Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цуд-Жанчына, Кніга Рут і Джулія з «1984». Што такое фэмінізм па-беларуску


30 траўня —​ сусьветны дзень фэмінізму. Гэтая дата прымеркаваная да дня пакараньня сьмерцю Жанны д’Арк. Прапануем вашай увазе дыскусію пра фэмінізм па-беларуску, якая адбылася некалькі гадоў таму, але не страціла актуальнасьць.

Ці маюць беларускія фэміністкі самастойныя, а не запазычаныя ў заходніх фэміністак думкі? Якія яны, постсавецкія беларускія жанчыны, і хто можа прамаўляць ад іх імя? Які літаратурны вобраз найбольш адпавядае сучаснай беларусцы? У якія гульні гуляць — «фэмінісцкія», «патрыярхальныя» ці ніякія? У перадачы «Толькі жанчыны» пра гэта гаворым з блогеркай Настай Захарэвіч, актывісткай Партыі БНФ Кацярынай Шуст і магістаркай сацыяльна-педагагічных навук, паэткай Маргарытай Тарайкевіч і вядучай Ганнай Соўсь.

Сьцісла:

Шуст: Сучасны фэмінізм — вельмі разгалінаваны рух з шэрагам плыняў, якія часта нават адна адной адмаўляюць у існаваньні.

Захарэвіч: Калі ўзьнікае канфлікт паміж, напрыклад, нацыянальным і жаночым, паміж экалягічным і жаночым, я абіраю жаночае.

Тарайкевіч: Я лічу вельмі важным рэпрэзэнтацыю жанчын, жаночыя вобразы ў культуры, вывучэньне розных, больш тонкіх практык дыскрымінацый.

Захарэвіч: Я — фэміністка, гэта мая асноўная палітычная пазыцыя

Ганна Соўсь: Нагодай для дыскусіі стала палеміка на сайце Свабоды з нагоды блогу Насты Захарэвіч «Пэнэлёпа як сучасная беларуска», у якім аўтарка, аналізуючы кнігу Маргарэт Этвуд «Пэнэлапіяда», у якой гісторыя Пэнэлёпы і Адысэя расказваецца імя самой Пэнэлёпы, праводзіць паралелі з сучаснай Беларусьсю і лічыць, што Пэнэлёпа моцна нагадвае постсавецкіх жанчын, а таксама заклікае не гуляць у патрыярхальныя гульні. Насьце запярэчыла перакладчыца кнігі Вольга Калацкая, якая зусім інакш трактуе вобраз Пэнэлёпы, і якая абвінавачвае беларускіх фэміністак у заходніх штампах і адсутнасьці самастойных думак, а таксама заклікае не гуляць у чужыя гульні — ні ў «патрыярхальныя», ні ў «фэмінісцкія», ні ў якія іншыя. Вольга Калацкая з уважлівай прычыны не змагла паўдзельнічаць у нашай дыскусіі, але мы паспрабуем сёньня выйсьці на больш шырокі ракурс. Найперш, я папрашу ўсіх трох удзельніц каротка выказаць сваё стаўленьне да фэмінізму і сказаць, ці могуць яны сябе назваць у пэўнай ступені фэміністкамі, калі так, то чаму, і калі не, то чаму?

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч: Так, я — фэміністка, гэта мая асноўная палітычная пазыцыя. Канешне, як любы іншы чалавек я маю вельмі розныя ідэі, мяне вельмі розныя рэчы цікавяць у грамадзтве, але калі ўзьнікае канфлікт паміж, напрыклад, нацыянальным і жаночым, паміж экалягічным і жаночым, я абіраю жаночае. Для мяне гэта нумар адзін. Як па мне, фэмінізм кажа пра магчымасьці жанчыны, раскрывае межы нам. І фэміністкі змагаюцца за тое, каб ва ўсіх жанчын быў рэальны, сапраўдны выбар як жыць. І мне гэта падаецца надзвычай важным.

Кацярына Шуст: Я — лібэральная фэміністка

Ганна Соўсь: У адной з перадачаў «Толькі жанчыны» Наста Дашкевіч сказала, што яна фэміністка 19-га стагодзьдзя. Але цяпер яна сябе б так не назвала. Кацярына, ці вы назвалі б сябе фэміністкай і якое ваша стаўленьне да фэмінізму? ​

Кацярына Шуст
Кацярына Шуст

Кацярына Шуст: Справа ў тым, што сучасны фэмінізм — гэта вельмі разгалінаваны рух з шэрагам плыняў, якія часта нават адна адной адмаўляюць у існаваньні. І выкарыстоўваючы слова «фэміністка», вельмі важна разумець, які сэнс у яго ўкладаюць суразмоўцы. Я, безумоўна, лічу сябе фэміністкай, у тым сэнсе, што я падзяляю ідэі роўных правоў для мужчын і жанчын і адсутнасьці дыскрымінацыі. Але я не падзяляю сьлепа абсалютна ўсе пазыцыі, якія характэрныя для, напрыклад, радыкальных фэміністак. Таму звычайна я кажу, што я лібэральная фэміністка. І гэтыя плыні фэмінізму існуюць на зусім розных ідэалягічных плятформах.

Маргарыта Тарайкевіч: Я — фэміністка інтэрсэкцыянальнага напрамку

Ганна Соўсь: Маргарыта, калі ласка — ці вы фэміністка, калі так, то якая — лібэральная, радыкальная, іншая?

Маргарыта Тарайкевіч
Маргарыта Тарайкевіч

Маргарыта Тарайкевіч: Я лічу сябе фэміністкай, і я — фэміністка інтэрсэкцыянальнага напрамку, які разглядае розныя правы жанчынаў у кантэксьце таго, як у грамадзтве разьмеркаваная ўлада, разглядае розныя ідэнтычнасьці аднаго чалавека, якім чынам ён можа дыскрымінавацца ці мець прывілеі па розных прыкметах, напрыклад, полу, фізычнага здароўя, расы і паходжаньня і г.д. І калі казаць пра бяздумнае перайманьне фэмінісцкіх ідэй, я б сказала, што для таго, каб казаць, што можа пераймацца карэктна, а што не, трэба спачатку зразумець, у чым маюць рацыю заходнія фэмінісцкія ідэі. Прынамсі я лічу вельмі важным рэпрэзэнтацыю жанчын, жаночыя вобразы ў культуры ну і таксама вывучэньне розных больш тонкіх практык дыскрымінацый. А далей ужо можна глядзець на розьніцу культурных кантэкстаў, у чым адрозьніваюцца сытуацыя жанчын у нас і ў іншых краінах.

Ганна Соўсь: Такім чынам, усе тры ўдзельніцы называюць сябе фэміністкамі... Працытую яшчэ раз Вольгу Калацкую з сайту Свабоды. «Калі ў Беларусі зьявіліся фэміністкі, я сьпярша хацела пачуць іхныя ўласныя, самастойныя, а не запазычаныя думкі, добра знаёмыя ад фэміністак заходніх. Напрыклад, што ў нас ёсьць сем’і, дзе мужчына пад хвартухом у жонкі, што яскравае ўвасабленьне роўнасьці мужчыны і жанчыны за савецкім часам — жанчыны ў жудасных кухвайках, якія разам з мужчынамі робяць цяжкую фізычную працу (я не хачу такой роўнасьці!), што, каб адстаяць свае інтарэсы, значна больш плённа бачыць у мужчынах ня ворагаў, а партнэраў. Але чую чамусьці даўно пачутае ад іншых пра „патрыярхатнае грамадзтва“, „жаночы голас“, „аб’ектыфікацыю“, „права распараджацца сваім целам“, „роўны заробак“ і гэтак далей па сьпісе...». Наста, адкажыце, на гэты закід. Што такое з вашага гледзішча фэмінізм па-беларуску? Ці ён мае свае адметнасьці? Ці мусіць адрозьнівацца ад заходняга вызначэньня і практыкі?

«Фэміністкі будуць бясконца змагацца зь вялізнымі праблемамі, але ў шырокіх масах запомняцца толькі больш лёгкія выпадкі, якія чамусьці вельмі любяць высьмейваць»

Наста Захарэвіч: Увогуле абвінавачваньне мясцовых фэміністак у тым, што мы нібыта сьлепа пераносім заходні дыскурс на беларускую рэальнасьць — гэта такі даволі стандартны апанэнцкі ход. Ён мог бы быць справядлівым толькі ў тым выпадку, калі б сытуацыя з правамі жанчын у Беларусі была б нейкай адметнай і ўнікальнай. Але наша сытуацыя абсалютна не ўнікальная. Безумоўна яна адрозьніваецца, напрыклад, у лепшы бок, калі параўноўваць яе з тымі мясьцінамі, дзе жанчынам выразаюць клітар, дзе жанчынам забараняюць вадзіць машыну, бо гэта кепска паўплывае на дзетародную функцыю. Так, у нас усё лепей, у нас гэтыя практыкі не распаўсюджаныя, прынамсі шырока. Але ў нас ёсьць тыповыя заходнія праблемы — няроўны заробак, слабая ўключанасьць татаў у выхаваньні дзяцей, такім чынам усё, што тычыцца дзяцей, звальваецца на жанчын, у нас ёсьць праблема з алімэнтамі, і безьліч безьліч іншых праблем.

і я не зусім уяўляю, якімі цяжкасьцямі на працы можна напужаць санітарку, якая працуе ў рэанімацыі

І таму казаць, што гэта нейкае сьляпое перайманьне — не, проста ў нас праблемы адны і тыя ж, і таму мы кажам пра адно і тое ж вельмі часта. Вакол сьпісу забароненых прафэсій для жанчын безьліч маніпуляцый увесь час, але гэта маніпуляцыі такія сьмешныя, таму што, напрыклад, вы скажаце, што жанчыны не захочуць, нібыта ня змогуць працаваць на тых цяжкіх працах, якія ёсьць у сьпісе. Вось Вольга кажа, што ёй не патрэбна такая роўнасьць. Але ў нас 2017 год, і я не зусім уяўляю, якімі цяжкасьцямі на працы можна напужаць санітарку, якая працуе ў рэанімацыі. То бок жанчыны на сёньняшні дзень працуюць вельмі на цяжкіх, пры гэтым зь вельмі нізкай аплатай, працах, і гэта ня лічыцца праблемай. Праблемай лічыцца дапусьціць жанчыну да іншай — цяжкай, але значна больш высокааплатнай — працы, якія ёсьць у гэтым сьпісе. Такая атрымліваецца сытуацыя, што нам даводзіцца ў Беларусі працягваць змагацца з праблемамі, якія больш у заходнім, больш багатым сьвеце альбо цалкам вырашаныя, альбо прынамсі дзяржава спрыяе рэальна таму, каб яны вырашаліся.

А ў нас усё дужа-дужа заблытана. З аднаго боку ўвялі практыку так званых абаронных ордэраў. Так, калі ахвяра хатняга гвалту можа атрымаць ордэр, агрэсар ня зможа да яе наблізіцца. Але калі ён парушыць гэтую забарону, і жанчына заявіць у міліцыю, дык у беларускіх рэаліях яна пасьля гэтага будзе змагацца з органамі апекі ўвесь час, каб дзяцей не забралі. Фактычна дзяржава з аднаго боку нібыта падтрымлівае жанчын, ідзе наперад, зь іншага боку адсякае крылы. І беларускі фэмінізм аказваецца ў такой няспыннай барацьбе з нейкімі нелягічнымі вельмі часта захадамі, дзяржаўнымі ў тым ліку. Але ёсьць яшчэ адна праблема, што апанэнты запамінаюць толькі сытуацыі, як, напрыклад, рэкляма Mark Formelle. То бок фэміністкі будуць бясконца змагацца з жудаснымі, вялізнымі праблемамі, але ў шырокіх масах запомняцца толькі больш лёгкія выпадкі, якія чамусьці вельмі любяць высьмейваць.

«Ва ўсходнеэўрапейскай прасторы большыя патрабаваньні да жаночага цела і да стандартаў жаночай прыгажосьці»

Ганна Соўсь: Маргарыта, як вы мяркуеце, наколькі прыдатныя заходнія фэмінісцкія катэгорыі на постсавецкай прасторы?

Маргарыта Тарайкевіч: Яны вельмі прыдатныя. Але, канешне, я лічу, што кантэкст у нас іншы. Да прыкладу: калі браць гісторыю з рэклямай бялізны, то аб’ектывацый жанчын у нас больш. У нас, ва ўсходнеэўрапейскай прасторы большыя патрабаваньні да жаночага цела і да стандартаў жаночай прыгажосьці, у мужчын і ўвогуле ў грамадзтва вельмі стандартызаваны густ. Такім чынам ідуць размовы, што нібыта эўрапейскія жанчыны непрыгожыя, таму што яны менш адпавядаюць гэтым стандартам Барбі, і ў нашых жанчын больш распаўсюджаная зьява самааб’ектывацыі, калі жанчына сама на сябе зь люстэрка глядзіць не сваімі жаночымі вачыма, а вачыма ўяўнага мужчыны.

міт, што нібыта фэміністкі змагаюцца з уяўнымі, а не рэальнымі праблемамі

Але, канешне, яшчэ больш сур’ёзныя тыя праблемы, пра якія зараз распавядала Наста, праблемы эканамічныя і сацыяльнага бяспраўя ва многіх сытуацыях. Гэта абсалютна павінна абвяргаць міт, што нібыта фэміністкі змагаюцца з уяўнымі, а не рэальнымі праблемамі. Усе праблемы рэальныя — і аб’ектывацыя шкодзіць жанчынам, і яшчэ больш рэальныя моманты хатняга гвалту, і зьвязанае з гэтым. Гэта тое, што было новым і вельмі цікавым для мяне, што нават у гэтым выпадку могуць забраць дзяцей. Але калі зьвяртацца за заходніх фэмінісцкіх катэгорый, проста трэба спачатку мець у галаве нейкі каталёг гэтых самых катэгорый і проста зразумець, у чым тут справа. І потым ужо далей глядзець, чым адрозьніваецца культурны кантэкст, а ён, канешне, адрозьніваецца.

«Часам прадстаўніцы радыкальнага фэмінізму даюць нагоду лічыць і сябе, і ўвесь гэты рух неадэкватнымі»

Ганна Соўсь: Кацярына як лібэральная фэміністка, як вы лічыце, чаму слова «фэміністка» даволі часта ў самых розных дыскусіях у сацсетках атрымлівае ледзь не абразьлівае значэньне?

Кацярына Шуст: На маю думку, такое азначэньне ўласьцівае двум катэгорыям людзей: альбо гэта людзі, якія ў прынцыпе не падзяляюць ідэю роўнасьці мужчын і жанчын і для іх фэміністкі становяцца ідэалягічнымі ворагамі і адпаведна слова для іх нэгатыўнае. А другая катэгорыя — гэта людзі, якія ідэю такой роўнасьці падзяляюць, але бачаць і чуюць толькі пра некаторыя радыкальныя акцыі і толькі радыкальных прадстаўніц фэміністычнага руху, і на падставе гэтага лічаць, што ўвесь фэмінізм — ён не пра роўнасьць, а ўвогуле незразумела пра што. Я хацела б адзначыць, што часам гэтыя прадстаўніцы сапраўды даюць такую нагоду лічыць і сябе, і ўвесь гэты рух неадэкватнымі.

Ганна Соўсь: Што вы маеце на ўвазе?

Кацярына Шуст: Можна ўзгадаць тыя ж акцыі наконт рэклямы бялізны і тыя дыскусіі, якія ўзьнікалі вакол гэтай тэмы. Калі дзяўчыны выходзяць пікетаваць да прадпрыемства, якое займаецца вырабам бялізны, у той жа час дырэктарка гэтага прадпрыемства прыкладае свае намаганьні для разьвіцьця свайго бізнэсу. Яна ўвасабляе гэтыя ідэалы фэмінізму, самастойнай незалежнай жанчыны, якая займаецца ўласным бізнэсам — тыя ідэалы, за якія фэмінізм так доўга змагаўся. І ў нас такіх жанчын шмат. І прадпрымальніц, і жанчын, якія імкнуцца займацца палітыкай, грамадзянскай актыўнасьцю. Пры гэтым яны могуць не называць сябе фэміністкамі, але яны ўвасабляюць гэтыя ідэалы. І такім чынам гэтае вызначэньне фэмінізму часта застаецца за людзьмі настолькі радыкальнымі, што гэтай радыкальнасьцю яны адштурхоўваюць ад сябе новых прыхільнікаў і адбіваюць усялякае жаданьне разьбірацца з тым, што такое фэмінізм, пра што ён і да чаго імкнецца.

«Ведаю мужчын, якія называюць сябе фэміністамі, але ня ведаю нікога, каго б я магла назваць фэміністам»

Ганна Соўсь: Кацярына, у Партыі БНФ, сярод вашых знаёмых ці шмат мужчын, якія могуць назваць сябе фэміністамі?

Кацярына Шуст: Сярод маіх знаёмых мужчын усе мужчыны падзяляюць ідэі раўнапраўя мужчын і жанчын. Я не сутыкалася сярод маіх аднапартыйцаў з дыскрымінацыяй па прыкмеце полу. Магчыма, ня ўсім падабаецца называць сябе фэміністамі, але па сутнасьці гэтага слова, якое ўкладаю ў яго я, канешне, мае паплечнікі падзяляюць ідэі роўнасьці і паважаюць мяне як жанчыну, і паважаюць іншых жанчын. У нас у партыі ёсьць узаемапавага, таму што мы ўсе ўспрымаем адзін аднаго як людзей з аднымі каштоўнасьцямі беларускай нацыянальнай ідэі, максымальнага адраджэньня і незалежнасьці нашай краіны. І гэта самае галоўнае. І таму тут няма падзелу, што жанчыны горш за нас, а мы, мужчыны, лепш разумеем нацыянальную ідэю. Мы ўсе роўныя, і мы ўсе роўныя ў нашым імкненьні абараніць нашы каштоўнасьці.

Ганна Соўсь: Наста, а ў вашым асяродку, сярод вашых знаёмых, сяброў у Фэйсбуку ці ёсьць мужчыны, якія могуць назваць сябе фэміністамі?

Наста Захарэвіч: Я ведаю мужчын, якія называюць сябе фэміністамі. Але я ня ведаю нікога, каго б я магла назваць фэміністам. Гэта вельмі складанае пытаньне, таму што, па-першае, тэрміналёгія: вельмі шмат спрэчак зараз у фэмінізму аб тым, ці можна мужчын увогуле назваць фэміністамі, альбо толькі прафэміністамі, альбо гэта мужчыны, якія салідарныя з фэмінізмам. Калі ўважліва паглядзець, у якіх сытуацыях, прынамсі публічна, якія мужчыны, пры якіх абставінах называюць сябе фэміністамі, дык вымалёўваецца дужа цікавая карціна. Каб жанчыну перасталі называць фэміністкай, ёй трэба зрабіць адну маленечкую памылку дзесьці, і ўжо скажуць, што яна не сапраўдная фэміністка, усіх ненавідзіць, неадэкватная і г.д. Я сустракала выпадкі, калі мужчыны называюць сябе фэміністамі, таму што яны перасталі ўжываць слова «цёлачка». То бок абсалютна нармальныя чалавечыя паводзіны, якія ў маім сьветаўспрыманьні дадзеныя, як першапачатковая норма, выдаюцца часта за нейкае ледзьве не геройства.

мяне гэтыя маніпуляцыі дзесьці пужаюць, дзесьці абураюць, дзесьці сьмешаць

І калі дыскурс перацякае вось у гэты напрамак, пачынаюцца вялікія маніпуляцыі, і мяне гэтыя маніпуляцыі дзесьці пужаюць, дзесьці абураюць, дзесьці сьмешаць у залежнасьці, канешне, ад сытуацыі, але мне здаецца, што трэба быць даволі асьцярожнымі з прысвойваньнем мужчынамі гэтага дыскурсу. Таму што не заўжды яно бяскрыўднае. Вельмі часта можна сустрэць сытуацыі, калі спрабуюць вучыць, сыходзячы з нейкіх абсалютна нерэалістычных момантаў.

«Мужчыну-актывіста прэсуе толькі ўлада, а жанчыну-актывістку пачынае прэсаваць ня толькі ўлада, але і грамадзтва»

Ганна Соўсь: Маргарыта, з вашага досьведу жыцьця ў заходнім грамадзтве, у Бэльгіі ці шмат вашых знаёмых, ці шмат вы сустракаліся і ведалі мужчынаў, якіх можна назваць і якія называюць сябе фэміністамі?

Маргарыта Тарайкевіч: Я ведаю аднаго мужчыну прафэмініста, гэта мой добры сябар, і ягоныя паводзіны пацьвярджаюць гэтае найменьне. Што да бэльгійскага грамадзтва, то там значна больш мужчыны тэарэтычна разумеюць патрэбу ў роўных правах. На жаль, канешне, усе мы людзі грэшныя і недасканалыя, і на практыцы, нават пры правільных тэарэтычных поглядах вылазяць розныя. Але тэарэтычная абазнанасьць грамадзтва, у тым ліку мужчын, крыху большая чым у Беларусі.

Я б хацела хацела дадаць наконт удзелу жанчын у грамадзкім жыцьці, у палітычных партыях. Гэта вельмі цікавая тэма. У Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі я заўсёды адчувала сябе раўнапраўным таварышам. Я лічу, што якраз у справе жаночага раўнапраўя і БХД, і іншыя беларускія партыі, прыносяць безумоўную карысьць. Аднойчы грамадзкая актывістка Наста Азарка, якая ў змаганьні за Беларусь значна раней за мяне, сказала такую рэч: мужчыну-актывіста прэсуе толькі ўлада, а жанчыну-актывістку пачынае прэсаваць ня толькі ўлада, але і грамадзтва. Яна адзначыла праблему, што калі жанчына-актывістка аказваецца ў цяжкой сытуацыі, яна часам адчувае вялікі недахоп падтрымкі і салідарнасьці, у тым ліку таварышаў ці былых таварышаў.

Я хацела б сказаць і пра гісторыю з ніжняй бялізнай Mark Formelle. Усё ж я лічу, што гэта выявіла рэальную праблему. Гэта не змаганьне з паветранымі млынамі, а з рэальнай праблемай аб’ектывацыі жанчын, і вельмі распаўсюджанай у нас самааб’ектывацыяй. Канешне, тэма складаная, хоць пры тым, што ёсьць і больш жорсткія экстрэмальныя праблемы ў беларускіх жанчын, гэтая праблема таксама прысутнічае.

«Я вырасла ў Беларусі, і мяне выхоўвалі, што 8 сакавіка — гэта сьвята вясны і прыгажосьці»

Ганна Соўсь: Я працавала ў газэце «Народная воля» пры канцы 1990-х гадоў, была рэдактаркай тэматычнай старонкі, якая называлася «Мы, жанчыны», якую мы рабілі ў супрацы з адной зь вядомых беларускіх фэміністак, актывісткай жаночага руху Беларусі Людмілай Пецінай. Вольга Калацкая ў адказ на ваш тэкст пытаецца: «Хто такія гэтыя „мы“? Сучасныя постсавецкія жанчыны? Фэміністкі? Беларускія жанчыны? Жанчыны ўвогуле? Мне чамусьці думаецца, што далёка ня ўсе давалі Насьце Захарэвіч права прамаўляць ад свайго імя». Наста, каго маючы на ўвазе, калі гаворыце «мы»?

Наста Захарэвіч: Калі я пісала гэты тэкст, перада мной непазьбежна ўстала пытаньне, якую форму лепш ужываць, «мы» ці «яны». Відавочна, што я напісала тэкст пра нейкі зборны, абстрактны вобраз сучаснай беларускай жанчыны, якой і раўнапраўя хочацца, але яна ўсё яшчэ кіруецца формулай, што муж здабытчык, а яна — ягонае натхненьне. І Вольга Калацкая інтэрпрэтавала мой тэкст так, нібыта я ледзьве не ненавіджу Пэнэлёпу, але гэта зусім ня так на самай справе. Мяне гэтая пэрсанажка цікавіла менавіта сваёй неадназначнасьцю. Яна ня добрая, ня злая, яна вельмі складаная, як і мы. Там у я напісала «мы».

Па-першае, таму, што я, праўда, бачу, што беларускі вельмі неадназначныя. Па-другое, я не хацела станавіцца ў зьнешнюю пазыцыю і паказаць тым самым, што я нібыта вышэй за ўсё. Бо ёсьць такі папулярны захад — пісаць асабліва пра жанчын і пра жаночае нібыта звонку, што там нейкія жанчыны з гэтымі бруднымі справамі, такія недасканалыя, а я вось нібыта вышэй. Але нічога не вышэй, бо я ж не з Марса звалілася, я вырасла ў Беларусі, і мяне выхоўвалі ў ідэі, што 8 сакавіка — гэта сьвята вясны і прыгажосьці. Таму мне падалося вельмі справядліва пісаць «мы», уключаючы сябе ў супольнасьць, і апісаць нейкі абстрактны, але даволі характэрны вопыт для беларускіх жанчын.

Ганна Соўсь: Кацярына, вы ў 2016 годзе ўдзельнічалі ў парлямэнцкай выбарчай кампаніі, вы імкнуліся прадстаўляць інтарэсы сваіх выбарнікаў і выбарніц. Як вы мяркуеце, а ўвогуле хто можа і ці мае права хто-небудзь прамаўляць ад іх імя беларускіх жанчын?

я звычайна супраціўляюся меркаваньню мужчын пра тое, што ўсе жанчыны аднолькавыя, таму што яны жанчыны

Кацярына Шуст: Калі казаць пра палітычную дзейнасьць, то звычайна кандыдату выбаршчыкі і выбарніцы дэлегуюць паўнамоцтвы казаць ад іх імя тым, што яны ставяць за яго свой подпіс, альбо потым галасуюць. Калі казаць пра такую катэгорыю, як беларускія жанчыны, то гэта занадта вялікая і занадта разнастайная. Гэтак жа сама, як і беларускія мужчыны. І для мяне любая спроба абагульніць жанчын на падставе выключна іх полу, нейкай біялягічнай катэгорыі, гэта адмаўленьне ўсёй каштоўнасьці чалавечай індывідуальнасьці. І чамусьці сучасныя радыкальныя фэміністкі вельмі часта выкарыстоўваюць гэты маніпуляцыйны прыём. Хоць, на мой погляд, гэта і ёсьць тыя самыя гендэрныя стэрэатыпы, супраць якіх варта змагацца. І я звычайна супраціўляюся меркаваньню мужчын пра тое, што ўсе жанчыны аднолькавыя, таму што яны жанчыны. Гэтак жа сама для мяне непрымальнае такое ж меркаваньне ад жанчын — пра жанчын. Таму я лічу, што заўжды лепш прамаўляць ад свайго імя альбо ад імя той вузкай групы, у праблемах якой ты дакладна арыентуесься. Бо чым шырэй група, тым менш верагоднасьці для любога чалавека, што ён слушна зарыентуецца ва ўсіх інтарэсах гэтай групы, і слушна іх інтэрпрэтуе, і зможа слушна выказацца. Лепш казаць за сябе, за сваё бліжэйшае асяродзьдзе, якое дакладна ведаеш, альбо за тую групу, з праблемамі якой ты шчыльна працуеш.

Ганна Соўсь: Маргарыта, як праваслаўная хрысьціянка, актывістка беларускага дэмакратычнага руху, у якім выпадку вы бы сказалі: «Мы, жанчыны»?

я з пэўнасьцю магу казаць «мы», калі кажу пра тыповыя сытуацыі тых жа дыскрымінацый, якім падвяргаюцца пераважная большасьць, практычна ўсе жанчыны

Маргарыта Тарайкевіч: Усе жанчыны розныя, але я з пэўнасьцю магу казаць «мы», калі кажу пра тыповыя сытуацыі тых жа дыскрымінацый, якім падвяргаюцца пераважная большасьць, практычна ўсе жанчыны. Нельга казаць «мы», калі мы кажам пра ўласныя погляды, але можна, калі кажам пра працоўную дыскрымінацыю, пра працоўную дыскрымінацыю ў сувязі з рэпрадуктыўнай функцыяй, пра розьніцу ў заробках, пра камэнданцкую гадзіну (забарону хадзіць без суправаджэньня ў цёмны час сутак), пра рэпрадуктыўны прымус, ну і пра многія такія рэчы. Калі кажам пра сацыяльныя сытуацыі, у якіх апынаецца вялікая частка грамадзтва, і калі ты належыш да гэтай часткі, можна казаць «мы». А што людзі ўсе розныя, гэта безумоўна. Розьніца паміж індывідамі пераважае розьніцу паміж паходжаньнямі, культурай. Індывідуальная розьніца заўсёды большая за групавую.

Калі не Пэнэлёпа, то хто? Джулія з раману Оруэла «1984»

Ганна Соўсь: Калі не Пэнэлёпа, то які літаратурны і гістарычны вобраз вы бы ўжылі ў дачыненьні да сучаснай беларускай жанчыны?

Наста Захарэвіч: Гэтае пытаньне падаецца крышачку з падвохам, бо абсалютна любы пэрсанаж так ці інакш можна параўнаць з сучаснай беларускай жанчынай. Галоўнае — знайсьці правільны ракурс. Але калі зноўку зьвяртацца да тэмы неадназначнасьці, дык мне згадваецца Джулія, гераіня раману «1984» Джорджа Оруэла, бо яна працавала ў Міністэрстве праўды, грала ролю актыўнай прапагандысткі, хоць адначасова была супраць рэжыму і парушала ягоныя законы. Мне падаецца, ёсьць штосьці ў гэтым такое вельмі беларускае.

«У Беларусі даводзіцца быць як Цуд-Жанчына»

Кацярына Шуст: Як я ўжо сказала, беларускія жанчыны настолькі розныя, што цяжка прымяніць да іх усіх нейкі адзін літаратурны вобраз. Мне ўвогуле падаецца, што любы вобраз ніколі ня зможа перадаць усяго багацьця рэчаіснасьці. І калі ўжо казаць пра сябе, пра маё бліжэйшае асяродзьдзе, маіх сябровак, то хацелася б узгадаць пэрсанаж амэрыканскіх коміксаў, а зараз яшчэ кінэматографу Цуд-Жанчыну. Гэта прыгожы і моцны вобраз, натхнёны яшчэ грэцкімі легендамі пра амазонак, і гэта такая гераіня, якая спалучае ў сябе наогул чалавечыя якасьці — мужнасьць, высакароднасьць, фізычную і духоўную прыгажосьць. І ва ўмовах, калі ў наша краіне даводзіцца кожны дзень змагацца за свае каштоўнасьці, за нацыянальнае адраджэньне і незалежнасьць, даводзіцца быць вось такой. Хочацца быць прыгожай і даводзіцца быць таксама моцнай і адважнай. Не скажу за ўсіх беларускіх жанчын, але для мяне і майго найбліжэйшага асяродзьдзя, гэты вобраз характэрны і натхняльны.

Кніга Рут як прыклад найлепшага фэмінісцкага твору

Маргарыта Тарайкевіч: Постсавецкія жанчыны ўсе розныя, таму кожны пэрсанаж можа нагадаць нейкі з нашых тыпажоў. Але, калі дазволіце, я бы хацела назваць. У Бібліі ёсьць кніга, якая для мяне выдатны прыклад найлепшага фэмінісцкага твору. І яна будзе і для постсавецкай эпохі, і на ўсе часы і народы. Гэта Кніга Рут. Там з трох пратаганістаў дзьве жанчыны, там паказана ўзаемная падтрымка жанчын, паказана храбрасьць і маральныя якасьці жанчыны. Гэта важна ў мірнай, не ў ваеннай сытуацыі, не ў традыцыйна мужчынскім занятку, але ўвогуле тое, што ад вачэй чалавечай культуры збольшага было схавана. Гэта жыцьцё жанчын і тое, як яны ўплываюць на сусьветную гісторыю. Дарэчы там яшчэ паказаны нармалёвыя цёплыя адносіны паміж сьвякроўю і нявесткай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG