Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб адкрыць помнік у Курапатах раней, чым у Маскве», — Ігар Кузьняцоў пра конкурс, рабочую групу і журы


Ігар Кузьняцоў у Курапатах.

Дасьледчык палітычных рэпрэсій, гісторык Ігар Кузьняцоў распавёў «Свабодзе» пра тое, як галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч запрасіў яго ўзяць удзел у працы рабочай групы ў справе стварэньня мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, патлумачыў сваё стаўленьне да абвешчанага Міністэрствам культуры конкурсу на мэмарыял, і выказаў здагадку, чаму мэмарыял у Курапатах улады хочуць усталяваць да восені 2017 году

Ганна Соўсь: Што вам вядома пра абвешчаны конкурс на мэмарыял у Курапатах? Ці вы возьмеце нейкі ўдзел у ім на пэўнай стадыі, пра што згадала ў інтэрвію Свабодзе Сьвятлана Алексіевіч? І якое ўвогуле вашае стаўленьне да гэтага конкурсу?

Ігар Кузьняцоў: Пачну з кароткай храналёгіі падзеяў. 24 лютага адбыўся «круглы стол» у газэце «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць». Адну з галоўных функцый, якую я меркаваў для сябе, я выканаў. Усе прыйшлі да высновы, што неабходна мэмарыялізаваць памяць ахвяраў рэпрэсій. КДБ канчаткова прызнала, што ў Курапатах ляжаць парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, ніякага нямецкага сьледу няма. 28 лютага былі апублікаваныя гэтыя матэрыялы, прайшла вэрсія па БТ. Паўстала пытаньне аб стварэньні нейкай рабочай групы для вырашэньня гэтых пытаньняў. І Якубовіч сказаў, што будзе зьвяртацца ў Адміністрацыю прэзыдэнта з гэтай нагоды. Потым адбыўся суботнік з удзелам БРСМ, прафсаюзаў і іншых.

Атрымліваецца, што канкрэтнае месца пахаваньня становіцца абстрактным

А напярэдадні была вядомая заява Лукашэнкі ў Лідзе пра тое, што ў Курапатах трэба стварыць мэмарыяльчык. Прагучала фраза, што ня важна, хто там ляжыць, ахвяры нацызму ці сталінізму, ёсьць агульная памяць. У гэты ж дзень літаральна ў ноч Міністэрства культуры прымае пастанову пра конкурс. Пазыцыя не прыемная ня толькі для мяне, але і для ўсіх, што гэты мэмарыяльчык, ці помнік, ці памятны знак павінен быць памяці бязьвінных ахвяраў 20 стагодзьдзя. Атрымліваецца, што канкрэтнае месца пахаваньня становіцца абстрактным. Нехта прыйдзе і пачне ўшаноўваць ахвяры Першай сусьветнай вайны, нехта — ахвяры Другой сусьветнай вайны, нехта — ахвяры нацызму, нехта — ахвяры сталінізму. Больш за ўсё зьдзівіла, канечне, што конкурс абвешчаны да 26 красавіка, і да 1 траўня журы ў закрытым рэжыме абвяшчае ледзь не пераможцаў.

Таму Якубовіч дзейнічаў паралельна, як я разумею, гэта ніяк не было ўзгоднена з Міністэрствам культуры

Гэта ўсіх насьцярожыла, бо немагчыма за такія кароткія тэрміны гэта правесьці. Таму Якубовіч дзейнічаў паралельна, як я разумею, гэта ніяк не было ўзгоднена з Міністэрствам культуры. У нас была сустрэча дзеля абмеркаваньня гэтай праблемы, бо я фактычна — адзіны прадстаўнік грамадзянскай супольнасьці з тых, хто ўдзельнічаў у гэтым «круглым стале». Я задаў пытаньне пра стварэньне рабочай групы для прапрацоўкі гэтых праблем. Ён узяў на сябе гэтую ініцыятыву, і на пытаньне адказаў прыкладна так: «Я таксама лічу, што конкурс у такія тэрміны не рэальна праводзіць, мы цяпер прапрацоўваем пытаньне пра тое, каб пастанова Мінкультуры была адмененая». Праз некалькі дзён завяршаецца тэрмін конкурсу, мы ня ведаем, хто ўваходзіць у журы. Я не ўваходжу ні ў журы, ні ў камісію, якая па лініі Міністэрства культуры павінна быць створаная. Як жа праводзіць конкурс, калі ў вас няма журы? Потым зьявілася такая інфармацыя, што нібыта спачатку будуць здадзеныя ўсе праекты да 26 красавіка, а ў ноч з 26 на 27 красавіка будзе абвешчана журы. І за пяць дзён яны вынесуць рашэньне... А днямі павінна сабрацца рабочая група, якую ініцыяваў Якубовіч.

Ганна Соўсь: Дык вы ў складзе гэтай групы?

Ігар Кузьняцоў: Гэта была неафіцыйная размова. Ці вы згодныя ўвайсьці? Я адказаў, што згодны як спэцыяліст увайсьці ў гэтую групу. Я ведаю прыкладныя кандыдатуры — Міхаіл Орда ад прафсаюзаў, Адамушка, які ўжо не чыноўнік і адразу згадаў пра тое, што ён 20 гадоў займаўся гэтай тэмай. (Уладзімер Адамушка — былы дырэктар Дэпартамэнту па архівах і справаводзтву Міністэрства юстыцыі. — РС). З прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці было прапанавана ўвайсьці Ганьне Шапуцьцы, таксама было прапанавана, каб быў прадстаўнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якая ўсе гэтыя гады займалася Курапатамі. Наколькі я ведаю, мае быць прадстаўнік міністэрства культуры як тэхнічны работнік у гэтай камісіі. Гэта ўсё, што я ведаю. Але гэтая група ня мае ніякага афіцыйнага статусу, я назваў кандыдатаў у гэтую групу, пра якіх я ведаю. Заўтра, наколькі я ведаю, плянавалася, каб гэтая рабочая група ў папярэднім складзе сабралася.

Ганна Соўсь: Вы шмат гадоў займаецеся тэмай Курапатаў. Які ваш погляд на тое, якім мае быць мэмарыял у Курапатах, ці ён ужо там ёсьць, што мае дзяржава рабіць альбо не рабіць у Курапатах, што мае грамадзкасьць зрабіць у Курапатах?

Што значыць ня пусьцім? Гэта дзяржаўная тэрыторыя

Ігар Кузьняцоў: Народны мэмарыял, які створаны, павінен быць захаваны на 100%. Ужо былі заявы, што мы нікога ў Курапаты ня пусьцім, не дазволім будаваць ані капліцу... Што значыць ня пусьцім? Гэта дзяржаўная тэрыторыя. Цяпер важна, каб прадстаўнікі грамадзкасьці ўзялі ўдзел у гэтым абмеркаваньні. Можа, і выніку ня будзе. Але адразу адмовіцца і сказаць: мы не зьбіраемся весьці перамовы.... Маё меркаваньне наступнае. Могуць быць розныя праекты — Зянон Станіслававіч прапанаваў сьцяну памяці, Лукашэнка прапанаваў каплічку, яшчэ будзе дзесяць меркаваньняў. Узьнікае пытаньне, наколькі рэальна ажыцьцявіць праект бліжэйшым часам? Калі будзе спроба пабудаваць нейкі мэмарыяльчык, то гэта праца можа заняць год, два, тры і болей, а, можа, гэтая тэма і забудзецца ізноў. Але ёсьць рэальны спосаб.

Я — прыхільнік кропкавага абʼекту

Я сыходжу са свайго досьведу. У свой час пяць гадоў я працаваў у Томску, быў сябрам рады Томскага мэмарыялу. Там аналягічная сытуацыя была. У цэнтры гораду, у сквэры, побач з былым будынкам НКВД быў усталяваны, як у нас у Курапатах, закладны камень. Потым вырашылі зь мінімальнымі затратамі зрабіць з гэтага каменя помнік. І зрабілі мармуровую арку. Яна вельмі цікава ўпісваецца. Я — прыхільнік кропкавага абʼекту. На месцы закладнога каменя, на базе закладнога каменя абвясьціць конкурс, прывязку да гэтага месца, каб цалкам захаваць і Народны мэмарыял... У якой бы форме гэта бы не было — крыж, камень, капліца — важна, каб гэта быў кропкавы абʼект. І тады гэта не парушыць нічые інтарэсы, інтарэсы тых, хто 20 гадоў ствараў гэты мэмарыял.

Мы абмяркоўвалі гэта з тым жа Якубовічам. Ён таксама згодны, што Народны мэмарыял павінен быць на 100% захаваны. Адзінае было сказана, што тыя крыжы, які згнілі, трэба замяніць на новыя, але нічога не зьнішчаць. Нехта кажа, што трэба зрабіць унізе нейкі мэмарыяльны знак, там, дзе Крыж пакуты знаходзіцца. Праектаў можа быць шмат, але першае, што патрэбна быць — рэальнасьць.

Каб гэта быў супольны помнік, але не абстрактны ўсім ахвярам 20-га стагодзьдзя

Мы 23 гады чакалі... Дакладней чакалі 28 гадоў пасьля пастановы Савету міністраў БССР 16 студзеня 1989 году аб ушанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1937-1941 гадоў у Курапатах. Калі кажуць некаторыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці: «мы іх туды ня пусьцім», я кажу: «мы ж 28 гадоў дамагаліся, каб дзяржава выканала гэтую пастанову». Тым больш размова ідзе пра тое, што ня толькі за кошт дзяржавы, але і за кошт народных ахвяраваньняў. Каб гэта быў супольны помнік, але не абстрактны ўсім ахвярам 20-га стагодзьдзя, а канкрэтна тым, хто ляжыць у гэтым месцы. Тут можа быць маса варыянтаў, іх трэба абмяркоўваць...

нехта мае задуму, каб у Курапатах гэты знак ці помнік быў адкрыты раней

Мяне вось што насьцярожвае. Ці гэта вузкасьць мысьленьня міністэрства культуры, якое здагадалася абвясьціць конкурс да 26 красавіка? На маё пытаньне пакуль ніхто не адказаў. А калі плянуецца рэальна адкрыць гэты мэмарыяльчык, помнік, памятны знак? Ніхто ані слова не гаворыць. У мяне ёсьць сваё меркаваньне. Улічваючы, што ў цэнтры Масквы 30 кастрычніка сёлета будзе адкрыты помнік ахвярам савецкіх рэпрэсій, то ня выключана, што нехта мае задуму, каб у Курапатах гэты знак ці помнік быў адкрыты раней. І толькі гэтым можна патлумачыць, чаму на конкурс адвялі толькі адзін месяц. Другі варыянт такі, што гэта ізноў будзе вяла цякучы працэс. Як заўсёды нешта вымаўлена, і на гэтым усё скончыцца. А калі будзе настойлівасьць, каб конкурс тэрмінова завершыць цягам некалькіх месяцаў, то гэта будзе галоўная інфармацыйная нагода апярэдзіць Маскву гэтым разам, каб адкрыць у Курапатах раней, чым у Маскве. Гэта маё меркаваньне, але ў мяне няма даказальных падстаў.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG