Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык ці змагаецца вітамін D з COVID-19?


Брытанская газэта The Guardian апублікавала агляд, як на працягу 2020 году мянялася стаўленьне брытанскіх лекараў да вітаміну D і яго ролі ў барацьбе з каранавірусам.

Газэта піша, што сёньня большасьць навукоўцаў схіляецца да думкі, што вітамін D — гэта танны і шырока даступны харчовы дадатак, які можа дапамагчы нам абараніцца ад вірусу. Але ці ўсё так адназначна?

Спрэчкі

У сакавіку, калі колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу ў Вялікай Брытаніі пачала расьці, дзьве лякарні на паўночным усходзе Ангельшчыны пачалі здымаць паказьнікі вітаміну D у пацыентаў і прапісваць ім надзвычай высокія дозы гэтага рэчыва.

Дасьледаваньні паказалі, што наяўнасьць дастатковага ўзроўню вітаміну D, які сынтэзуецца ў ніжніх слаях скуры за кошт паглынаньня сонечнага сьвятла, адыгрывае цэнтральную ролю ў імуннай і мэтабалічнай функцыі і зьніжае рызыку некаторых нешпітальных рэсьпіраторных хваробаў. Але высновы былі аспрэчаныя іншымі навукоўцамі, і ніякіх афіцыйных указаньняў не было выпушчана.

Неўзабаве клініцысты і эндакрынолягі ва ўсім сьвеце пачалі спрачацца пра тое, ці можа дастатковы ўзровень вітаміну D станоўча паўплываць на паказьнікі сьмяротнасьці ад каранавірусу. Некаторыя лічылі гэтае пажыўнае рэчыва эфэктыўным сродкам, які недаацэньваецца. Іншыя называлі прыём вітаміну D пустым марнаваньнем часу і грошай.

У сакавіку навуковыя кансультанты брытанскага ўраду вывучылі наяўныя доказы і вырашылі, што іх недастаткова для прыняцьця нейкіх захадаў у агульнадзяржаўным маштабе.

Але ў красавіку дзясяткі лекараў апублікавалі ліст у British Medical Journal, апісваючы карэкцыю ўзроўню дэфіцыту вітаміну D у арганізьме як «бясьпечны і просты крок», які «пераканаўча прапануе патэнцыйны, значны і эфэктыўны сродак для зьмякчэньня наступстваў COVID-19».

Прыём без афіцыйных рэкамэндацый

У некаторых шпіталях Вялікай Брытаніі вясной (напрыклад, ва ўстановах аховы здароўя Ньюкаслу) пацыентам з дэфіцытам вітаміну D давалі надзвычай высокія пэраральныя дозы гэтага рэчыва, якія часта да 750 разоў перавышалі сутачную дозу, рэкамэндаваную сыстэмай грамадзкай аховы здароўя.

У ліпені брытанскія лекары напісалі ў часопіс Clinical Endocrinology, каб падзяліцца сваімі першапачатковымі вынікамі. Зь першых 134 пацыентаў з каранавірусам, якія атрымлівалі вітамін D, 94 былі выпісаныя, 24 усё яшчэ атрымлівалі стацыянарную дапамогу, а 16 памерлі.

Клініцысты не зьвязалі тады ўзровень вітаміну D з агульным паказьнікам сьмяротнасьці, але памерлі толькі тры пацыенты з высокім узроўнем гэтага рэчыва, і ўсе яны былі кволымі людзьмі ва ўзросьце больш за 90 гадоў.

Тады шмат хто ў Брытаніі ўзяў прыклад зь лекараў Ньюкаслу і сам пачаў прымаць вітамін. У першыя месяцы пандэміі да 1000 супрацоўнікаў Нацыянальнай службы здароўя (NHS) атрымалі бясплатныя аздараўленчыя пакеты, у якія ўваходзілі вітамін C, вітамін D і цынк ад добраахвотнай ініцыятывы пад назвай Frontline Immune Support Team, пасьля неафіцыйнага запыту з боку лекараў. Тады ж продажы дабавак вітаміну D значна вырасьлі, бо некаторыя лекары неафіцыйна рэкамэндавалі яго пацыентам.

Праблема цёмнаскурых людзей

Летам у сваім лісьце Брытанская асацыяцыя лекараў індыйскага паходжаньня параіла сваім сябрам прымаць вітамін D, хоць гэта яшчэ не было афіцыйнай палітыкай.

«Мы лічым, што дэфіцыт вітаміну D3 зьяўляецца асноўным фактарам рызыкі цяжкай каранавіруснай інфэкцыі, доказы якой назапашваюцца, — гаварылася ў лісьце. — Людзі, народжаныя з больш цёмнай скурай, атрымліваюць менш ультрафіялету ў больш глыбокіх слах скяуры, дзе сынтэзуецца D3, і таму ў паўночных шыротах у канцы зімы схільныя да больш сур’ёзнага дэфіцыту D, чым людзі з больш сьветлай скурай».

Тым часам дасьледаваньні па ўсім сьвеце працягваліся, і доказы эфэктыўнасьці вітаміну D рабіліся ўсё больш шматлікімі.

Парад станоўчых вынікаў

Францускае экспэрымэнтальнае дасьледаваньне, праведзенае ў доме састарэлых з удзелам 66 чалавек, паказала, што рэгулярны прыём вітаміну D «зьвязаны зь менш цяжкім COVID-19 і лепшай выжывальнасьцю».

Дасьледаваньне з удзелам 200 чалавек у Паўднёвай Карэі паказала, што дэфіцыт вітаміну D можа «зьнізіць імунную абарону супраць COVID-19 і выклікаць прагрэсаваньне хваробы да цяжкай формы».

Папярэдняе дасьледаваньне фонду шпіталя каралевы Лізаветы і Ўнівэрсытэту Усходняй Ангельшчыны выявіла карэляцыю паміж эўрапейскімі краінамі зь нізкім узроўнем вітаміну D і шчыльнасьцю распаўсюджваньня каранавірусу. У цэлым краіны, разьмешчаныя бліжэй да экватара, менш пацярпелі ад COVID-19, чым краіны, разьмешчаныя далей ад яго, хоць Бразылія і Індыя зьяўляліся прыкметнымі выключэньнямі.

Іншае дасьледаваньне, праведзенае ў Сынгапурскім шпіталі агульнага профілю, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Nutrition, паказала, што лячэньне каранавірусных пацыентаў камбінацыяй вітаміну D, магнію і вітаміну B12 было зьвязана са «значным скарачэньнем» найгоршых вынікаў.

У шэрагу іншых дасьледаваньняў былі зробленыя аналягічныя высновы.

Кропка над «і»

Але ўсе кропкі на «і» былі пастаўленыя ў пачатку верасьня 2020 году, калі гішпанскае дасьледаваньне прынесла фактычна неабвержныя доказы таго, што нізкі ўзровень вітаміну D адыгрывае ключавую ролю ў павышэньні ўзроўню сьмяротнасьці ад COVID-19.

Там 50 пацыентаў атрымлівалі высокую дозу вітаміну D, а яшчэ 26 пацыентаў не атрымлівалі гэтае пажыўнае рэчыва. Палова пацыентаў, якім не давалі вітамін D, была зьмешчана ў рэанімацыю, а два зь іх пазьней памерлі. Толькі адзін пацыент зь ліку тых, што атрымлівалі вітамін D, запатрабаваў шпіталізацыі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі, але пазьней ўсе яны былі выпісаныя без далейшых ускладненьняў.

Вынік

The Guardian паведамляе, што Ўпраўленьне грамадзкага здароўя Ангельшчыны перагледзела свае рэкамэндацыі аб вітаміне D, баючыся, што людзі будуць менш знаходзіцца на сонцы падчас ізаляцыі. Калі раней прапаноўвалася прымаць толькі невялікія дозы зімой, то цяпер усім рэкамэндуецца прымаць сутачную дозу круглы год. Раней такая рэкамэндацыя існавала толькі для цемнаскурых людзей, якія знаходзяцца ў дамах састарэлых, і дзяцей ва ўзросьце ад аднаго да чатырох гадоў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG