Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты: працы на будоўлі не адноўленыя, у лягеры пануе аптымістычны настрой


Раніцай а 8-й у лягеры абаронцаў Курапатаў адбыўся агульны сход на які сабраліся каля 50 чалавек.

На сходзе прысутнічалі як моладзь, так і мясцовыя жыхары. Ад раніцы ў лягеры знаходзяцца старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сустаршыня БХД Павал Севярынец.

Насуперак учорашнім плянам будаўнікоў працы ад ранку не аднавіліся. Брама зялёнага плоту, што агароджвае будаўнічую пляцоўку, зачыненая. Адзін з вартаўнікоў пляцоўкі распавёў карэспандэнту Свабоды, што працы сёньня хутчэй за ўсё адноўленыя ня будуць, бо будаўнікоў няма.

У цэнтры - Павал Севярынец
У цэнтры - Павал Севярынец

Павал Севярынец мяркуе, што гэта вынік барацьбы апошніх дзён, асабліва падзеяў учорашняга вечара, калі актывіст Сяргей Пальчэўскі прыкаваў сябе да МАЗа, а Зьміцер Дашкевіч залез на дах трактара.

Абаронцы Курапатаў блякуюць будаўнічую тэхніку сабой. Курапаты, 24 лютага. Фотарэпартаж:

Актывіст Раман Васільеў распавёў, што ўчорашнія ўчынкі Пальчэўскага і Дашкевіча былі спантаннымі, але пры неабходнасьці і сёньня зьявіцца дастаткова жадаючых зрабіць усё, каб ня даць магчымасьці аднавіць працы на будаўнічай пляцоўцы.

Раман Васільеў
Раман Васільеў

У лягеры абаронцаў Курапатаў пануе аптымістычны настрой. Удзельнікі сходу лічаць, што пасьля учорашніх падзеяў улады ўсё ж могуць пайсьці на некаторыя саступкі, бо цяпер зразумела, што грамадзкасьць у любым выпадку не дапусьціць тут будоўлі.

Людзі нясуць абаронцам Курапатаў шмат прадуктаў. Плот ад раніцы актывісты пачалі абклейваць партрэтамі рэпрэсаваных у сталінскія часы, а таксама фатаздымкамі костак закатаваных у Курапатах, якія былі зробленыя падчас раскопак.

Яшчэ ўвечары на плоце ўздоўж кальцавой дарогі зьявілася чорная расьцяжка «Спыніце будоўлю на касьцях!». У лягеры цяпер разьмешчаныя 4 намёты і 6 бел-чырвона-белых сьцягоў.

Павал Севярынец падчас сходу аб’явіў, што заўтра а 11-й будзе наладжаная экскурсія ў Курапаты для ўсіх зацікаўленых, якую будзе весьці экспэрт па Курапатах Валерыя Чарнаморцава. Ён заклікаў 1 сакавіка ісьці на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца.

Ноччу ў лягеры абаронцаў Курапатаў заставалася каля 30 чалавек.

***

Каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» вядзе будаўніцтва офіснага цэнтру.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG