Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белспажыўсаюз як перажытак савецкага мінулага. Калі яму на зьмену прыйдзе прыватнік?


Крама ў вёсцы Міхеевічы

Крама ў вёсцы Міхеевічы

У вёсках Крычаўскага раёну зачыняюцца крамы Белспажыўкаапэрацыі. Тавар вяскоўцам прывозяць аўталаўкамі з суседняга Мсьціслаўскага раёну. Крычаўскай раённай спажыўкаапэрацыі фармальна не існуе некалькі год. Пасьля няўдалых спробаў рэарганізацыі мясцовае «райпо» распалася. Яе гандлёвая сетка перажывае ня лепшыя часы. Як кажуць незалежныя экспэрты, уладзе неабходна падумаць, чым завабіць на вёску прадпрымальнікаў, якія возьмуцца там арганізоўваць гандаль.

Зачынілася крама і ў вёсцы Міхеевічы. На дзьвярах абвесткай вяскоўцаў інфармуюць, што абслугоўваць іх тры разы на тыдзень будзе аўталаўка. Пра прычыны закрыцьця згадкі няма. Вяскоўцы не ўяўляюць, якім стане іхняе жыцьцё бяз крамы.

«Што яны нам гэтую будку прысылаюць?! — абураецца адна зь вясковак ля зачыненай крамы. — Гэта цяпер, як цёпла, мы яе чакаем, а як у зімку мароз, дык што рабіць? Стаяць, калаціцца, каб хлеба ўзяць ды малака. У нашай жа вёсцы ня дзесяць двароў, а больш за сотню».

Машына праедзе па пылу, дык я ня бачу за вітрынай, што ляжыць. Дык хіба гэта абслугоўваньне? Ды й тавар прадаюць нам з нацэнкай. А як не ўпільнуеш аўталаўкі, дык трэба чакаць два дні, або ехаць у райцэнтар па патрэбны тавар.

Паводле жанчыны, аўталаўка загружаецца прадуктамі раз на тыдзень у Мсьціславе і аб’яжджае 13 крычаўскіх паселішчаў. Кабета наракае на абслугоўваньне, цану ды якасьць тавару.

«Уявіце сабе! — ня стрымлівае эмоцыяў жанчына. — Там жа ўсё разам вязуць: і мыла, і парашкі, і тытунь, і малако, і хлеб. Машына праедзе па пылу, дык я ня бачу за вітрынай, што ляжыць. Дык хіба гэта абслугоўваньне? Ды й тавар прадаюць нам з нацэнкай. А як не ўпільнуеш аўталаўкі, дык трэба чакаць два дні, або ехаць у райцэнтар па патрэбны тавар».

Такой пазыцыі трымаецца бальшыня вяскоўцаў, зь якімі ўдалося пагутарыць.

У вясковыя крамы спажыўкаапэрацыі не знайсьці прадаўцоў

Тым часам, як удалося высьветліць, краму ў Міхеевічах зачынілі часова. Рэвізія, нібыта, выявіла ў прадавачкі вялікую недастачу. Знайсьці новага прадаўца ў краму цяпер ня проста.

Крама на замку. Няма прадавачкі

Крама на замку. Няма прадавачкі

«Зачынілі яе не таму, што захацелі, а таму, што няма каму рабіць, бо людзі баяцца», — зазначыла адна зь вясковак, якая раней працавала ў вясковым гандлі.

«Чамусьці ў кожнага прадаўца вялікія недастачы. Я нават не ўяўляю, адкуль яны могуць брацца. Крама невялікая, тавару няшмат, а недастача шматмільённая. Як знаходзяцца якія ахвотныя ў краму, дык потым высьвятляецца, што гэта нейкія афэрысты. У Крычаве, вы ж, можа, ведаеце, былі вялікія непрыемнасьці ў раённай спажыўкаапэрацыі».

Паводле суразмоўніцы, крама ў Міхеевічах не адзіная, дзе выявілі недастачу і ў якой ня хочуць рабіць людзі. Падобная ж сытуацыя і ў краме вёскі Камароўка. У тамтэйшай прадавачкі выявілі недастачу ў 25 мільёнаў рублёў.

«Таксама незразумела, адкуль яна ўзялася. Крама маленькая, асартымэнт таксама. Хто цяпер туды ў далеч паедзе? А заробак жа мізэрны», — тлумачыла сытуацыю з гандлем на вёсцы былая вясковая прадавачка.

Аўталаўка замест крамы

Аўталаўка замест крамы

«Непрыемнасьці» у раённай спажыўкаапэрацыі, пра якія згадала суразмоўніца, тычацца крадзяжоў супрацоўніцамі. Як высьветліла сьледзтва, зь верасьня 2011 па люты 2013 году бугальтарка арганізацыі ў змове з загадчыцай гандлёвай сеткі зь пяці крамаў накралі на 540 мільёнаў рублёў. Пакуль вялося сьледзтва, яны кампэнсавалі 200 мільёнаў. Летась абедзьвюх асудзілі.

Некаторыя жыхары Крычава, якія сачылі за судовым працэсам, заяўляюць, што з супрацоўніц раённай спажыўкаапэрацыі зрабілі «стрэлачніц». Паводле назіральнікаў, справу імкнуліся найхутчэй закрыць, каб не ўсплылі яшчэ большыя парушэньні ў гэтай арганізацыі.

Мы не ў захапленьні ад рашэньня развозіць тавар па крычаўскіх вёсках

Прычыны закрыцьця сельскіх крамаў у Крычаўскім райвыканкаме высьветліць не ўдалося. Крычаўская спажыўкаапэрацыя фармальна не існуе некалькі год. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў рэарганізацыі «райпо», яно распалася.

Па мясцовых вёсках развозяць тавар аўталаўкі Мсьціслаўскай спажыўкаапэрацыі. Там не хаваюць, што езьдзіць у суседні раён ім ня надта выгадна. Даводзіцца, кажуць там, наяжджаць да 300 кілямэтраў.

«Мы самі не ў захапленьні. У нас сваіх крамаў на сяле больш за семдзесят, а тут яшчэ Крычаў. Але, калі прынятае такое рашэньне, то нам нічога не застаецца, як яго выконваць», — зазначыў супрацоўнік мсьціслаўскай спажыўкаапэрацыі.

Суразмоўца прызнаў, што ёсьць і нараканьні спажыўцоў на якасьць тавару, аднак, як ён запэўніў, арганізацыя імкнецца выпраўляць гэтыя недахопы.

Абвестка пра час працы крамы пакідае вяскоўцам надзею, што гандаль адновіцца

Абвестка пра час працы крамы пакідае вяскоўцам надзею, што гандаль адновіцца

У Магілёўскім аблспажыўсаюзе заявілі, што сытуацыя зь вясковым гандлем у Крычаўскім раёне «пад кантролем». На пытаньне, хіба выгадна вазіць тавар з аднаго раёну ў другі, супрацоўніца абласнога спажыўсаюзу адказала:

«Выгадна ці ня выгадна, але ўзбуйненьне і цэнтралізацыя непазьбежныя. Якасьць абслугоўваньня пры гэтым не пагаршаецца, а паляпшаецца. Мсьціслаўская спажыўкаапэрацыя фінансава ўстойлівая. Вы маеце рацыю, калі кажаце, што радыюс дастаўкі тавару павялічваецца, але ёсьць такія раёны ў іншых абласьцях, дзе радыюс дастаўкі яшчэ большы. Таму ў нас усё нармальна».

Структуры Белспажыўкаапэрацыі — прыдатная глеба для карупцыі

Эканаміст Пётар Мігурскі зазначае, што грамадзтва «мала што разумее пра схемы дзейнасьці структураў спажыўкаапэрацыі». «Яна знаходзіцца па-за грамадзкай увагай», — заўважае ён.

Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

«Вы ж паглядзіце колькі карупцыйных скандалаў, зьвязаных з супрацоўнікамі гэтай арганізацыі. У асноўным крадзяжы, а яны — нішто іншае, як злоўжываньне службовым становішчам. У сетцы спажыўкаапэрацыі інтэнсіўныя таварныя патокі і рэальныя грошы, таму няма нічога дзіўнага, што гэта арганізацыя мае столькі скандалаў, зьвязаных з карупцыйнымі злачынствамі».

У 2015 годзе ў стужках крымінальных навінаў згадваліся імёны былых кіраўнікоў Белспажыўсаюзу Сяргея Сідзька і Дзьмітрыя Калодзізнага. Сідзька вінавацілі ў злоўжываньні ўладай, а таксама у хабарніцтве. Вярхоўны суд Беларусі даў былому кіраўніку Белспажыўсаюзу 12 гадоў. Былога кіраўніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Калодзізнага прысудзілі да 4,5 гадоў пазбаўленьня волі.

Лукашэнка: Калі Белкаапсаюз не дакажа сваёй дзеяздольнасьці — рыхтуйцеся да сур’ёзнай рэформы

Сваю незадаволенасьць дзейнасьцю Белспажыўсаюзу выказваў у сёлетнім пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў: «Калі Белкаапсаюз не дакажа сваёй дзеяздольнасьці, рыхтуйцеся да сур’ёзнай рэформы». Якой будзе гэтая рэформа, кіраўнік дзяржавы не канкрэтызаваў, аднак выказаўся пра неабходнасьць «самарэгуляваньня ў гандлі, паляпшэньня прыцягальнасьці гэтага віду дзейнасьці ў маланаселеных і аддаленых паселішчах».

Крамы няма і ў назьве паселішча памылка. Усё ня так

Крамы няма і ў назьве паселішча памылка. Усё ня так

«Менавіта тут маюць больш актыўна працаваць ня толькі арганізацыі Белкаапсаюзу, але і прыватны бізнэс — як буйныя сеткі, гэтак і індывідуальныя прадпрымальнікі», — даводзіў сваю пазыцыю Аляксандар Лукашэнка.

Ягоны зямляк эканаміст Пётар Мігурскі лічыць, што Белспажыўсаюз — перажытак савецкага мінулага. Паводле экспэрта, гаварыць пра эканамічны эфэкт ад дзейнасьці гэтай арганізацыі не выпадае.

Белспажыўсаюз — савецкі перажытак. Яму на зьмену прыйдзе прыватнік

«Яна стваралася для забесьпячэньня сельскага насельніцтва таварамі, і гаворкі пра прыбытак не было наагул. Раздзьмутая структура арганізацыі, якая існавала ў Савецкім Саюзе, такой і застаецца дагэтуль. Як паказвае жыцьцё, яна не патрэбная, і яе можа замяніць прыватнік. Аднак, на сяле цяпер крамам спажыўкаапэрацыі няма канкурэнтаў. Таму на сяле мы бачым урэзаны асартымэнт тавараў, якія даражэй, чым у горадзе».

«Для таго, каб прыватны бізнэс пайшоў у вёску, трэба ствараць умовы», — лічыць экспэрт.

Даўшы прэфэрэнцыі прыватнаму бізнэсу, гатоваму працаваць на вёсцы, дзяржава выгадае больш, чым ад стратнай спажыўкаапэрацыі з пастаяннымі грашовымі ўліваньнямі. Прыватны бізнэс дапаможа зьняць фінансавую нагрузку на бюджэт.

«Я ўпэўнены, — кажа Пётар Мігурскі, — што даўшы прэфэрэнцыі прыватнаму бізнэсу, гатоваму працаваць на вёсцы, дзяржава выгадае больш, чым ад стратнай спажыўкаапэрацыі з пастаяннымі грашовымі ўліваньнямі. Прыватны бізнэс дапаможа зьняць фінансавую нагрузку на бюджэт. Рана ці позна, але надыдзе час, калі прыватнікі возьмуцца за вёскі, і дзяржава ўсё ж такі скіне ярмо спажыўкаапэрацыі са сваёй шыі».

Гандлёвая сетка Белкаапсаюзу — найвялікшая ў Беларусі. Яна налічвае больш за 8 тысяч гандлёвых аб’ектаў і 700 аўтакрамаў. За апошнія 5 год доля спажыўкаапэрацыі ў аб’ёме розьнічнага гандлю зьнізілася на 4 працэнты. Паводле зьвестак Белстату, агульная пратэрмінаваная запазычанасьць Белкаапсаюзу ў параўнаньні зь лютым 2015 году павялічылася на 56 працэнтаў. За мінулы год страты арганізацыі склалі 75 мільярдаў рублёў, у выніку чаго прагназуецца зьбядненьне асартымэнту тавару і закрыцьцё сельскіх крамаў.

Свабода будзе сачыць за сытуацыяй, чакаюцца камэнтары ад Белспажыўсаюзу.

XS
SM
MD
LG