Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над «тэрор-машынай» Станіславам Ганчаровым будзе закрытым


Станіслаў Ганчароў

Віцебскі абласны суд пачне 12 сьнежня слуханьні справы шасьці маладых людзей, якіх абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве ды іншых злачынствах, паведаміла БелаПАН прадстаўніца суду Натальля Платаненка.

Галоўны абвінавачваны ў справе — удзельнік баявых дзеяньняў ва Ўкраіне Станіслаў Ганчароў, вядомы пад мянушкай «Тэрор-машына».

Кулямётчык батальёну «Азоў» быў затрыманы ў Віцебску 15 красавіка. У той час ягоныя сябры ў інтэрвію Свабодзе расказалі, што Станіслаў быў «заўзятым прыхільнікам нацыянал-сацыялізму, фашызму». На старонцы Ганчарова «ЎКантакце» — фатаздымкі, дзе на ягоных грудзях відаць тату: лічба 88 (закадаванае вітаньне «Хайль Гітлер») і герб дывізіі СС «Дырлевангер».

Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне ў «злосным хуліганстве», якое было ўчыненае ў лістападзе 2013 году супраць непаўналетніх. Як паведамлялі раней у прэс-службе МУС, Станіслаў Ганчароў разам з футбольнымі фанатамі пад пагрозай гвалту прымусіў двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітаньне. Увесь працэс быў зьняты на відэакамэру і выкладзены ў інтэрнэт.

Іншых фігурантаў справы абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве (яны 1994–1998 гадоў нараджэньня, аднаму абвінавачаньне выстаўленае да дасягненьня 16 гадоў), двух абвінавачваюць у захоўваньні і распаўсюдзе праз інтэрнэт парнаграфіі (суд закрыты якраз таму, што аб’ектам злачынства ёсьць «грамадзкая маральнасьць у сфэры палавога жыцьця»). Таксама групоўцы інкрымінуюць рабаваньне, прымус да выкананьня абавязаньняў, прыцягненьне непаўналетняга да злачынстваў, распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG