Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў захацела падвысіць цэны на транзыт расейскай нафты


Беларускія прадпрыемствы «Гомельтранснафта Дружба» і «Полацктранснафта Дружба» накіравалі ў расейскую «Транснефть» паведамленьні пра падвышэньне цэнаў на транзыт расейскай нафты на 20,5% зь 1 студзеня 2017 году. Гэта пацьвердзіў ТАСС афіцыйны прадстаўнік «Транснефть» Ігар Дземін.

Па словах Дземіна, расейскі бок атрымаў гэтыя паведамленьні, але «Транснефть» іх пакуль вывучае і ня бачыць абгрунтаваньня такога падвышэньня. Згаданыя заявы з пазначэньнем нязгоды «Транснефть» перадала ў Фэдэральную антыманапольную службу, якая мусіць са свайго боку прыняць рашэньне па тарыфах.

Калі Расея і Беларусь ня здолеюць дамовіцца па тарыфах, то Беларусь мае падвысіць тарыфы на ўсталяваны Расеяй сярэднегадавы індэкс спажывецкіх цэнаў на бягучы год, які павялічаны ня больш як на 3%, піша ТАСС.

Беларусь ужо заяўляла ў верасьні пра падвышэньне тарыфаў на транзыт нафты, і не на 20,5%, а на 50%. Але ў кастрычніку нібыта адмовілася ад такога рашэньня ў абмен на аднаўленьне ў поўным аб’ёме паставак расейскай нафты ў Беларусь. Таксама Беларусь за гэта нібыта пагадзілася выплаціць каля 300 млн даляраў запазычанасьці за газ, але ці вярнула — невядома.

У лістападзе міністар энэргетыкі Расеі паведаміў, што ў газавым пытаньні зь Беларусьсю ўжо існуюць прынцыповыя дамоўленасьці, падпісаньне якіх чакаецца неўзабаве. 23 лістапада прадстаўнікі Беларусі і Расеі мелі абмеркаваць пытаньні паставак расейскай нафты ў Беларусь. Пакуль жа дзейнічаюць тарыфы на транзыт, што былі да навінаў пра падвышэньне.

Што адбываецца?

Экспэрт Тацяна Манёнак адзначае, што падвышэньне ў любым разе мусіць узгадняцца з расейскім бокам, як бы яно не было аргумэнтаванае, ды звычайна тарыфы мяняюцца зь 1 лютага.

Калі Беларусь парушыла вызначаную працэдуру і ў аднабаковым парадку абвясьціла аб падвышэньні тарыфаў, давялося «адматаць» рашэньне. Раней таксама былі выпадкі, калі Беларусь аргумэнтавана казала пра падвышэньне тарыфаў на адны сумы, але ўзгадняла з Расеяй зусім іншыя.

Што адбываецца цяпер? Манёнак тлумачыць Свабодзе:

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Мы з вамі можам хіба фантазіяваць у гэтай сытуацыі. Але ж была афіцыйная інфармацыя пра тое, што бакі разьвялі газавае і нафтавае пытаньні. Бо пра газавае пытаньне трэба яшчэ дамаўляцца, спатрэбіцца час, каб скарэктаваць і падпісаць пагадненьні. Вядома ж, вельмі балюча— аплаціць 340 млн даляраў. Уяўлялася, што мо атрымаецца расьцягнуць гэтае пытаньне з запазычанасьцю.

Я ня маю дакладнай інфармацыі, але так разумею, што бакі цяпер узгадняюць пытаньне падвышэньня экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у Расею. Расея патрабуе, каб Беларусь выканала падпісанае пагадненьне пра пастаўкі сёлета ў Расею 1,8 млн тонаў бэнзіну, а там пакуль зусім не вялікія аб’ёмы паставак. Магчыма, гандаль пакуль будзе ісьці вакол гэтага пытаньня. І было ж заяўлена, што „Транснефть“ можа падвысіць пастаўкі нафты ў сьнежні, але папярэдне бакі мусяць узгадніць пастаўкі бэнзіну на расейскі рынак.

А гэта пытаньне няпростае, бо Беларусі сёньня эканамічна нявыгадна пастаўляць бэнзін на расейскі рынак. Калі Беларусь падлічыць свае выдаткі, узважыць, ці выгадней павялічыць аб’ёмы паставак расейскай нафты і рабіць нявыгадныя пастаўкі бэнзіну ў Расею, тады, думаю, будзе прынятае рашэньне.

Мяркую, пытаньне паставак нафты найважнейшае на сёньня, бо беларускі бок звычайна назапашваў нафту ў канцы году, а беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы на сёньня амаль на 40% зьнізілі аб’ёмы перапрацоўкі. Прыцягнуць альтэрнатыўную нафту — гэта даражэй і гэта зусім не вялікія аб’ёмы. Гэта не вырашае пытаньняў загрузкі заводаў і атрыманьня ў бюджэт мыта з паставак нафтапрадуктаў, а сродкі з гэтага мыта меліся быць накіраваныя на пагашэньне зьнешняй запазычанасьці».

Манёнак лічыць, што пазыцыя Расеі ў праблеме газу прынцыповая, завязаная на ідэю Агульнага энэргетычнага рынку Эўразійскага эканамічнага саюзу, які плянавалася запусьціць з 2019 году. Да агульнага рынку мелася далучыцца і Беларусь, але пакуль не прыняла адпаведных законаў. Ад Беларусі чакаюць, што яна прадэманструе прыхільнасьць да стварэньня агульнага энэргетычнага рынку, ды для нашай краіны гэта складаная тэма. Такая рэформа закране энэргетычныя манаполіі, яна вымусіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы мадэрнізавацца, каб мець прадукцыю, адпаведную эўрапейскім стандартам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG