Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа Ўкраіны супраць Расеі ў Гаазе можа мець наступствы для ўсёй постсавецкай прасторы»


Пасяджэньне Міжнароднага суда ААН у справе «Ўкраіна супраць Расейскай Фэдэрацыі». Гаага, 6 сакавіка 2017 году
Пасяджэньне Міжнароднага суда ААН у справе «Ўкраіна супраць Расейскай Фэдэрацыі». Гаага, 6 сакавіка 2017 году

Прадстаўніца Ўкраіны на слуханьнях у Міжнародным судзе ААН у Гаазе ў справе «Ўкраіна супраць Расейскай Фэдэрацыі» Алена Зэркаль заявіла, што спадзяецца на рашэньне судзьдзяў наконт часовых захадаў супраць Расеі да канца красавіка.

9 сакавіка ў Гаазе зноў слухаліся аргумэнты расейскага боку, які адмаўляў любы прыгнёт у Крыме пасьля анэксіі паўвострава Крамлём у 2014 годзе і заклікаў Кіеў выконваць менскія пагадненьні пра мірнае ўрэгуляваньне на Данбасе, Украіна ж пераконвала, што выконвае іх.

Намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зэркаль заявіла, што не адпаведная рэчаіснасьці, зь яе слоў, аргумэнтацыя расейскага боку паказвае сьвету «сапраўдны твар Расейскай Фэдэрацыі».

«Я не раблю прагнозаў. Мы чакаем рашэньня суду. І я спадзяюся, што яно будзе справядлівым. Яно можа быць, паводле нашых прагнозаў, да канца красавіка дакладна», — сказала Зэркаль пасьля завяршэньня чатырохдзённых слуханьняў.

На думку Зэркаль, расейскі бок у час слуханьняў прадэманстраваў, што «лёгіка Расеі заключаецца ў тым, што яны могуць рабіць усё і ня несьці ніякай адказнасьці за свае дзеяньні». А сьвет, на яе думку, стаіць на баку Ўкраіны.

Пра тое, што слуханьні справы могуць мець значэньне для ўсёй постсавецкай прасторы, кажуць многія экспэрты. У прыватнасьці, нямецкі палітоляг Андрэас Умлянд кажа пра магчымы стрымальны эфэкт для Расеі ў ейных паводзінах у дачыненьні суседзяў, калі Ўкраіна выйграе пазоў:

«Рашэньне суду, калі яно будзе на карысьць Украіны, мала што зьменіць на месцах імгненна, — разважае Умлянд. — Гэта была б хутчэй сымбалічная перамога для Ўкраіны, калі яна атрымае станоўчае рашэньне суду. Але ў працяглай пэрспэктыве гэтае рашэньне будзе мець важнае значэньне, таму што накладзе абмежаваньні на дзеяньні Расеі ў будучыні.

Суд дасьць сыгнал расейскай палітычнай эліце, калі прыме рашэньне на карысьць Украіны, што дзеяньні Расеі ў так званым блізкім замежжы ў розных постсавецкіх рэспубліках будуць вялікія наступствы і доўгачасовы эфэкт. Гэта быў бы важны сыгнал».

Чытайце падрабязьней на ўкраінскай службе Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG