Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хачу, каб працаваў закон». Пэнсіянэр з Магілёва пагражае сябе спаліць


Уладзімер Пашчанка

Уладзімер Пашчанка

Відэазварот з такім ультыматумам Уладзімер Пашчанка выклаў у інтэрнэт. Пашчанка настойвае, што судовая сыстэма, наглядныя органы і міліцыя ня здолелі абараніць ягоных правоў. Калі яны ня будуць адноўленыя да 15 лістапада, ён пагражае сябе падпаліць.

Уладзімеру Пашчанку 69 гадоў. Два гады таму яго зьбілі ля свайго дому. Сын пэнсіянэра прысароміў двух хлопцаў нападпітку, адзін зь якіх мачыўся на агароджу сядзібы. У адказ тыя ўчынілі бойку. Стары стаў між імі і сынам, а супраць яго, як ён сьцьвярджае, быў ужыты прыём з арсэналу баявых адзінаборстваў. У мэдычным заключэньні зафіксаваны пералом левага падкаленьніка, а таксама пабоі.

«Адзін зь іх, відаць, валодаў майстэрствам баявых адзінаборстваў, і я не пасьпеў вокам міргнуць, як адляцеў больш як на пяць мэтраў, — згадвае Ўладзімер Пашчанка. — Потым ён ускочыў на мяне, я ляжаў ніцма, і пачаў дабіваць. „Малаціў“ так, што пазьбіваў кулакі аб маю галаву. Каб я страціў прытомнасьць, то мяне б ён забіў».

Паводле пэнсіянэра, два нападнікі мелі крымінальнае мінулае. Паводзілі яны сябе надзвычай нахабна нават тады, калі разьбірацца ў інцыдэнце прыехала міліцыя.

Відэазварот Пашчанкі:

У сваім відэазвароце Пашчанка называе імёны сваіх крыўдзіцеляў. Настойвае, што яны заслугоўваюць жорсткага пакараньня.

Уладзімер Пашчанка кажа, што справу разглядалі і ў раённым, і ў абласным судах. Пасьля ягоных апеляцыяў на прысуд справа дайшла і да Вярхоўнага Суду, які абавязаў ніжэйшыя інстанцыі яе разгледзець наноў.

У выніку судовая калегія крымінальных спраў Магілёўскага абласнога суду прызнала вінаватым аднаго з крыўдзіцеляў Пашчанкі. Паводле выраку, ён «груба парушыў грамадзкі парадак, што праявілася ў непавазе да грамадзтва з выкарыстаньнем гвалту, пашкоджаньнем чужой маёмасьці і нанясеньнем цялеснага пашкоджаньня».

Абвінавачваны ж заяўляў, што ініцыятарам канфлікту былі пацярпелыя па справе — сын і бацька Пашчанкі. Цялеснае пашкоджаньне Пашчанку-старэйшаму, даводзіў ён, прычыніў ненаўмысна, а пералом нагі ў пацярпелага нібыта здарыўся праз неасьцярожнае падзеньне.

Сабраныя за два гады Пашчанкам матэрыялы справы пра сваё зьбіваньне

Сабраныя за два гады Пашчанкам матэрыялы справы пра сваё зьбіваньне

Крыўдзіцеля Пашчанкі прызналі вінаватым і прысудзілі тры гады «хіміі» і выплату 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Пэнсіянэр кажа, што гэтыя грошы выплачваюцца нерэгулярна.

Другі ўдзельнік канфлікту, якога Пашчанка таксама лічыць вінаватым, пазьбегнуў пакараньня. У справе ён праходзіў як сьведка. У матэрыялах гаворыцца, што ён спыніў зьбіваньне Пашчанкі-старэйшага, адцягнуўшы ад яго свайго прыяцеля.

Уладзімер Пашчанка настойвае, што і другі ўдзельнік канфлікту мусіць быць прыцягнуты да адказнасьці, і гэтага пацярпелы дамагаецца. Пэнсіянэр заяўляе: ягоныя крыўдзіцелі не пакаяліся ва ўчыненым і ня выбачыліся перад ім у судзе. Кампэнсацыі маральнай шкоды ён хацеў памерам 100 мільёнаў рублёў.

На пытаньне, ці ня варта спыніцца, бо аднаго з крыўдзіцеляў усё ж пакаралі, пэнсіянэр адказвае адмоўна.

Дом Пашчанкі ля якога адбыўся інцыдэнт

Дом Пашчанкі ля якога адбыўся інцыдэнт

«Яны аднялі ў мяне два гады жыцьця і заслугоўваюць больш жорсткага пакараньня. У іх ёсьць заступнікі, якія не даюць судовай сыстэме судзіць іх паводле закону. Я хачу прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто парушаў закон, калі расьсьледавалі гэтую справу», — настойвае Пашчанка.

Пра падзеі двухгадовай даўніны, а таксама доўгія цяжбы, якімі застаецца не задаволены, суразмоўца апавядаў у сваім доме. Пэнсіянэр паказваў дакумэнты, сабраныя за час, як ён кажа, пошуку справядлівасьці. Іх назьбіраўся немалы стос.

Уладзімер Пашчанка на памяць цытуе артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія, на ягоную думку, парушаныя альбо ня ўлічаныя судом, пракуратурай ды міліцыяй. Паводле падлікаў пэнсіянэра, блізу трох дзясяткаў службоўцаў, уцягнутых у расьсьледаваньне справы, парушылі закон. Як вынікае з аповеду Пашчанкі, іхныя адказы на ягоныя скаргі і звароты яго не задавальняюць.

Уладзімер Пашчанка апавядае пра сваю справу. Вакол яго дакумэнты, датычныя яе

Уладзімер Пашчанка апавядае пра сваю справу. Вакол яго дакумэнты, датычныя яе

У адказах на некаторыя са скаргаў пэнсіянэру паведамлялі, што супрацоўнікаў, якія парушылі нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, прыцягвалі да матэрыяльнай адказнасьці. Выносіліся і прыватныя пастановы за парушэньне правілаў справаводзтва.

Няўрымсьлівы пэнсіянэр заяўляе: у судах, пракуратуры ды міліцыі пануе «тэлефоннае права», якім вырашаюць праблемы. Яму адпісваюць, што такога права ў гэтых ведамствах няма.

Уладзімер Пашчанка спрабаваў дамагчыся прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі, каб давесьці яму свой клопат. Аднак яму патлумачылі, што кіраўнік дзяржавы такімі пытаньнямі не займаецца.

«Ён займаецца толькі дзяржаўнымі справамі, а не такімі, як мая, — кажа пацярпелы. — Да Лукашэнкі можна было б зьвярнуцца, каб у мяне на руках былі паперы, што мяне прымаў генэральны пракурор, кіраўнік Сьледчага камітэту. Але такіх дакумэнтаў у мяне няма. Аднак маю праблему можа вырашыць толькі Лукашэнка, больш ніхто».

Адзін з адказаў на скаргу Пашчанкі пра «тэлефоннае права»

Адзін з адказаў на скаргу Пашчанкі пра «тэлефоннае права»

«Калі да 15 лістапада мае канстытуцыйныя правы ня будуць адноўленыя і справа ня будзе расьсьледаваная як належыць, я падпалю сябе, — пагражае суразмоўца. — Калі ж будзе паведамленьне, што пачаліся праверкі законнасьці расьсьледаваньня справы, то я адмоўлюся ад сваіх намераў. Я хачу аднаго, каб усё было паводле закону».

Сцэнічны вобраз Пашчанкі

Сцэнічны вобраз Пашчанкі

Уладзімеру Пашчанку 69 гадоў. Да пэнсіі ён служыў у цывільнай авіяцыі. Падчас гутаркі з журналістам прыгадаў, што ў 1982 годзе яго хацелі зрабіць вінаватым у крадзяжы паліва. Нават адседзеў у сьледчым ізалятары 2,5 месяца, але абараніў сваё сумленнае імя. Вярнуўся ў авіяцыю і быў камандзірам самалёта.

Уладзімер Пашчанка — аўтар, кампазытар і выканаўца сваіх песень. Піша іх на расейскай мове. Ён ляўрэат фэстываляў і конкурсаў. Мае сцэнічны псэўданім «Вова-лётчык».

Афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Аксана Салянюк у размове з карэспандэнтам Свабоды паведаміла, што ролік у інтэрнэце яна нядаўна прагледзела і будзе высьвятляць абставіны справы. Яна паабяцала пасьля вывучэньня справы Пашчанкі і ўсіх яе акалічнасьцяў даць больш разгорнуты камэнтар Свабодзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG