Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мыйце маску штодня. Парады карыстальніку


Экспэрты, якіх апытала брытанская газэта The Guardian, патлумачылі, як правільна абыходзіцца з маскамі і сачыць за іх чысьцінёй.

Наколькі маскі для твару забруджваюцца і якімі мікробамі?

Калі вы зьбераце мікраарганізмы са скарыстанай маскі і вырасьціце мікраарганізмы ў кубку Пэтры, там знойдзецца мноства бактэрый, вірусаў і грыбкоў.

«Хутчэй за ўсё, яны бясшкодныя — тое самае вы атрымаеце, калі возьмеце ўзоры з рук, носа, рота і многіх іншых частак цела», — кажа прафэсар Кэт Ноўкс, экспэрт у галіне перадачы хвароб паветрана-кропельным шляхам. — Аднак у спалучэньні з трэньнем і вільготнасьцю пасьля доўгага нашэньня маскі, гэты мікробны зьвярынец можа выклікаць ўспышку «маскнэ».

Што такое маскнэ?

«Гэта абагульняючы тэрмін, створаны для абазначэньня разнастайных высыпаньняў на твары, зьвязаных з нашэньнем маскі, у тым ліку вугроў, — кажа Тыві Марутхапу, дэрматоляг-кансультант аднаго з брытанскіх шпіталяў. — Паколькі маскі могуць быць пераносчыкамі бактэрый, грыбкоў і вірусаў, я б рэкамэндавала мыць маску штодня, калі вы носіце яе кожны дзень».

Доктарка дадае, што мяккія тканіны накшталт бавоўны менш выклікаюць трэньня, чым сынтэтычныя, напрыклад, поліэстэр.

Якая рызыка заразіцца Covid-19 ад бруднай маскі?

Калі б у вас быў Covid-19, то ваш твар будзе моцна заражаны каранавірусамі і іншымі мікробамі. Ваша маска можа быць небясьпечнай для навакольных, калі яны яе даткнуцца, таму не дзяліцеся маскамі і не дакранайцеся да чужых, ня вымыўшы рук.

Іншая справа — выдыхі людзей. Дасьледаваньне 2019 году выявіла розныя рэсьпіратарныя вірусы на вонкавым боку масак, у тым ліку грып і адэнавірусы, што выклікаюць прастуду.

Пакуль няма дадзеных, якія пацьвярджаюць, што вонкавае забруджваньне павялічвае рызыку Covid-19.

«Тэарэтычна гэта магчыма, калі б вы краталі маскіу а пасьля дакраналіся да свайго носа або вока», — кажа прафэсар Ноўкс.

Як часта трэба праць шматразовую маску?

Ідэальна — пасьля кожнага выкарыстаньня.

«Маска забруджваецца пасьля штодзённага нашэньня. Мы выявілі вірус на ўнутранай і вонкавай паверхні масак, як хірургічных, так і тканевых», — кажа прафэсар Райна Макінтайр, інфэкцыяністка за Аўстраліі.

«Частае мыцьцё асабліва важнае, калі вы кантактуеце з уразьлівымі людзьмі», — сьцьвярджае прафэсар Уільям Рыстэнпарт з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. — Вядома, нельга праць маскі кожныя 20 хвілін, але кожныя пяць-шэсьць дзён — гэта занадта рэдка«.

Як маскі праць?

Лепш за ўсё праць іх у гарачай вадзе.

«Мыць трэба ў вадзе з тэмпэратурай ня менш за 60°C з мылам», — кажа прафэсарка Райна Макінтайр.

Раней яна правяла выпрабаваньне тканевых масак сярод віетнамскіх мэдыкаў і выявіла, што ў параўнаньні з хірургічнымі маскамі яны ня толькі не абараняюць пэрсанал, але і павышаюць рызыку захворваньня. Далейшы аналіз паказаў, што праблема палягала ня ў масках як такіх, а ў тым, што іх часта мылі ўручную.

Перад надзяваньнем маска павінна быць цалкам сухая.

Што рабіць, калі чалавек носіць маску толькі 10 хвілін, пасьля кладзе яе ў сумку, а на наступны дзень зноў яе выкарыстоўвае?

«Калі ўсё зроблена акуратна і бясьпечна, то гэта ў парадку», — кажа Макінтайр. — Спачатку вы павінны прадэзінфікаваць рукі, зьняць маску, дакранаючыся толькі да матузкоў ці гумак, і пакласьці яе ў сумку з зашпількай-маланкай, кантэйнэр або футарал. Маску можна зноў надзець пасьля дэзінфэкцыі рук і не дакранаючыся да твару«.

Чым часьцей вы будзеце дакранацца маскай, якую доўга ня пралі або не мянялі, да твару, тым вышэй рызыка.

Навошта патрэбен асобны футарал для маскі?

Бо сумкі і кішэні, у якіх часта бываюць ключы і нямытыя рукі, могуць быць брудныя. Таксама існуе невялікая рызыка таго, што ваша маска можа забрудзіць іншыя прадметы.

Таксама варта мяняць або дэзынфікаваць і сам футарал.

Ці можна дэзынфікаваць маску сьпіртам або іншай вадкасьцю замест праньня?

Пасьля намочваньня маскі дэзынфэкцыйным сродкам вы рызыкуеце надыхацца хімічных рэчываў.

«Акрамя таго, памятайце, што праньне патрэбнае ня толькі для зьнішчэньня каранавірусу, але і для зьнішчэньня ўсіх іншых мікробаў, поту і выдзяленьняў з носу, — кажа прафэсар Ноўкс. — Спрэй гэтага ня зробіць».

Як часта трэба мяняць маску зь фільтрам?

Праць або мяняць маску трэба паводле неабходнасьці.

«Я думаю, было б нядрэнна выказаць здагадку, што фільтар забруджваецца з той жа хуткасьцю, што і сама маска», — сказала The Guardian прафэсар Кэт Ноўкс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG