Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідэнтыфікаваць парэшткі расстраляных у Курапатах» — запавет Міхася Чарняўскага


У будучыні магчыма ідэнтыфікаваць парэшткі расстраляных у Курапатах людзей і зрабіць сьцяну памяці, на якой будуць напісаныя імёны ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, — так сказаў Свабодзе пятнаццаць гадоў таму ў сакавіку 2002 году археоляг Міхась Чарняўскі. Мы працягваем знаёміць з публікацыямі з архіву Свабоды, якія былі прысьвечаныя Курапатам.

У студзені 2013 году ня стала дасьледніка паваеннага антыбальшавіцкага супраціву, грамадзкага, палітычнага і культурнага дзеяча Беларусі, археоляга і гісторыка, пісьменьніка, дацэнта катэдры археалёгіі і дапаможных гістарычных дысцыплінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, аднаго з заснавальнікаў БНФ Міхася Чарняўскага.

Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук археоляг Міхась Чарняўскі не спадзяваўся на тое, што пры цяперашняй ўладзе стануць вядомыя імёны тых, хто аддаваў загады й расстрэльваў бязьвінных людзей у Курапатах, як, дарэчы, і імёны іхных ахвяраў. Але ў будучыні, калі будуць рассакрэчаныя архівы КГБ, праўда стане вядомай, быў перакананы навуковец.

археолягі сьцерагліся казаць пра трагедыю ў Курапатах, бо баяліся, што ўлады зробяць з Курапатаў чарговы кар'ер

Чарняўскі: Калі ведаць па сьпісах, хто тут расстраляны, то паводле генэтычных кодаў можна будзе вылічыць, узяўшы аналіз тканак жывога чалавека — унука ці праўнука. Гэта вялікія грошы. Але каб такое не паўтарылася, трэба й грошы выдаткаваць. Тады ўжо нейкую вялікую сьцяну трэба рабіць, і на гэтай сьцяне пісаць усе прозьвішчы... Можа, нават і зараз за межамі Курапацкага комплексу, у агароджы дзе-небудзь ля падземнага пераходу зрабіць вялікую сьцяну. І на ёй — тысячы прозьвішчаў расстраляных у Менску ў 1937-41 годзе.


Міхась Чарняўскі бачыў будучы мэмарыял у Курапатах такім:

Чарняўскі: Ня варта нешта будаваць на саміх магілах, бо сам лес, схілы й ямы напоўненыя пакутамі. Гэтая мясьціна ўжо ёсьць мэмарыялам. Там толькі павінна быць чысьценька, і людзі павінны хадзіць моўчкі са зьнятымі капелюшамі. І канешне, каб гэтыя магілы былі нейкім чынам пазначаныя.

Сам Міхась Чарняўскі ўпершыню даведаўся пра Курапаты ў другой палове 70-ых гадоў ад Зянона Пазьняка, які працаваў тады ў аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі. Тады археолягі сьцерагліся казаць пра трагедыю ў Курапатах, бо баяліся, што ўлады зробяць з Курапатаў чарговы кар'ер.

Чарняўскі: Як быццам ніхто ня ведае, дзе расстрэльвалі, але чамусьці, калі выдзяляюць зямлю пад кар'ер, дык як раз там, дзе растрэльвалі.

Паводле Міхася Чарняўскага, гэткі кар'ер быў зроблены пад Вялейкай, дзе ў 1941 годзе перад наступам немцаў расстрэльвалі палітычных вязьняў, і яшчэ шмат дзе ў Беларусі. Што да Курапатаў, якія ўлады не пасьпелі й ня здолелі зраўняць з зямлёй, то Міхась Чарняўскі дагэтуль памятае свае пачуцьці, калі ўпершыню трапіў ва ўрочышча:

Чарняўскі: Успомніў нашых археолягаў, нашую інтэлігенцыю найперш. І была такая думка, што вот тут — нашае Адраджэньне 1920-х гадоў.

Сам Міхась Чарняўскі таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў. У 70-я гады, калі ва Ўкраіне пачаліся рэпрэсіі ў дачыненьні да мясцовых патрыётаў, якіх называлі "нацыяналістамі", Міхась Чарняўскі распачаў збор грошай у іх падтрымку. За гэта яго пакаралі папраўчымі працамі — больш за год давялося разгружаць цэмэнт і працаваць муляром. Пасьля гэтага шмат гадоў імя Міхася Чарняўскага выкрэсьлівалі з розных навуковых працаў і не давалі магчымасьці надрукавацца.

***

Пляменьнік Міхася Чарняўскага Ігар Чарняўскі шмат гадоў працаваў начальнікам упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. Рашэньне аб зьмене межаў ахоўнай зоны Курапатаў прымалася ў ягоную кадэнцыю.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG