Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры выслухаў «Экспэртаў у абарону Курапатаў», вусна пагадзіўся зь імі. А што далей?


Крыж абаронцаў Курапатаў, архіўнае фота

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Аляксей Марачкін, Вацлаў Арэшка і Марат Гаравы сустрэліся 5 красавіка зь міністрам культуры Барысам Сьвятловым і яго намесьнікамі.

На сустрэчы «Экспэрты» агучылі патрабаваньні з раней апублікаванага адкрытага ліста: вызваліць з турмаў абаронцаў Курапатаў, вярнуць ахоўную зону да межаў 2003 году, адкрыць імёны ахвяраў рэпрэсіяў, зрабіць конкурс грамадзкім або грамадзка-дзяржаўным, але ня чыста дзяржаўным, улічыць прынцыпы мэмарыялізацыі Курапатаў, сфармаваныя грамадзкасьцю.

Аляксей Марачкін на адкрыцьці выставы «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», архіўнае фота

Аляксей Марачкін на адкрыцьці выставы «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», архіўнае фота

Ліст з гэтымі патрабаваньнямі падпісалі Вацлаў Арэшка, Валянціна Вяргей, Вінцук Вячорка, Аляксей Галіч, Марат Гаравы, Генадзь Драздоў, Мікола Купава, Алесь Макаў, Аляксей Марачкін, Ігар Марачкін, Зінаіда Тарасевіч, Валянціна Сьвяцкая, Генадзь Фядыніч.

Як кажа Свабодзе Алесь Марачкін, міністар вусна падтрымаў патрабаваньні, якія тычыліся ягонага ведамства, і не пярэчыў патрабаваньню адкрыць архівы, дапусьціў падаўжэньне конкурсу і публікацыю складу журы. Але ніякіх канкрэтных рашэньняў і абяцаньняў не агучыў.

«У прынцыпе, міністар станоўча ацаніў нашы патрабаваньні па абароне Курапатаў, — кажа Марачкін. — Мы выказалі нават думку, што якая можа быць мэмарыялізацыя ахвяраў камуністычнага рэжыму, калі сёньняшнія абаронцы Курапатаў за кратамі. Ён адказваў, што гэта па-за ягонай кампэтэнцыяй, але што ён гэта зразумеў. Нашы перасьцярогі і патрабаваньні, як мне здалося, ён таксама зразумеў.

На конкурс у справе мэмарыялу ў Курапатах улады даюць тры з паловай тыдні. На падвядзеньне вынікаў — чатыры дні

Я таксама сказаў, што мы звыклі мысьліць савецкімі догмамі «пяцігодку ў чатыры гады» — калі начальнік краіны сказаў, што да 1 траўня павінны быць гатовыя праекты, то вы гатовыя «пад казырок», а можа і раней зрабіць, але гэта не нармальна.

«За адзін тайм» конкурс праводзіць нельга. Нельга, каб дзяржава ўмешвалася ў творчы працэс. А трэба, каб было шырокае грамадзкае абмеркаваньне.

Сказаў, што больш за 20 галоў людзі кантралявалі і кантралююць Курапаты, ведаюць там кожны кусьцік, што народны мэмарыял ужо існуе і нельга яго парушаць ні ў якім разе.

Яны (прадстаўнікі Міністэрства культуры. — РС) сказалі, што «наша права гэты конкурс працягваць», праводзіць адзін этап, другі, трэці... Што ні ў якім разе ня будуць прывязвацца да прызначанай даты. Міністар сказаў, што «гэта не „Славянскі базар“, каб правесьці за тыдзень — і ўсё.

Міністар паўтарыў, што трэба тое, што ёсьць у лясным масіве, захаваць і ня ўмешвацца, а калі рабіць нешта, то па-за тэрыторыяй лесу і ахоўнай зоны».

Зьверху зьлева праект 2003 году Косьціч і Кукуні, зьверху справа прынятыя Мінкультам у 2004 годзе зоны мэмарыялу, зьнізу зьлева — прынятыя Мінкультам у 2014 годзе, зьнізу справа — прапанова «Экспэртаў у абарону Курапатаў». Выявы з архіву Марата Гаравога

Зьверху зьлева праект 2003 году Косьціч і Кукуні, зьверху справа прынятыя Мінкультам у 2004 годзе зоны мэмарыялу, зьнізу зьлева — прынятыя Мінкультам у 2014 годзе, зьнізу справа — прапанова «Экспэртаў у абарону Курапатаў». Выявы з архіву Марата Гаравога

Глядзіце выяву ў вялікім памеры

Гаворка ішла таксама пра вяртаньне межаў ахоўнай зоны да тых, што былі ў 2003 годзе, пакуль іх не скарэктавалі пад «Бульбаш-хол» і будоўлю-2017. Праект межаў «Экспэрты» прадставілі міністэрству яшчэ месяц таму. Прадстаўнікі Мінкульту абяцалі разглядзець гэтую прапанову.

Хто ўваходзіць у журы конкурсу, па-ранейшаму не сказалі. Але ў міністэрстве паабяцалі, што неўзабаве назавуць грамадзкасьці склад журы.

Марачкін пагадзіўся і з прэтэнзіяй, агучанай Таварыствам аховы помнікаў: у конкурсе немагчыма ўзяць удзел усім установам, якія маюць такое жаданьне, бо тэхнічная дакумэнтацыя, неабходная для заяўкі, у адкрыты доступ не выдаецца. Ён кажа, што і гэтае пытаньне агучвалася на сустрэчы ў Міністэрстве культуры. Марачкін падкрэсьлівае, што гэта не адзіная праблема з дакумэнтамі:

«Нельга ўдзельнічаць у конкурсе, калі дагэтуль не адкрытыя сакрэтныя фонды, сьведчаньні, хто там загінуў. Калі мы ня ведаем імёнаў гэтых ахвяраў, як можна казаць пра вобраз мэмарыялу? Іх можна ўшаноўваць хіба як безыменных — ставіць крыжы. Мы казалі, што трэба дамагацца адкрыцьця дакумэнтаў. У міністэрстве, ва ўсялякім разе, не супярэчылі».

Марачкін таксама згадаў, што сёньняшні міністар унутраных спраў публічна носіць форму НКВД і ганарыцца ёю, а духоўнік Лукашэнкі прапануе, «будуючы памятны комплекс ахвярам рэпрэсіяў, стварыць музэй дасягненьняў савецкай эпохі».

«Паслухалі — а далей што? — кажа Марачкін пра сустрэчу ў міністэрстве. — Начальнік краіны як бы мімаходзь успомніў капліцу, і ўсюды ў конкурсе фігуруе капліца. А мо трэба не капліцу? Цяпер яны апраўдваюцца, што капліца будзе сымбалічнай, але мы ж ведаем.

А гэтая фраза, ва ўмовах напісаная — „нявінным ахвярам ХХ стагодзьдзя“... Дык ахвяры ХХ стагодзьдзя — гэта ня толькі ахвяры Курапатаў, а ахвяры Першай усясьветнай вайны, Другой, а таксама Завадзкі, Захаранка. Хто так умовы пісаў?

Вось такія справы. Вялася нармальная размова, былі сур’ёзныя перасьцярогі. Размова можа быць размовай, а справа... Пакуль не раскрытыя архівы, які можа быць мэмарыял? Павінна быць сур’ёзная праца, іначай гэта пусты гук.

Урэшце, мэмарыял у Курапатах ужо адбыўся — крыжы выстаўленыя неабыякавымі беларусамі, догляд магіл вядзецца валянтэрамі».

На думку сп. Марачкіна, калі не прыслухоўвацца пры мэмарыялізацыі да тых, хто дзясяткі год турбуецца пра лёс Курапатаў, могуць адбыцца яшчэ мацнейшыя канфлікты, чым той, што быў месяц таму з будаўнікамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG