Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі праект межаў ахоўных зонаў перададзены ўладам. «Побач з Курапатамі ўціхую нешта пабудаваць ужо не атрымаецца», — Янукевіч


Курапацкі лес і агароджаная будоўля, супраць якой пратэставалі актывісты і мясцовыя жыхары
Курапацкі лес і агароджаная будоўля, супраць якой пратэставалі актывісты і мясцовыя жыхары

Грамадзкі праект межаў ахоўных зонаў Курапатаў перададзены 16 сакавіка міністру культуры Беларусі Сьвятлову, а таксама ў Савет міністраў.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Пад адпаведным зваротам падпісаліся 30 грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў, якія бяруць удзел у справе абароны Курапатаў. Сярод іх Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Марат Гаравы, Барыс Пятровіч, Вінцук Вячорка, Ганна Шапуцька. Аднак збор подпісаў працягваецца, і новыя подпісы таксама будуць накіроўваць у Міністэрства культуры і Савет міністраў.

— Асноўны пасыл гэтага ліста — гэта патрабаваньне прыняць адпаведную пастанову Міністэрства культуры, якая зацьвердзіць новыя межы ахоўнай зоны мэмарыялу ў Курапатах. Туды ўвойдзе тэрыторыя, дзе нядаўна спрабавалі распачаць будоўлю бізнэс-цэнтру, тэрыторыя, дзе цяпер «Бульбаш-хол». Таксама цалкам вернецца ў ахоўную зону тэрыторыя ад Курапацкага лесу да «Белэкспа», а таксама пасёлак «Сонечны». І частка іншых зонаў вакол Курапатаў вернецца ў зону рэгуляванай забудовы.

То бок асноўнае патрабаваньне гэтага ліста — прыняць пастанову Міністэрства культуры з зацьвярджэньнем новых, больш шырокіх ахоўных зонаў вакол Курапацкага мэмарыялу. Дзеля таго каб зрабіць немагчымымі і спыніць усялякія спробы як Менгарвыканкаму, так і Менрайвыканкаму абразаць кавалкі зямлі побач з Курапатамі, запускаць іх у гаспадарчы абарот і такім чынам, на нашу думку, наносіць шкоду і падвяргаць небясьпецы само існаваньне Курапацкага мэмарыялу.

Уладзімер Някляеў, Зьміцер Дашкевіч, Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец у лягеры абаронцаў Курапатаў 28 лютага
Уладзімер Някляеў, Зьміцер Дашкевіч, Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец у лягеры абаронцаў Курапатаў 28 лютага

— Такім чынам, вырашыцца і лёс апошняй спрэчнай будоўлі...

— Безумоўна, гэта ёсьць і адказ на гэтую спробу будоўлі. Мы заклікаем і настойваем, каб тая тэрыторыя, якая была выведзеная ў 2014 годзе, была вернутая ў межы ахоўнай зоны. Цяпер узьнік вялікі грамадзкі рэзананс, дзякуючы маладафронтаўцам і ўсім людзям, якія далучыліся да падтрымкі лягера абаронцаў Курапатаў. Удалося пераканаць забудоўшчыка спыніць там працы. Аднак фармальна на сёньняшні момант гэтая тэрыторыя застаецца па-за межамі ахоўнай зоны. І Менгарвыканкам можа знайсьці, і ня выключана, што шукае іншага забудоўшчыка, каб на гэтай тэрыторыі будаўніцтва працягнулася. Менавіта таму мы заклікаем Міністэрства культуры вярнуць гэтую зямлю ў ахоўную зону, каб спыніць любыя спробы будаўніцтва.

— Раней абаронцы патрабавалі, каб была разабраная агароджа вакол таго пляца. Аднак агароджа ня зьнятая.

— І пратэстоўцы вырашылі зьняць свой лягер, і грамадзтва лічыць, што сама па сабе агароджа нейкай небясьпекі не нясе. Так, сапраўды, напэўна, найперш для Менгарвыканкаму само існаваньне гэтай агароджы ўспрымаецца як нейкі бастыён абароны, што гэтая тэрыторыя падкантрольная ім. Там стаіць агароджа, і калі-небудзь будзе будаўніцтва. І таму адбываецца маніторынг сытуацыі, актывісты штодня сочаць за сытуацыяй, і калі будуць спробы аднаўленьня будаўніцтва гэтым ці іншым забудоўшчыкам, безумоўна, будзе рэакцыя. І будуць новыя пратэсты, каб не дапусьціць гэтага будаўніцтва.
Як зьмянялася ахоўная зона Курапатаў
Як зьмянялася ахоўная зона Курапатаў

— Плякаты, партрэты рэпрэсаваных, вывешаныя на агароджы падчас існаваньня лягера абаронцаў, пакуль ня зьнятыя?

— Яны застаюцца. Хоць на наступны дзень пасьля таго, як зьнялі лягер, былі выкапаныя крыжы, усталяваныя падчас існаваньня лягера, былі зьнятыя слупы, на якіх мацаваліся сьцягі.

— Калі ж Міністэрства культуры ня прыме грамадзкі праект межаў ахоўных зонаў, ці можа зноў узьнікнуць гэты лягер?

— У выпадку спробаў новага будаўніцтва непазьбежна будуць узьнікаць лягеры, людзі будуць пратэставаць. Відавочна, што ў Курапатах ці побач з Курапатамі ўціхую нешта пабудаваць ужо не атрымаецца. Але шырокі грамадзкі рэзананс у зьвязку з існаваньнем лягера стварае такую атмасфэру, у якой ёсьць шанец насамрэч дамагчыся нармальнай, прыстойнай рэакцыі Міністэрства культуры. І ў выніку прыняцьця новай пастановы зацьвердзіць усё ж такі належныя, больш шырокія межы ахоўнай зоны. Таму што гэтая тэма прагучала і на дзяржаўных СМІ досыць шырока. Натуральна, яна падаецца пад рознымі ракурсамі. Там гаворыцца, што апазыцыя выпампоўвае для сябе нейкія палітычныя дывідэнды, а варта вось нам усім заняцца Курапатамі. Ну і займіцеся, зацьвердзіце нармальныя межы ахоўнай зоны і выпампоўвайце для сябе палітычныя дывідэнды. Я думаю, што ніхто ня будзе супраць, калі ўлада, Міністэрства культуры і Савет міністраў, належным чынам пачне ставіцца да Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG