Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі абвясьцілі конкурс на праект мэмарыяльнай дошкі Палуты Бадуновай


Палута Бадунова
Палута Бадунова

Палуту Бадунову лічылі «жалезнай ледзі» беларускага адраджэньня, яна была міністрам ва ўрадзе БНР і загінула ў часе сталінскіх рэпрэсіяў.

Гомельскі аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціў конкурс на найлепшы праект мэмарыяльнай дошкі ў гонар дзяячкі беларускага адраджэньня, ураджэнкі Гомля Палуты Бадуновай (1885–1938).

Палута працяглы час настаўнічала на Гомельшчыне, была сакратаром апекі ўраду БНР (міністрам сацыяльнага забесьпячэньня), падпісвала акт абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка 2018 году. Была сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, сакратаром ЦК Партыі беларускіх эсэраў, арганізатарам антыпольскага партызанскага руху ў 1919 годзе. Зьведала палітычную эміграцыю і рээміграцыю, расстраляная ў Менску ў 1938 годзе, падчас піку сталінскіх рэпрэсій.

Ініцыятыва вырабу мэмарыяльнай дошкі Палуты Бадуновай належыць сябру аргкамітэту Ўладзімеру Кацору.

Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

«На пачатку году Гомельскі гарвыканкам, — сказаў Свабодзе Ўладзімер, — адхіліў прапанову сяброў аргкамітэту, каб яшчэ да 100-гадовага юбілею БНР назваць у горадзе вуліцу імя Палуты Бадуновай альбо павесіць мэмарыяльную дошку. Дэмакратычныя актывісты не зьмірыліся з такім стаўленьнем уладаў да выдатных асобаў нацыянальнага адраджэньня».

Паводле Кацоры, найлепшы праект мэмарыяльнай дошкі вызначыць аргкамітэт з улікам меркаваньня прафэсійных мастакоў.

Вырабляць шыльду будуць на ахвяраваньні праз краўдфандынг, зьбіраюцца яе ўстанавіць да 29 лістапада, даты расстрэлу Палуты Бадуновай у 1938 годзе.

«Нават калі гарвыканкам не дазволіць нам гэта зрабіць на цяперашняй вуліцы Дзімітрава, дзе стаяў бацькоўскі дом Бадуновай, мы зробім адмысловую алею ў двары грамадзка-палітычнага цэнтру на вуліцы Палескай», — сказаў Уладзімер Кацора.

Дасьледчыца біяграфіі Палуты Бадуновай, гомельскі гісторык і краязнаўцай Валянціна Лебедзева ў выдадзенай сёлета кнізе «Пакліканая свабодай...» адзначае, што жаночы подпіс пад Актам незалежнасьці стаіць толькі ў беларусаў, а саму Палуту называе «жалезнай ледзі» беларускага адраджэньня.

Да #БНР100 выйшла кніга пра «жалезную лэдзі» беларускага руху Палуту Бадунову

«Жаночы подпіс пад Актам незалежнасьці стаіць толькі ў беларусаў» — Лебедзева, Процька і Стужынская пра жанчын эпохі БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG