Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам ня ўбачыў падстаў для спыненьня будоўлі ў Курапатах і «забыў» адказаць пра яе законнасьць


У адказе сябру ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганьне Шапуцьцы першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Фёдар Рымашэўскі напісаў, што будаўніцтва каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», якое было спыненае пасьля пратэстаў у лютым-сакавіку 2017 году, вялося адпаведна заканадаўству, перадае «Новы час».

Пры гэтым у адказе пацьвярджалася, што ўчастак пад будаўніцтва быў прададзены на аўкцыёне яшчэ да таго, як быў выведзены з ахоўнай зоны мэмарыялу. Пра тое, што гэта было незаконна, у адказе не гаворыцца, зьвяртае ўвагу ў камэнтары Свабодзе Шапуцька.

У адказе згадваецца, што межы ахоўнай зоны былі «часовымі», хоць такога паняцьця не існуе, але іх «часовасьць» была акрэсьленая да прыняцьця пляну дэталёвага будаўніцтва, а той плян пачаў распрацоўвацца ўжо пасьля. У адказе ня згадваецца таксама тое, што рашэньні пра Курапаты — мэмарыял 1 катэгорыі міжнароднай значнасьці — мусілі прымацца Саветам Міністраў або адпаведнымі міністэрствамі, а пастанова Міністэрства культуры пра межы ахоўнай зоны Курапатаў зьявілася і пасьля продажу ўчастку, і пасьля рашэньня Менгарвыканкаму аб распрацоўцы дэталёвага пляну.

Шапуцька зьвяртае ўвагу таксама, што ў адказе гаворыцца пра тое, што «на тэрыторыі будаўніцтва аб’екта расстрэлаў і пахаваньняў быць не магло». Пра гэта ж заяўляла Міністэрства культуры, калі адхрысьцілася ад адказнасьці за будоўлю ў Курапатах. Але і тады, і цяпер чыноўнікі «забывалі», што раскопак на месцы будоўлі не праводзілася, было толькі «візуальнае дасьледаваньне».

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» мае правесьці чарговую сустрэчу з нагоды адказу, бо зь яго можа вынікаць, што будоўлю могуць аднавіць у любы момант. Таксама сябры ініцыятывы чакаюць адказу ад менскай пракуратуры — туды іх пытаньні перанакіравалі з Генпракуратуры.

Тым часам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. Экспэрты ў загадзе Лукашэнкі бачаць пагрозу мэмарыялу і заклікаюць спыніць размовы пра такую мэмарыялізацыю. На конкурс у справе мэмарыялу ў Курапатах улады даюць тры з паловай тыдні, на падвядзеньне вынікаў — чатыры дні, журы, прынамсі пакуль, застаецца ананімным.

«Экспэрты ў абарону Курапатаў» перадалі ўладам праект новых межаў ахоўных зонаў, хоць Міністэрства культуры раней заяўляла, што не плянуе пераглядаць межы вакол Курапатаў.

Ахоўныя зоны мэмарыялу раней, цяпер і ў прапанове «Экспэртаў у абарону Курапатаў»

Ахоўныя зоны мэмарыялу раней, цяпер і ў прапанове «Экспэртаў у абарону Курапатаў»

Глядзець выяву ў высокім разрозьненьні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG