Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскім актывістам далі дазвол на мітынг з нагоды #БНР100, але яны ад яго адмовіліся


Прычына адмовы — у адсутнасьці вялікай сумы грошай, якую запатрабавалі міліцыянты за паслугі па ахове правапарадку падчас мітынгу.

Адзін з заяўнікаў акцыі, Канстанцін Смолікаў, сёньня атрымаў дазвол на яе правядзеньне ад адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебска. Сьвяточны мітынг меркавалі правесьці апоўдні 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.

Галоўная ўмова для атрыманьня дазволу на масавыя акцыі сфармулявана ў рашэньні Віцебскага гарвыканкаму № 881. Гэта наяўнасьць папярэдніх дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемства работнікамі ЖКГ, лекарамі і міліцыяй. Упершыню за 10 год усе адпаведныя структуры пагадзіліся заключыць дамовы на аказаньне платных паслуг. Аднак абласная ўправа МУС запрасіла надта вялікую суму — 582 рублі — за ахову правапарадку падчас мітынгу сіламі 10-ці супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле Канстанціна Смолікава, такіх грошай у заяўнікаў няма.

«Як напісана ў дамове, заплаціць міліцыянтам за працу мы павінны да 22-га сакавіка. Сума, якую яны запрасілі, амаль у 10 разоў большая, чымсьці аплата паслугаў мэдыкаў. Тыя прасілі ўсяго каля 70-ці рублёў. У нас няма магчымасьці сабраць грошы за пару дзён, таму мы параіліся і вырашылі адмовіцца ад правядзеньня імпрэзы ў заплянаваным фармаце мітынгу», — паведаміў спадар Смолікаў.

Цяпер віцебскія актывісты разважаюць, у якім яшчэ фармаце можна годна адзначыць гістарычную дату. Да слова, актывіст Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Кійко таксама зьвяртаўся да мясцовых уладаў па дазвол на сьвяточную акцыю — на шэсьце па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерду да помніка пісьменьніку-земляку Ўладзімеру Караткевічу. Там, каля помніка, актывіст таксама хацеў зладзіць мітынг.

Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну гораду забараніла праводзіць шэсьце і мітынг на той падставе, што спадар Кійко не далучыў да заяўкі неабходныя дамовы.

***

Улады ўжо дазволілі сьвяточныя мерапрыемствы 25 сакавіка ў Баранавічах, Берасьці, Горадні, Кобрыні і Лідзе дазволілі, заяўкі на масавыя мерапрыемствы ў Гомлі і Магілёве адхілілі, але там будуць ладзіцца вечарыны і музычныя выступы, на якія не патрэбен дазвол уладаў. У Віцебску з арганізатараў запатрабавалі вялікія грошы за ахову пікету — магчыма, акцыю давядзецца скасаваць. Усе шэсьці ў Менску, на якія падаваліся заяўкі, забаранілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG