Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалося банкруцтва яшчэ аднаго райпо на Віцебшчыне


Ілюстрацыйнае фота. Зачыненая вясковая крама
Ілюстрацыйнае фота. Зачыненая вясковая крама

30 жніўня эканамічны суд Віцебскай вобласьці пачаў конкурсную вытворчасьць па справе аб банкруцтве Полацкага раённага спажывецкага таварыства. Працэдура банкруцтва была ініцыяваная самім даўжніком, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».

Полацкае райпо стала ўжо чацьвёртым раённым спажывецкім таварыствам Віцебскай вобласьці, у дачыненьні да якога распачатая працэдура банкруцтва. Таксама банкрутуюць Шумілінскае, Браслаўскае і Глыбоцкае райпо. На чарзе — Аршанскае.

Што такое «райпо»?

Белкаапсаюз (Белспажыўсаюз), які аб’ядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — самая буйная гандлёвая сетка Беларусі, яна складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпо»). Летась Белкаапсаюзу споўнілася 100 гадоў. Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам. Апроч крамаў, яна мае сетку кавярняў.

Структуры Белкаапсаюзу таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем каштоўных пародаў пушных зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.

Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці. 704 «аўталаўкі» дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.

Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Да яго гэтую пасаду займаў Сяргей Сідзько, якога ў 2015 годзе Вярхоўны суд пакараў за хабар і злоўжываньне ўладай 12 гадамі турмы. У жніўня 2018 году першы намесьнік старшыні Белкаапсаюзу Дзьмітрый Баранаў таксама быў асуджаны на 7 гадоў калёніі за атрыманьне хабару.

У выніку банкруцтва райпо на Віцебшчыне зачыненыя сотні вясковых крамаў, будынкі распрадаюцца, шмат у якіх вёсках крамаў ня будзе, людзям давядзецца чакаць «аўталавак». Такая сытуацыя складаецца і ў іншых раёнах Беларусі.

Замест стацыянарных гандлёвых пунктаў у малыя вёскі тры разы на тыдзень прыяжджаюць аўтакрамы спажывецкага таварыства. Аднак вяскоўцы кажуць, што гэта вельмі нязручна. У некаторых вёсках людзі пратэстуюць супраць закрыцьця крамаў.

Напрыканцы 2017 году старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў заяўляў, што працу спажывецкай каапэрацыі трэба цалкам перабудаваць, бо кожнае 3-е райпо Віцебшчыны стратнае. Цягам году ён загадаў «зьмяніць схему кіраваньня структурай, вызваліцца ад няпрофільных актываў, забясьпечыць эфэктыўнае гандлёвае абслугоўваньне насельніцтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG