысяч чалавек за дзень. Па стане на пачатак сакавіка цяжкасьці зь вяртаньнем маюць прыкладна 20 тысяч расейскіх грамадзян.

Большая частка расейскіх падарожнікаў — 19 тысяч — знаходзіцца ў краінах Лацінскай Амэрыкі. «Там даводзіцца аблятаць, таму шлях падаўжэў і затрымкі пачаліся», — сказала Дагузава.

Сайт Север.Реалии сабраў гісторыі некаторых расейскіх турыстаў.

Дамінікана

Прадпрымальнік Сяргей з Уфы разам са сваякамі цяпер у Дамінікане. Прыляцеў у сярэдзіне лютага на зімоўку. Дадому зьбіраўся 1 красавіка, але адпачынак аказаўся скарочаным.

Дамінікана
Дамінікана

— Цяпер мы адсочваем зваротныя рэйсы. І што мяне ўражвае — ніякай інфармацыі: ні ад МЗС, ні ад «Аэрофлота», хаця б заспакаяльнай, маўляў, мы неяк пасадзейнічаем. Мне не падабаецца, што ўрад Расеі ігнаруе сваіх жыхароў. Але мы ж грамадзяне, мы плацім падаткі. Мы вам не патрэбны? У нас жанчыны псыхуюць, у гістэрыцы ад няпэўнасьці, ці змогуць вярнуцца, — расказве Сяргей.

Некалькі разоў ён спрабаваў зьвязацца з расейскім МЗС, аднак па ўказаных на сайце нумарах датэлефанавацца ня змог.

— Проста не бяруць трубку. Як высьветлілася, у Дамінікане няма прадстаўніцтва Расеі, ёсьць толькі ў Вэнэсуэле, але за вываз турыстаў там ніхто не адказвае. Цяпер у нас ёсьць агульная група ў сацсетках, мы маем зносіны. Як быць, дзе харчавацца, падказваем адзін аднаму, дзе таньней, — кажа Сяргей.

1 сакавіка Расавіяцыя параіла турыстам самім шукаць альтэрнатыўныя маршруты вяртаньня дадому, пакуль прапрацоўваецца пытаньне з гуманітарнымі рэйсамі. Цяпер вывазныя рэйсы пачаліся, іх ажыцьцяўляе «Аэрофлот», ён вывозіць у тым ліку і турыстаў, якія не змаглі вылецець самалётамі авіякампаніі S7, якая 5 сакавіка адмяніла ўсе замежныя рэйсы. Зь ёй супрацоўнічалі многія турапэратары, у тым ліку «Інтурыст», «Библио-Глобус», TEZ Tour і іншыя.

Цяпер «Аэрофлот» спэцрэйсамі вывозіць людзей зь Лярнакі, Будапэшта, Сафіі, Гаваны і іншых месцаў, паведамляе кампанія.

«Нічога не працуе»

Сёння Растурызм прапануе расейцам за мяжой карыстацца электроннымі сэрвісамі для атрыманьня апэратыўнай інфармацыі, у тым ліку праграмай «Замежны памочнік» і Дзяржпаслугамі. Але турысты паведамляюць, што зрабіць гэта немагчыма.

«Мы знаходзімся ў ААЭ. Учора самалёт „Уральскіх авіяліній“ ня вылецеў. Сайт дзяржпаслуг не працуе, „Замежны памочнік“ таксама не працуе. Консульства не адказвае ні на тэлефон, ні на пошту. ВПН не працуе. Як нам трэба выбірацца?» — пішуць карыстальнікі ў тэлеграм-канале кіраўніка Растурызму.

Іншыя грамадзяне Расеі паведамляюць: «Мы ў Турцыі ў Кемэры, двое дарослых, трое дзяцей. S7 адмяніў рэйс са зваротным вылетам да Масквы на 6 сакавіка. Ніхто ня можа даць адказ, як нам выбірацца. Турагент і прадстаўнікі апэратара маўчаць».

У людзей сканчаюцца грошы. Банкаўскія карткі перастаюць працаваць

«Мы плянавалі ляцець з Дамініканы ў Маскву прамым рэйсам, але ня склалася, бо ён пралятае над Эўропай. Білет незваротны, адпаведна, мы проста страцім немалыя грошы. Лепш застацца тут — больш магчымасьцяў. Шукаць абыходныя шляхі — не варыянт. Занадта дорага. Цэны вырасьлі імгненна. Каб вы разумелі, гэта прыкладна 200-250 тысяч рублёў з чалавека», — піша ў сваім блогу падарожнік Аляксей Кутавы.

Пасьля навін аб уварваньні ва Ўкраіну Аляксей прыняў рашэньне пакуль не вяртацца ў Расею.

— Ёсьць пагроза агульнай мабілізацыі. Мне гэтага ня хочацца, ваяваць я не жадаю. Эканоміка ляціць уніз, пэрспэктывы на будучыню ўсе паступова зьнікаюць. Таму мы прынялі рашэньне пакуль заставацца ў Эквадоры, — расказаў Кутавы карэспандэнту «Север.Реалии».

Паводле яго, пакуль цяжкасьцяў ён і яго сям’я тут не адчуваюць, банкаўскія карткі працуюць, але праблемы ўжо недалёка.

— Адключаюць карты Visa і Mastercard, зробленыя ў Расеі. Цяпер я магу толькі пасьпець зьняць усе свае грошы, а новыя, відаць, больш не змагу тут вывесьці, — кажа Аляксей. — Курс даляра расьце, а ўвесь заробак у рублях. Тут мы ў любым выпадку прывязаныя да даляра.

Крысьціна Лагвіненка
Крысьціна Лагвіненка

— Нічога тут, за мяжой, не працуе. Усе сэрвісы, пра якія яны паведамляюць, — расказвае жыхарка Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Крысьціна Лагвіненка. З 3 сакавіка яна ня можа вылецець з Малдовы. Разам з мужам яна прыехала ў Тыраспаль літаральна на тыдзень, на дзень нараджэньня маці.

— Расейскім турыстам вылецець немагчыма — толькі гуманітарныя калідоры, вывазныя рэйсы, — апавядае Крысціна. — Ёсьць аўтобусы, якія едуць праз ЭЗ, але там трэба малдаўскае грамадзянства. З расейскім грамадзянствам і нашымі замежнымі пашпартамі мы выехаць ня можам. У панядзелак мы будзем спрабаваць афармляць транзытныя візы — паспрабуем зьвярнуцца ў Пасольства Баўгарыі або Румыніі, каб выехаць хаця б у Турэччыну, — кажа Лагвіненка.

  • 5 сакавіка Расавіяцыя паведаміла, што з прычыны «недружалюбных рашэньняў замежных дзяржаваў у адносінах да цывільнай авіяцыі РФ расейскія авіяпрадпрыемствы і пасажыры сталі інструмэнтам і закладнікамі палітычнай барацьбы». З 00:00 8 сакавіка часова прыпыняецца перавозка пасажыраў і грузаў з пунктаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў у пункты на тэрыторыі Расеі.
  • «У сувязі з гэтым грамадзянам Расеі рэкамэндуецца разгледзець альтэрнатыўныя маршруты вяртаньня дадому: выкарыстоўваць камэрцыйныя рэйсы замежных авіякампаній для пералёту ў трэція краіны, якія не абмежавалі авіязносіны з Расеяй. Затым рэйсамі расейскіх або замежных авіякампаній у пункты на тэрыторыі Расеі. Напрыклад, праз Азэрбайджан, Армэнію, Казахстан, Катар, ААЭ, Турэччыну, Сэрбію і інш., выкарыстоўваць маршруты зьмешаных (мультымадальных) транспартных зносін. Напрыклад, дабірацца да пунктаў у Латвіі, Літве, Польшчы і Фінляндыі, выкарыстоўваючы рэйсы замежных авіякампаній ці іншы від транспарту. Затым наземным транспартам у пункты на тэрыторыі Расеі, у тым ліку празь Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
  • Пасьля гэтага кампанія «Аэрофлот» паведаміла, што з 8 сакавіка часова прыпыняе ўсе міжнародныя рэйсы, акрамя беларускага кірунку, «для зьніжэньня рызыкі немагчымасьці выкарыстаньня зваротных рэйсаў у Расею для сваіх пасажыраў».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG