Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы «Беларус» з «Азова» Станіслаў Ганчароў — хто ён?


Станіслаў Ганчароў

Станіслаў Ганчароў

Свабодзе стала вядома сапраўднае прозьвішча байца «Азова» зь Віцебску пад пазыўным «Беларус», якога затрымалі беларускія праваахоўныя органы — Станіслаў Ганчароў.

Праваахоўнікі затрымалі Станіслава Ганчарова прыкладна 4 дні таму ў Віцебску (а ня ў Менску, як паведамлялася раней).

Пра гэта паведаміў Свабодзе ягоны сябар зь Віцебску Мікіта Барысаў.

— Калі і пры якіх абставінах затрымалі Стаса?

— Першапачаткова ён прыехаў у Віцебск. Я стаў у яго пытацца: ты разумееш, чым гэта скончыцца? Навошта ты сюды прыехаў? Ён сказаў, што ў яго нібыта ёсьць афіцыйная папера, што ён там (на Данбасе. — РС) быў мэдыкам-валянтэрам. Папера сапраўды прысутнічала. Але я адразу сказаў, што яна табе не дапаможа. Потым празь дзень я даведаўся, што ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. І потым ужо, відаць, быў перавезены ў Менск, таму што прыехаў жа ён у Віцебск, у яго тут мама жыве.

— А калі ён прыехаў у Віцебск?

Ён размаўляў вельмі свабодна, як быццам нічога не баяўся.

— У Віцебск ён прыехаў каля 5 дзён таму. Калі Стас прыехаў, зь ім сустрэлася наша агульная сяброўка, але сам я зь ім асабіста ўбачыцца не пасьпеў. Ён патэлефанаваў мне зь беларускага нумара. Я быў у шоку. Ён размаўляў вельмі свабодна, як быццам нічога не баяўся. Я сказаў, што па магчымасьці сустрэнемся заўтра. А на наступную раніцу, калі ён пайшоў да маці, яго, відаць, «прынялі» непасрэдна там — дома ў маці.

— Стас быў на Майдане?

— Калі ва Ўкраіне пачыналіся хваляваньні, ён туды езьдзіў. Але што менавіта ён там рабіў, я сказаць не магу. Потым ён вярнуўся сюды бесьперашкодна, да яго не было ніякіх пытаньняў. Пасьля Майдана яго ня тузалі. Ён зрабіў усё ціха, ніхто пра гэта ня ведаў — ён зьезьдзіў і прыехаў. Прабыў тут недзе месяц, а калі ўжо пачаліся непасрэдна ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, ён паехаў туды, паехаў у полк «Азоў». Недзе 1,5 года ён там прабыў. За гэты час сюды, у Беларусь, ён не прыяжджаў, таму што ведаў, якія наступствы могуць быць.

— Аналізуючы яго старонку «Ўкантакце», можна зрабіць выснову, што ён захапляўся нэанацысцкай ідэалёгіяй. Гэта насамрэч так?

Ён быў добры, спагадны. Былі ў ім маленькія задаткі расізму, але гэта як і ў многіх падлеткаў у сучасным сьвеце. Нават калі ў яго і былі падобныя погляды, то ён іх адкрыта не афішаваў.

— Да падзей ва Ўкраіне, яшчэ да першых хваляваньняў на Майдане я не скажу, што Стас быў заўзятым прыхільнікам нацыянал-сацыялізму, фашызму і г.д. Ён быў добры, спагадны. Былі ў ім маленькія задаткі расізму, але гэта як і ў многіх падлеткаў у сучасным сьвеце. Нават калі ў яго і былі падобныя погляды, то ён іх адкрыта не афішаваў. Мабыць, калі ён ужо зьехаў на вайну, то потым ужо там гэта ўсё адкрылася. Але тут я не заўважаў за ім адкрытай дэманстрацыі нацысцкіх поглядаў.

— У нейкія нэанацысцкія арганізацыі ці суполкі ў Віцебску ён уваходзіў?

— Не, у якіх-небудзь арганізацыях правага толку ён ня значыўся. Гэта я пэўна ведаю. Ды ў нас і няма іх, увогуле ж, у Віцебску.

— А чым Стас займаўся да таго, як зьехаў на вайну?

— Па-мойму, ён тут рабіў на будоўлі. Здаецца, ён скончыў нейкі каледж ці ПТВ — дакладна ня ведаю. Былі ў яго пляны паступаць у ВНУ, але потым пачаліся баявыя дзеяньні.

«Хайль Гітлер» і «Дырлевангер»

У сацыяльнай сетцы «Укантакце» Станіслаў Ганчароў фігуруе пад нікнэймам Carl Zenner, што сугучна прозьвішчу нацысцкага ваеннага злачынцы Карла Цэнэра. Карл Цэнэр насіў чын брыгадэнфюрэра СС, быў адным з кіраўнікоў акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі. Пасьля вайны яго судзілі за ваенныя злачынствы — у тым ліку за расстрэлы менскіх габрэяў.

На старонцы Ганчарова «Ўкантакце» можна знайсьці фатаздымкі, дзе на ягоных грудзях бачны татуіроўкі — лічба 88 (закадаванае прывітаньне «Хайль Гітлер») і герб дывізіі СС «Дырлевангер». «Дырлевангер» сумна вядомы сваімі ваеннымі злачынствамі. Падразьдзяленьне камплектавалася з крымінальнікаў, зьняволеных нямецкіх турмаў і канцлягераў. «Дырлевангер» ня раз браў удзел у карных апэрацыях на тэрыторыі Беларусі, ягоныя байцы адзначаліся асаблівай жорсткасьцю. Эсэсаўцы «Дырлевангера» таксама душылі Варшаўскае паўстаньне 1944 году і паўстаньне ў Славаччыне.

Акрамя таго, на галаве ў Станіслава Ганчарова набіта татуіроўка «Тэрор-Машына» — гэта мянушка, якую ён атрымаў падчас службы ў палку «Азоў».

«Дзікая сумесь»

Мяне заўсёды ўражвала нейкая дзікая сумесь у яго галаве: чувак увесь у свастыках і рунах, здаецца, але ледзь не пішчыць, калі бачыць кацяня. А яго лепшым сябрам быў азэрбайджанец.

Аднаклясьніцай Станіслава Ганчарова была беларуская валянтэрка Анастасія Нікіценка, якая нядаўна брала ўдзел у пратэстах расейскіх дальнабойшчыкаў. У сваім запісе ў Фэйсбуку Анастасія так ахарактарызавала Станіслава, зь якім у школьныя гады яны сядзелі за адной партай:

«Мяне заўсёды ўражвала нейкая дзікая сумесь у яго галаве: чувак увесь у свастыках і рунах, здаецца, але ледзь не пішчыць, калі бачыць кацяня. А яго лепшым сябрам быў азэрбайджанец. У Беларусі за ўдзел у баявых дзеяньнях ад 3 да 7, па-мойму. Мне сумна, Стасік. Трымайся».

«Беларус» рызыкнуў

Аднапалчане папярэджвалі Стаса, каб ня ехаў у Беларусь, бо могуць арыштаваць, але ён усё ж рызыкнуў. 14 красавіка ён прыехаў у Віцебск, а 15-га яго арыштавалі.

У Сьледчым камітэце на пытаньне пра затрыманьне байца «Азова» Свабодзе адказалі, што цягам дня афіцыйна паведамяць пра асобу, якая ўчыніла хуліганскія дзеяньні.

Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне ў «злосным хуліганстве», якое было зьдзейсьнена ў лістападзе 2013 году супраць непаўналетніх.

Як адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы МУС, у кастрычніку 2013 году беларускі баец «Азова» разам з футбольнымі фанатамі пад пагрозай гвалту прымусіў дваіх 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітаньне. Увесь працэс быў зьняты на відэакамэру і выкладзены ў інтэрнэт.

Цяпер у дачыненьні да затрыманага заведзеная крымінальная справа паводле арт. 339 КК Беларусі («Хуліганства»), сам ён пад вартай. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 6 гадоў.

«Акрамя таго, прызначаныя экспэртызы надпісаў і малюнкаў фашысцкай накіраванасьці, разьмешчаных на целе падсьледнага ў выглядзе татуіровак. Вынікі дасьледаваньняў будуць пакладзены ў аснову прававой ацэнкі дзеяньняў, якія падпадаюць пад арт. 130 КК Беларусі („Распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці ці розьні“)», — падкрэсьліваюць праваахоўнікі.

Падазраваны — лідэр нефармальнага моладзевага фанацкага руху нэанацысцкай накіраванасьці, які прапагандуе ультраправыя ідэі.

МУС паведамляе, што за ўдзел у ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў складзе палку «Азоў» Станіслаў Ганчароў мае два мэдалі «За доблесную службу» і «За мужнасьць». Як мяркуецца, узнагароды беларус атрымаў за баі пад Ілавайскам і ў пасёлку Шырокіна. Таксама вядома, што віцяблянін ваяваў у якасьці кулямётчыка і быў двойчы паранены, кажуць у МУС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG