Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ліквідаваў свой Інфармацыйна-аналітычны цэнтар


Адміністрацыя прэзыдэнта ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Адміністрацыя прэзыдэнта ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Як выявілася, указ аб стварэньні Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (БІСД) ліквідуе Інфармацыйна-аналітычны цэнтар. Новая структура фактычна замяніла ІАЦ.

Указ Аляксандра Лукашэнкі аб стварэньні БІСД (PDF) быў апублікаваны 18 лютага. Раней стварэньне БІСД анансавалася, але пра ліквідацыю ІАЦ не паведамлялася.

БІСД мае задачы, падобныя да тых, што ў 2006 годзе ставіліся перад ІАЦ: аналіз стану міжнародных адносінаў і геапалітычных зьменаў, аналіз унутрыпалітычных працэсаў і падрыхтоўка рэкамэндацыяў па ўнутранай палітыцы, маніторынг СМІ і правядзеньне сацыялягічных дасьледаваньняў і гэтак далей.

Маёмасьць і памяшканьні ІАЦ пераходзяць да БІСД. Памеры штату інстытуту не раскрываюцца. Два пункты ўказу аб БІСД засакрэчаныя: «для службовага карыстаньня».

Назва дзяржаўнага інстытуту вельмі падобная да незалежнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, больш вядомага па англамоўнай абрэвіятуры BISS. Але дзяржаўны БІСД мае іншую назву па-ангельску: Belarusian Institute of Strategic Researches, або BISR.

«Дзяржаўны антыфэйкавы інстытут»?

Дырэктар БІСД Алег Макараў 17 лютага выступіў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1». Сярод іншага ён расказаў, што інстытут будзе «процістаяць фэйкавым навінам»:

«Не існуе міністэрства праўды, няма ісьціны ў апошняй інстанцыі, — казаў Макараў. — Мне здаецца, супрацьстаяць гэтым пагрозам трэба ўзважаным і адказным напаўненьнем інфармацыйнай прасторы, тым разуменьнем падзеяў, якое ёсьць у людзей, якія прафэсійна займаюцца тэмай і заслугоўваюць даверу. І тым самым павышаць дасьведчанасьць насельніцтва аб тым, што адбываецца, не патрабуючы ад іх падпарадкаваньня аднаму меркаваньню».

Пры тым нярэдка на фэйках ловяць беларускае дзяржаўнае ТВ, але прадстаўнікі дзяржаўнага ТВ на словах выступаюць супраць фэйкаў.

Некаторыя дасьледаваньні ІАЦ выклікалі сумневы: іх вынікі адрозьніваліся ад вынікаў ранейшых апытаньняў на блізкія тэмы ад незалежных сацыёлягаў.

У 2017 годзе ІАЦ сьцьвярджаў, нібы палова беларусаў выступае за блякаваньне апазыцыйных сайтаў, а 80% давяраюць дзяржаўнаму ТВ. Як тады, так і ў 2019 годзе ІАЦ сьцьвярджаў, што амаль тры чвэрці беларусаў давяраюць праваахоўным органам.

Празь перашкоды з боку дзяржавы незалежныя сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі амаль не праводзяцца (апошні незалежны сацыялягічны цэнтар НІСЭПД згарнуў дзейнасьць у 2016 годзе). У адрозьненьне ад незалежных, дзяржаўныя сацыёлягі не публікуюць зьвестак пра рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG