Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ аштрафавалі, бо партыя не заплаціла міліцыі за «Дзяды»

абноўлена

Шэсьце на Курапаты, 2019 год
Шэсьце на Курапаты, 2019 год

Судзьдзя Тацяна Мотыль у судзе Маскоўскага раёну Менску аштрафавала Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ на 1350 рублёў, бо тая не заплаціла міліцыі за ахову акцыі на Дзяды ў 2019 годзе, піша БелаПАН.

Партыя ладзіла шэсьце ў Курапаты і мітынг там 3 лістапада, а таксама акцыю ў Лошыцкім Яры 10 лістапада. Абедзьве акцыі былі санкцыянаваныя менскімі ўладамі. Падчас акцыяў затрыманьняў не было.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі прасіў правесьці слуханьне на беларускай мове — судзьдзя адмовіла яму, але дазволіла самому даваць тлумачэньні па-беларуску.

Беленькі на судзе даводзіў, што партыя не заключала дамову на ахову, бо ня мела патрэбы ў ахове — сама забясьпечвала парадак на акцыі. На яго думку, «дадзеная сытуацыя рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам і ў дзеяньнях партыі няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня». Штраф ён лічыць незаконным і зьбіраецца абскардзіць.

9 сьнежня мінулага году за тое самае штрафавалі на 765 рублёў асабіста Беленькага — на шэсьце ў Курапаты атрымалі таксама дазвол Менаблвыканкаму, але ня сталі аплочваць паслугі міліцыі.

Як тлумачыць праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч, у такім выпадку КХП БНФ можа пагражаць ліквідацыя. Так, згодна артыкулу 32 Закона «Аб палітычных партыях» палітычную партыю можна ліквідаваць па рашэньню Вярхоўнага Суда за аднаразовае парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

У мінулым годзе плаціць міліцыі адмовіліся арганізатары менскага мітынгу-канцэрту на Дзень Волі. Яны тлумачылі гэта тым, што паслугі выконваліся няякасна: невядомыя «людзі ў цывільным» выкралі з пляцоўкі, якая была пад аховай міліцыі, былога лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, міліцыянты ў форме адмовіліся рэагаваць на гэта.

Празь нязгоду з аплатай паслугаў міліцыі летась апазыцыя вырашыла не праводзіць традыцыйны «Чарнобыльскі шлях». На несанкцыянаваную акцыю выйшлі каля 30 чалавек. Пазьней з той жа прычыны незалежныя прафсаюзы адмовіліся ад «першамаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG