Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не аднаўляе сваё насельніцтва з 1978 году. Лукашэнка загадаў зьнізіць сьмяротнасьць


Сям’я Лукашэнкаў на суботніку: Мікалай, Аляксандар, Віктар і Дзьмітры Лукашэнкі
Сям’я Лукашэнкаў на суботніку: Мікалай, Аляксандар, Віктар і Дзьмітры Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка 19 лютага правёў нараду аб дэмаграфічнай сытуацыі ў Беларусі, піша БелТА. Ён адзначыў, што ў дэмаграфічнай бясьпецы Беларусь «сутыкаецца з тымі ж праблемамі, як і большасьць краінаў сьвету».

«Ніводная краіна ў сьвеце не падтрымлівае сем’і зь дзецьмі так, як мы»

Паводле Лукашэнкі, «ніводная краіна ў сьвеце не падтрымлівае сем’і зь дзецьмі так, як мы». Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсьць «да 11 розных выплатаў» сем’ям зь дзецьмі, і хоць «у Нямеччыне вельмі моцныя выплаты, нараджальнасьць амаль як у Беларусі», «і там, дзе ня вельмі падтрымліваюць сем’і, там такая ж нараджальнасьць», заўважыў ён.

У сувязі з гэтым Лукашэнка загадаў пераразьмеркаваць сродкі, якія выдаюцца на падтрымку сем’яў: «можа, нам недзе ўзмацніць падтрымку, а недзе нейкую дробязь, якая не працуе, наагул прыбраць». Разьбірацца з выплатамі ён прапанаваў «адштурхоўваючыся ад зямлі».

«Напрыклад, калі мы прымем прыстойнае рашэньне аб забесьпячэньні шматдзетных сем’яў жытлом, то, натуральна, гэта стымул, — разважаў Лукашэнка. — Жытло для сямʼі — гэта ўсё. А калі вы на санаторна-курортнае лекаваньне адпраўляеце і даеце чалавеку тры даляры — гэта вы проста распыляеце грашовыя сродкі».

Істотнымі захадамі, якія працуюць, Лукашэнка назваў аплочаны адпачынак для догляду дзяцей да трох гадоў, ільготнае крэдытаваньне шматдзетных сем’яў і праграму сямейнага капіталу. Але ён адзначыў, што чуе пра недапрацоўкі ў забесьпячэньні шматдзетных жытлом — і даручыў вырашыць гэтае пытаньне да 2021 году.

Даручэньня павялічыць насельніцтва пакуль ня выканалі

У 2017 годзе Лукашэнка загадаў павялічыць насельніцтва Беларусі да 15 млн чалавек. Але колькасьць насельніцтва толькі зьменшылася і за 2017, і за 2018 год.

Цяпер Лукашэнка абурыўся выкананьнем дзяржаўнай праграмы «Здароўе народу і дэмаграфічная бясьпека», разьлічанай на 2016–2020 гады:

«Як гэтая праграма рэалізоўваецца, я бачу, сур’ёзна паглыбіўшыся ў гэтую праблему, — заявіў Лукашэнка. — Мы пакуль вельмі многа гаворым пра здаровы лад жыцьця, шчоўкаем абцасамі, пачынаючы ад ураду, у прыватнасьці, віцэ-прэмʼера, які павінен гэтым займацца, кіраўніка Адміністрацыі і іншых падначаленых... Яшчэ раз папярэджваю: хоць адно невыкананьне майго даручэньня — адразу зьбірайцеся і сыходзьце».

Ён таксама запатрабаваў ад міністра аховы здароўя «прыняць комплексныя захады для зьніжэньня сьмяротнасьці», даручыў распрацаваць «дзейсныя меры» для павелічэньня нараджальнасьці, «надаць увагу фармаваньню ў грамадзтве пазытыўнага і паважлівага стаўленьня да мацярынства і сямейных каштоўнасьцяў».

На нарадзе разглядаліся розныя захады дзеля павелічэньня нараджальнасьці: ад больш актыўнага будаўніцтва жытла для шматдзетных да наданьня першай працэдуры ЭКА (экстракарпаральнага апладненьня — дапамогі бясплодным) бясплатна. Якія меры былі ўхваленыя, не паведамляецца.

Нават калі насельніцтва расло ў 1980-я, то ня дзякуючы беларусам

Паводле міністаркі працы Ірыны Касьцевіч, з 1978 году Беларусь не аднаўляе сваё насельніцтва — гэта значыць, на 100 жанчынаў прыходзіцца менш за 205 дзяцей.

У 1978 годзе насельніцтва Беларусі складала 9,46 млн чалавек і расло няспынна да 1994 году, калі дасягнула 10,24 млн. Але рост адбываўся коштам не беларусаў, а міграцыі людзей зь ішных краінаў.

Ад 1993 году ў Беларусі пачалася дэпапуляцыя, калі сьмяротнасьць перавысіла нараджальнасьць. Перастала дапамагаць і іміграцыя, з 1994 году Беларусь страціла 750 тысячаў чалавек у насельніцтве.

За 2018 год у Беларусі нарадзіліся 95 тысячаў дзяцей, і гэта на 8% меней за 2017 год. Пры тым у 2018 годзе памерлі больш як 200 тысячаў чалавек — на 600 болей за 2017-ы. Натуральная страта насельніцтва летась склала 25 тысячаў чалавек, што на 9 тысячаў больш за папярэдні год.

«Прынятыя на дзяржаўным узроўні захады дазволілі дамагчыся з 2010 году адноснай стабілізацыі дэмаграфічнай сытуацыі, — заявіла Касьцевіч. — Аднак тэндэнцыя не набыла ўстойлівага характару, пра што сьведчаць вынікі апошніх двух гадоў. Нараджальнасьць зьніжаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG