Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абяцае павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь


Пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у чацьвёртым квартале будуць павялічаныя да 5 мільёнаў тон.

Пра гэта паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік «Транснафты» Ігар Дзёмін.

«Па пастаўках на НПЗ „Мазыр“ і „Нафтан“ у адпаведнасьці з расейска-беларускім пратаколам у чацьвёртым квартале плянуецца прапампаваць па нафтаправодзе „Дружба“ 5 млн тон (2,6 млн тон і 2,4 млн тон адпаведна)», — цытуе Дзёміна ТАСС.

Раней Беларусь і Расея дамовіліся, што беларускі бок адменіць сваё рашэньне аб падвышэньні тарыфаў на транзыт расейскай нафты, а Расея адновіць абʼёмы паставак. Таксама Беларусь да 20 кастрычніка павінна ў поўным абʼёме пагасіць запазычанасьць за расейскі газ, якая перавышае 300 млн даляраў.

Раней Расея пагражала зьменшыць пастаўкі нафты для Беларусі ў чацьвёртым квартале да трох мільёнаў тон. За 2016 год замест заплянаваных 23 мільёнаў тон расейскі бок зьбіраўся паставіць усяго толькі 18 млн тон.

Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў дзеяньні расейскіх уладаў, якія не пагаджаліся з ільготнай цаной газу і скарацілі пастаўкі нафты для Беларусі. 7 кастрычніка на сустрэчы з Нацыянальным сходам мінулага і новага скліканьняў Лукашэнка заявіў, што Беларусь вядзе перамовы з Іранам пра пастаўкі нафты. «Аж да таго, што мы ім дамо ўсе магчымасьці на Мазырскім або іншым заводзе: перапрацоўвайце сваю нафту і прадавайце, дзе лічыце патрэбным», — падкрэсьліў ён. Паводле Лукашэнкі, перад урадам пастаўлена задача шукаць альтэрнатыву расейскай нафце.

XS
SM
MD
LG