Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 18 жніўня: 2 гады за «абразьлівыя жэсты», 25 сутак за надпіс на футболцы, 10 сутак шахтару


Пратэсты ў Менску, жнівень 2020
Пратэсты ў Менску, жнівень 2020

У Беларусі працягваюць судзіць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Свабода сочыць за працэсамі і выракамі.

10 сутак за «адзіночны пікет» у двары лецішча

Шахтара «Беларуськалія» Алега Кудзёлку асудзілі на 10 сутак за адміністрацыйнае правапарушэньне.

Летась у верасьні працаўнік чацьвёртага рудаўпраўленьня адмовіўся падымацца на паверхню, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Напярэдадні яго затрымалі ў будынку салігорскай Дзяржаўтаінспэкцыі, куды ён прыехаў памяняць пасьведчаньне кіроўцы, у якога выйшаў тэрмін дзеяньня. Пасьля гэтага ў яго дома прайшоў агляд.

Паводле сваякоў, прычынай перасьледу магло стаць «адзіночнае пікетаваньне» на дачным участку. Яшчэ ў красавіку праваахоўнікам не спадабаўся сьцяг на флагштоку ўнутры двара, але тады адміністрацыйную справу завялі на жонку шахтара. Праз адсутнасьць складу правапарушэньня справу спынілі, а ў чэрвені зноў адкрылі. Выглядае, гэтым разам у якасьці фігуранта апынуўся Алег Кудзёлка.

25 сутак за надпіс на футболцы «Пішыце лісты!»

Гомельскі валянтэр Ільля Міронаў атрымаў 25 сутак арышту за надпіс на футболцы «Пішыце лісты!». Міліцыя, а ўсьлед за ёй суд Цэнтральнага раёну Гомля расцанілі надпіс як «несанкцыянаваны пікет».

Ільлю Міронава затрымалі ранкам 17 жніўня каля паштамту ў Гомлі. Ён якраз ішоў туды, каб выслаць карэспандэнцыю ў месцы зьняволеньня. Мужчына вядомы тым, што напісаў ужо 2500 лістоў палітвязьням.

Суд пачаўся напярэдадні, але скончыўся працоўны час і фігуранта адправілі на ноч у ІЧУ. Раніцай 18 жніўня судзьдзя Віктар Казачок накіраваў справу на дапрацоўку. У выніку міліцыя зьмяніла частку 2 артыкулу 24.23 КаАП на частку 3 таго ж артыкулу. Ільлю Міронава пакаралі арыштам на 25 сутак.

У ліпені ён адбыў 8 дзён у ізалятары як падазраваны ў «акце тэрарызму», а летась увосень агулам каля 30 дзён за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

2 гады калёніі за «непрыстойныя жэсты»

За абразьлівыя жэсты ў бок міліцыянтаў Максіма Цішкевіча асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі, інфармуе Праваабарончы цэнтар «Вясна». 25-гадовага менчука вінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

Нібыта ў ноч на 10 жніўня мінулага году ён «публічна выкрыкваў лёзунгі, гучна пляскаў у далоні і размахваў рукамі, а таксама дэманстраваў абразьлівыя жэсты ў бок супрацоўнікаў міліцыі».

Хлопец падчас суду ўдакладніў, што на той момант ужо быў перакрыты дарожны рух, людзі нікому не перашкаджалі, але сілавікі выкарыстоўвалі сьвятлашумавыя гранаты для разгону пратэстоўцаў.

Максім Цішкевіч прасіў прызначыць пакараньне з адтэрміноўкай, бо хацеў зрабіць прапанову сваёй дзяўчыне.

Аднак судзьдзя Цэнтральнага раёну Менска Дзьмітры Карсюк асудзіў маладога чалавека на 2 гады пазбаўленьня волі з адбываньнем ва ўмовах агульнага рэжыму.

Скаргу актывісткі зарэгістраваў Камітэт ААН

Індывідуальная скарга Тацяны Севярынец зарэгістраваная пад нумарам 3991/2021, паведамляе «Віцебская Вясна». Грамадзянская актывістка лічыць, што беларуская дзяржава парушыла яе правы: на свабоднае выказваньне сваёй думкі і на ўдзел у мірным сходзе.

24 сьнежня 2019 году на сваёй старонцы ў Facebook Тацяна Севярынец разьмясціла тэкст, у якім заклікала на пратэст «супраць інкарпарацыі краіны ў склад Расеі». Падчас суду жанчына пацьвердзіла, што заклікала да ўдзелу ў мірным сходзе, каб выказаць думку наконт захаваньня незалежнасьці Беларусі.

Летась 23 студзеня судзьдзя Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Юрчанка аштрафаваў Тацяну Севярынец на 810 рублёў. 19 лютага судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова пакінула скаргу абвінавачанай бязь зьменаў.

Не дамогшыся абароны сваіх грамадзянскіх правоў, Тацяна Севярынец зьвярнулася ў адпаведны Камітэт ААН, які зарэгістраваў яе паведамленьне ў межах дзейнай працэдуры. Цяпер беларуская дзяржава мусіць падрыхтаваць пераканаўчыя аргумэнты з нагоды скаргі актывісткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG