Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэр зьбіраўся падпаліць сябе каля амбасады Польшчы


Уладзімер Пашчанка

Уладзімер Пашчанка

На жыхара Магілёва Ўладзімера Пашчанку, які на знак пратэсту супраць бязьдзеяньня міліцыянтаў пагражаў падпаліць сябе каля амбасады Польшчы, міліцыянты склалі пратакол.

Паводле журналіста Вячаслава Сікоры, які прыехаў з Уладзімерам Пашчанкам з Магілёва, адказны супрацоўнік менскай міліцыі паабяцаў таксама праінфармаваць кіраўніцтва аб тым, што міліцыянты ў Магілёве не выконваюць законных патрабаваньняў Пашчанкі.

«У яго сапраўды быў бэнзін для самаспальваньня, але ён адклаў гэтую акцыю, бо было мала журналістаў і яшчэ спадзяецца, што да яго прыслухаюцца», — сказаў Вячаслаў Сікора.

Карэспандэнту Свабоды Пашчанка падчас пікету казаў, што калі не даможацца справядлівасьці ў Беларусі, паедзе ў Маскву і падпаліць сябе там, каля амбасады Рэспублікі Беларусь.

Уладзімер Пашчанка ня згодны з тым, што чалавек, які 2 гады таму прычыніўся да нанясеньня яму траўмаў, застаўся не пакараны.

Пашчанка лічыць, што гэтага чалавека пакрывае магілёўская міліцыя і патрабуе завядзеньня справы і супраць міліцыянтаў.

Уладзімер Пашчанка

Уладзімер Пашчанка

Празь невялікі прамежак часу Ўладзімера Пашчанку адпусьцілі зь міліцэйскага аўтобуса. Ён сеў у аўтамабіль, на якім прыехаў у Менск, і зьбіраецца ехаць дамоў.

«Міліцыянты сказалі, што ў Магілёў пайшоў сыгнал аб праблеме. Гэта яшчэ адна спроба дамагчыся справядлівасьці», — сказаў Пашчанка.

Уладзімер Пашчанка накіраваў лісты з апісаньнем сваёй праблемы ў Адміністрацыю прэзыдэнта, а таксама ў амбасады ЗША, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі. Ён выбраў месцам правядзеньня пікету амбасаду Польшчы, бо лічыць, што «Польшча найбольш варожа ставіцца да Лукашэнкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG