Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заняпад сыстэмы «райпо»: на Віцебшчыне пазачынялі 165 вясковых крамаў і сталовак


Зачыненая крама Шумілінскага спажывецкага таварыства
Зачыненая крама Шумілінскага спажывецкага таварыства

Збанкрутаванае Шумілінскае раённае спажывецкае таварыства, што ў Віцебскай вобласьці, далучылі да суседняга райпо, нібыта адстаючы калгас. Будынкі распрадаюцца, шмат у якіх вёсках крамаў ня будзе, людзям давядзецца чакаць «аўталавак». Такая сытуацыя складаецца і ў іншых раёнах Беларусі.

Жыхары райцэнтру Шуміліна Віцебскай вобласьці чакаюць новых шыльдаў на зачыненых ад сёньня крамах раённага спажывецкага таварыства: пасьля прызнаньня банкрутам Віцебскі абласпаўжыўсаюз далучыў яго да Бешанковіцкага «райпо».

Усяго ў Шумілінскім раёне дзейнічала 63 крамы раённага спажывецкага таварыства. Каля дзясятка зь іх выкупілі прадпрымальнікі падчас распродажу маёмасьці, абвешчанага яшчэ ўзімку. Астатнія перайшлі пад кіраўніцтва «райпо» суседняга райцэнтру, да якога ад Шуміліна — 34 км.

Што такое «райпо»?

Белкаапсаюз (Белспажыўсаюз), які аб’ядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — самая буйная гандлёвая сетка Беларусі, яна складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпо»). Летась Белкаапсаюзу споўнілася 100 гадоў. Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам. Апроч крамаў, яна мае сетку кавярняў.

Ілюстрацыйнае фота з афіцыйнай старонкі Белкаапсаюзу «Ўкантакце»
Ілюстрацыйнае фота з афіцыйнай старонкі Белкаапсаюзу «Ўкантакце»

Структуры Белкаапсаюзу таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем каштоўных пародаў пушных зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.

Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці. 704 «аўталаўкі» дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.

Адна з крамаў Белкаапсаюзу. Фота з афіцыйнай старонкі Белкаапсаюзу «Ўкантакце»
Адна з крамаў Белкаапсаюзу. Фота з афіцыйнай старонкі Белкаапсаюзу «Ўкантакце»

Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Да яго гэтую пасаду займаў Сяргей Сідзько, якога ў 2015 годзе Вярхоўны суд пакараў за хабар і злоўжываньне ўладай 12 гадамі турмы. У красавіку гэтага году ў Менску быў затрыманы першы намесьнік старшыні Белкаапсаюзу Дзьмітры Баранаў «у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб карупцыі».

У райпо і да банкруцтва было кепска

Шумілінцы, зь якімі ўдалося пагутарыць карэспандэнту Свабоды, спадзяюцца на зьмены асартымэнту і гандлёвай палітыкі, бо ў крамах збанкрутаванага райпо тавараў было мала і па дарагіх цэнах.

«У „Эўраопце“ ці прыватнай краме цягам дня зьніжаюць кошты — на садавіну, прыкладам, ці гародніну, на мясныя вырабы, калі яны губляюць сьвежасьць. А ў „райпоўскіх“ крамах такога не было спрадвеку, вось да іх ніхто і не хадзіў, таму й зачыніліся!» — кажа жыхарка Бешанковічаў.

Адміністрацыйны будынак Шумілінскага «райпо»
Адміністрацыйны будынак Шумілінскага «райпо»

Іншая жыхарка Шуміліна лічыць, што ў банкруцтве вінаватае толькі кіраўніцтва спажывецкага таварыства:

«Вунь іхная кантора, дзьверы адчыненыя. Там яны сядзяць. А за кратамі сядзець ніхто ня будзе, я думаю. Вінаватае кіраўніцтва. А гандляркі ў нас добрыя! Працу ім зноўку абяцаюць, у аб’яднаным зь Бешанковіцкім «райпо».

Каб сплаціць даўгі, прадаюць будынкі

Але ня ўсе крамы захаваюцца, бо трэба вяртаць даўгі збанкрутаванага «райпо».

Цяпер крамы, якія належалі Шумілінскаму спажывецкаму таварыству, стаяць пазачыняныя. У некаторых рамонт: гэтым займаюцца ўжо новыя гаспадары зь Бешанковічаў або прыватнікі, якія выкупілі гандлёвыя пункты. Маёмасьць «райпо» распрадаецца перадусім таму, што трэба сплаціць 147 крэдыторам каля 3,97 млн рублёў.

Замест закрытага «Ўнівэрсаму» неўзабаве зьявіцца «Эўраопт»
Замест закрытага «Ўнівэрсаму» неўзабаве зьявіцца «Эўраопт»

Шумілінцы ўжо ведаюць, што самую вялікую краму — мясцовы «Ўнівэрсам» — выкупляе «Эўраопт», які дагэтуль займаў невялікае памяшканьне.

Белспажыўсаюз як перажытак савецкага мінулага. Калі яму на зьмену прыйдзе прыватнік?

У вёсках застануцца бяз крамаў

Калі жыхары Шуміліна маюць выбар, у якую краму пайсьці па харчы або тавары штодзённага попыту, то для вяскоўцаў закрыцьцё аб’ектаў «райпо» прынесла вострыя праблемы.

Архіўнае фота. Вясковая аўталаўка
Архіўнае фота. Вясковая аўталаўка

«Іншых крамаў у некаторых вёсках проста няма, і цяпер адзіная надзея — „аўталаўка“. Або трэба ехаць некуды ў буйнейшую вёску, дзе ёсьць прыватная крама», — кажа жыхар вёскі Амбросавічы. У Дабейскім сельсавеце, ды якога належыць гэтая вёска, зачыніліся адразу 4 крамы спажывецкага таварыства.

Нельга сказаць, што Бешанковіцкае «райпо», да якога далучылі Шумілінскае, вызначаецца асаблівай пасьпяховасьцю. Частка маёмасьці гэтага спажывецкага таварыства таксама выстаўлена на продаж ці прапануецца ў арэнду. У тым ліку дзьве крамы ў райцэнтры і 5 — у маленькіх вёсках, ужо пазачыняныя.

Крамы зачыняюць паўсюль

Ілюстрацыйнае фота. Вясковая крама
Ілюстрацыйнае фота. Вясковая крама

У стадыі ліквідацыі цяпер і райпо Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Пасьля банкруцтва там таксама прымянілі практыку «ўзбуйненьня»: частку аб’ектаў перадалі Мёрскаму і Пастаўскаму «райпо», частку маёмасьці хочуць прадаць. У тым ліку гандлёвыя памяшканьні, абсталяваньне і транспартныя сродкі.

Глыбоцкае райпо фармальна яшчэ існуе, але ўжо прапануе на продаж ці ў арэнду 38 аб’ектаў, зь іх 34 — малыя вясковыя крамы, якія ўжо не працуюць.

Вясковыя крамы, якія стаяць пад замком, можна сустрэць практычна ў любым раёне Віцебшчыны: у Гарадоцкім раёне іх 9, у Докшыцкім — 11, у Лепельскім — 7. Усяго ў Віцебскай вобласьці выстаўлена на продаж і ў арэнду 165 закрытых крамаў і сталовак спажывецкай каапэрацыі.

Напрыканцы 2017 году старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў заяўляў, што працу спажывецкай каапэрацыі трэба цалкам перабудаваць, бо кожнае 3-е райпо Віцебшчыны стратнае. Цягам году ён загадаў «зьмяніць схему кіраваньня структурай, вызваліцца ад няпрофільных актываў, забясьпечыць эфэктыўнае гандлёвае абслугоўваньне насельніцтва».

Ілюстрацыйнае фота. Аўтобусная станцыя і крама «Эўраопт» у аграгарадку Доўск
Ілюстрацыйнае фота. Аўтобусная станцыя і крама «Эўраопт» у аграгарадку Доўск

Аднак сёньня нашмат лепш гэта ўдаецца таму ж «Эўраопту». Толькі ў адным Аршанскім раёне гандлёвая сетка ўзяла ў арэнду больш за 30 аб’ектаў спажывецкага таварыства і гатовая забясьпечваць гандаль у населеных пунктах, дзе колькасьць насельніцтва большая за 200 чалавек. У вёскі зь меншай колькасьцю жыхароў «Эўраопт» гатовы дасылаць свае «аўталаўкі».

Абяцаюць, што «аўталаўкі» даедуць да ўсіх

У сьнежні мінулага году намесьніца старшыні «Брэстаблспажыўсаюзу» Ларыса Казлова казала Свабодзе, што кампаніі па закрыцьці вясковых крамаў не праводзіцца.

«Наадварот, мы прыкладаем усе намаганьні, каб захаваць крамы ў вёсках. Але рэчаіснасьць уносіць карэктывы. Калі ўзьнікае вострая сытуацыя, то толькі тады гандлёвыя пункты зьнікаюць, — кажа чыноўніца. — Калі закрываецца стацыянарная крама, мы пераводзім абслугоўваньне людзей на „аўталаўкі“. Мы не пакідаем населеных пунктаў, працягваем гандляваць, абслугоўваць».

«Трэба Лукашэнку сказаць, каб загнаў нас у хлеў ды запаліў»: вяскоўцы абураныя закрыцьцём крамаў

На пытаньне Свабоды пра колькасьць крамаў, закрытых у Беларусі за апошнія два гады, у Белкаапсаюзе не адказалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG