Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што каранавірус у памяшканьнях больш небясьпечны, чым лічылася дагэтуль


Амэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі хваробаў (CDC) паведамілі, што вірус, які выклікае COVID-19, можа распаўсюджвацца, лётаючы ў паветры гадзінамі, піша «Голас Амэрыкі» са спасылкай на агенцтва Reuters.

Гэта азначае, што нават людзі, якія вытрымліваюць сацыяльную дыстанцыю, могуць заражацца, калі знаходзяцца ў закрытым памяшканьні, якое дрэнна праветрываецца.

Такім чынам навукоўцы прызналі асьцярогі, якія выказваліся шматлікімі экспэртамі ў галіне аховы здароўя, што вірус можа распаўсюджвацца паветрана-кропельным шляхам.

У рэкамэндацыях CDC, апублікаваных 5 кастрычніка, гаворыцца: наяўныя сьведчаньні паказваюць на тое, што людзі з COVID-19, магчыма, заражалі іншых, хто знаходзіўся на адлегласьці больш за два мэтры ў закрытых памяшканьнях з дрэннай вэнтыляцыяй.

Аэразолі больш небясьпечныя за кроплі

CDC паведамілі, што, на думку навукоўцаў, у такіх умовах канцэнтрацыя інфэкцыйных дробных кропель і часьцінак (або аэразоляў), якія вылучаюцца хворымі на COVID-19, становіцца досыць высокай для распаўсюджваньня вірусу.

Доўгі час CDC сьцьвярджалі, што вірус распаўсюджваецца праз маленькія кропелькі, якія пралятаюць у паветры і звычайна падаюць на зямлю. Гэта было пакладзена ў аснову правілаў захаваньня сацыяльнай дыстанцыі ў два мэтры.

Аэразольныя часьцінкі значна меншыя паводле памеру і могуць надоўга затрымлівацца ў паветры, як дым.

Хоць у CDC падкрэсьліваюць, што перадача празь цесныя кантакты паміж людзьмі больш распаўсюджаная, група амэрыканскіх навукоўцаў у асобным адкрытым лісьце, апублікаваным у часопісе Science ў панядзелак, папярэдзіла, што аэразолі ў паветры могуць быць галоўнай крыніцай перадачы COVID-19.

«Рэальнасьць такая, што паветрана-кропельная перадача — гэта асноўны спосаб перадачы на блізкай адлегласьці пры працяглым кантакце», — заявілі навукоўцы на прэсавай канфэрэнцыі.

У аэразолі вірусы могуць знаходзіцца ў паветры ад некалькіх сэкундаў да некалькіх гадзін, могуць перамяшчацца на адлегласьць больш за два мэтры і назапашвацца ў дрэнна вэнтыляваных памяшканьнях. Гэта можа прыводзіць да выпадкаў заражэньня вялікай колькасьці людзей, паведамілі дасьледнікі.

Усе на сьвежае паветра

Некаторыя людзі з COVID-19 вылучаюць пры дыханьні і размове тысячы аэразольных часьцінак зь вірусам і значна менш кропель. Таму навукоўцы настойваюць, што асноўную ўвагу неабходна аддаваць абароне ад перадачы вірусу паветрана-кропельным шляхам.

Яны таксама адзначылі, што органы аховы здароўя павінны праводзіць выразнае адрозьненьне паміж кроплямі, што выдзяляюцца пры кашлі і чханьні, і аэразолямі, здольнымі пераносіць вірус на вялікія адлегласьці.

У лісьце экспэртаў гаворыцца, што органы аховы здароўя павінны падкрэсьліваць важнасьць пераносу мерапрыемстваў і працаў на вольнае паветра і паляпшэньня якасьці паветра ў памяшканьнях разам з нашэньнем масак і сацыяльным дыстанцыяваньнем.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG