Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства аховы помнікаў хацела ўзяць удзел у конкурсе для Курапатаў, ды ня можа: дакумэнтаў не даюць


Курапаты, ілюстрацыйнае фота

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама старшыні Саўміну Андрэя Кабякова і міністра культуры Барыса Сьвятлова з афіцыйным зваротам аб парадку арганізацыі і правядзеньня конкурсу на мэмарыялізацыю Курапатаў.

У лісьце гаворыцца, што спэцыялісты Таварыства выказалі жаданьне ўзяць удзел у конкурсе, ды ня могуць з шэрагу прычынаў. Галоўная — «немагчымы раўнапраўны ўдзел ня толькі спэцыялістаў архітэктурнай сэкцыі, але і шэрагу іншых творчых асобаў і калектываў», бо адно з патрабаваньняў конкурсу — генэральны плян мэмарыяльнага знаку на геападаснове маштабам 1:500, а такая геападаснова не прадастаўляецца ўдзельнікам і адкрытая толькі для службовага выкарыстаньня.

Таксама таварыства крытыкуе той факт, што склад журы конкурсу не абнародаваны, хоць раней гаварылася пра «шырокі ўдзел грамадзтва» ў абмеркаваньні мэмарыялу.

Праз гэта Таварыства прапануе аб’явіць конкурс паўторна і з новымі тэрмінамі, апублікаваць склад журы і прадугледзець удзел у працы журы грамадзкай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Аб мэмарыялізацыі Курапатаў 24 сакавіка заявіў Аляксандар Лукашэнка. Экспэрты ў загадзе Лукашэнкі бачаць пагрозу мэмарыялу і заклікаюць ​спыніць размовы пра такую мэмарыялізацыю. На конкурс у справе мэмарыялу ў Курапатах улады даюць тры з паловай тыдні, на падвядзеньне вынікаў — чатыры дні, журы, прынамсі пакуль, застаецца ананімным.

Ідэя аб мэмарыялізацыі загучала пасьля таго, як актывісты дамагліся спыненьня будоўлі на пляцоўцы каля мэмарыялу. Але Менгарвыканкам ня ўбачыў падстаў для спыненьня будоўлі ў Курапатах і «забыў» адказаць наконт яе законнасьці, а Міністэрства культуры адхрысьцілася ад адказнасьці за будоўлю на пляцоўцы, якую прадалі ў час, калі тая знаходзілася ў ахоўнай зоне мэмарыялу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG