Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны альбом» дазволілі ў Менску. Вольскі: «Будзе такі ж склад, як у Беластоку»


Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт праекту «Народны альбом» у Менску, 2007 год

Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт праекту «Народны альбом» у Менску, 2007 год

Ідэолягі Менгарвыканкаму дазволілі агенцтву «Шаблі» правесьці канцэрт праекту «Народны альбом» у менскім Prime Hall 24 лютага.

«Я выказваю ўдзячнасьць кіраўніцтву пляцоўкі за заключанае пагадненьне арэнды; Галоўнаму ўпраўленьню ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі Менгарвыканкаму — за ўзгадненьне мерапрыемства. У год культуры — больш культурных падзеяў!» — піша на Facebook кіраўнік агенцтва Ўладзімер Шаблінскі.

Адзін з удзельнікаў праекту Лявон Вольскі кажа Свабодзе, што сам даведаўся пра магчымы канцэрт толькі ўчора.

Лявон Вольскі

Лявон Вольскі

«Будзе такі жа склад, як быў у Беластоку», — кажа Вольскі, маючы на ўвазе, што выступаць разам зь ім маюць Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Аляксандар Памідораў і Сяргей Ахрамовіч. Яны выступалі на 20-годзьдзі «Народнага альбому» ў польскім Беластоку, яны ж сьпявалі на менскай прэм’еры праекту ў Менску 20 гадоў таму. У Беластоку выступоўцаў падтрымлівалі музыкі гуртоў Apple Tea і Aquarelle Quartet.

Прынамсі два музыкі са сьпісу маюць праблемы з выступамі ў Беларусі: пра Вольскага і Вайцюшкевіча кажуць, што яны ў неафіцыйных «чорных сьпісах» беларускіх уладаў. Ды нядаўна яшчэ аднаму музыку з «чорных сьпісаў», Сяргею Міхалку, дазволілі выступіць у Гомелі з гуртом Brutto і ў Менску з праектам «Ляпіс-98».

«Народны альбом» — канцэптуальны праект, што распавядае пра жыцьцё Заходняй Беларусі ў 1920-1930 гадах. Супольны праект зьявіўся дзякуючы Міхалу Анемпадыставу, якому належаць аўтарства ідэі і ўсіх тэкстаў. Вольскі разам зь Анемпадыставым напісалі ў 1999 годзе аднайменную п’есу, што грунтуецца на пэрсанажах альбому. «Народны альбом» быў прызнаны найлепшым праектам году на «Рок-каранацыі» 1997 году, песьні зь яго, напрыклад «Край ты мой, край» і «Простыя словы», сталі гітамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG