Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сузаснавальніку Dana Holdings паставілі помнік у Менску. ВІДЭА


Адзін з уладальнікаў будаўнічай кампаніі Dana Holdings Багалюб Карыч апублікаваў на Facebook відэа, на якім паказаў помнік свайму брату — памерламу ў 2017 годзе сэрбскаму бізнэсоўцу Срэтэну Карычу.

Як адзначае Onliner.by, помнік стаіць у Менску — на закрытай вуліцы Стэфаніі Станюты, што ля Цнянскага вадасховішча (туды не пускалі нават праўнучку акторкі, у гонар якой назвалі вуліцу). Сам бізнэсовец не паведамляе, дзе стаіць помнік.

Кампанія Dana Holdings, падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам-братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, выступае замоўнікам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных асабіста кіраўніком дзяржавы. Кампанія ўваходзіць у бізнэс-імпэрыю Карычаў BK Group, памерлага Срэтэна Карыча называюць «адной з ключавых фігураў» кампаніі.

Аляксандар Лукашэнка казаў, Dana Holdings «стварае цуды, цудоўныя ўзоры ў будаўнічай галіне». У некаторых менчукоў праекты кампаніі выклікаюць абурэньне.

Сэрбскія бізнэсоўцы асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Драгамір Карыч — дэпутат сэрбскага парлямэнту, дзе ўзначальвае групу па супрацы зь Беларусьсю, назірае за беларускімі выбарамі (2016 і 2019), хваліць працэдуру правядзеньня.

Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям’і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гаагскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве. Багалюб, Драгамір, Срэтэн і Зоран Карычы былі сярод самых уплывовых бізнэсоўцаў у часы кіраваньня Мілошавіча. Яны мелі актывы ў будаўнічым, мэдыйным і мабільным бізнэсе, Багалюб нейкі час нават быў міністрам прыватызацыі. Пасьля падзеньня рэжыму Мілошавіча Карычы страцілі свае пазыцыі, але гэта не перашкодзіла ім распачаць праекты за мяжой, у тым ліку ў постсавецкіх краінах.

Менавіта на запрашэньне Карычаў у 2009 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў папулярны гарналыжны курорт Капаонік. Там Лукашэнка і Карычы пасябравалі семʼямі, а Багалюб нейкі час жыў на дзьве краіны — Беларусь і Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG