Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея імкнецца ўтрымаць Беларусь на інтэграцыйнай іголцы


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Гледзячы па ўсім, беларуска-расейская нафтагазавая вайна, якая цягнулася ад пачатку году, закончылася.

Яшчэ ня ўсе дакумэнты падпісаныя, але прынцыповыя дамоўленасьці паміж бакамі дасягнутыя. У сухім астатку атрымліваецца, што беларускі бок дамогся зьніжак на газ. Дзеля чаго, уласна, і пачалася гэтая вайна. Але зьніжкі будуць рэалізаваная ня проста праз цану на паліва, а праз складаную схему міжбюджэтных кампэнсацый. Беларускі бок дамагаўся зьнізіць цану ўдвая. А ў выніку, калі верыць газэце «Коммерсант», атрымалася толькі на 30%. Менск выбраў тактыку ў пачатку торгу выставіць максымальныя патрабаваньні, а потым саступіць. Таксама важна тое, што ў наступныя гады зьніжкі будуць працягвацца, пакуль ня выйдуць на ўзровень унутраных расейскіх цэнаў. Гэта тое, чаго беларускі бок даўно дамагаўся. Значыць, расейскі энэргетычны грант вяртаецца, толькі крыху ў іншай форме.

Менск атрымаў важную перамогу, Расея саступіла. Толькі незразумела, чаго Маскве было так доўга ўпарціцца, скарачаць пастаўкі нафты, заяўляць, што ня пойдуць на зьніжкі?

Цікава, што яшчэ ў жніўні тая ж добра інфармаваная расейская газэта «Коммерсант» паведамляла пра падобную дамоўленасьць. Тады таксама гаворка ішла пра зьніжку 30% і пра ўвядзеньне паніжальнага каэфіцыенту цаны на газ з кожным наступным годам. Але раптам Масква заблякавала пагадненьне, а цяпер бакі вярнуліся амаль да тых самых дамоўленасьцяў.

Адным з важных урокаў гэтай нафтагазавай вайны 2016 году зьяўляецца тое, што яе вынік разбурыў многія... можа, ня міты ці ілюзіі, а, скажам так, гіпотэзы, якія існавалі ў беларускім аналітычным асяродзьдзі. Па-першае, шмат пісалі, што, паколькі Расея сама апынулася ў стане сурʼёзнага крызісу, то яна ня зможа ў ранейшых маштабах субсідаваць беларускую эканоміку. А вось высьвятляецца, што гэта ня так. Вясной Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, які кантралюецца Расеяй, прыняў рашэньне выдаць Беларусі новы крэдыт у памеры $2 млрд. І вось цяпер зьявілася міжбюджэтная кампэнсацыя, якая, паводле «Коммерсанта», складзе $1,4 млрд за паўтара года.

У беларуска-расейскіх дачыненьнях палітыка пераважае над эканомікай.

Рэч у тым, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях палітыка пераважае над эканомікай. У 1990-х гадах, у часы Барыса Ельцына, калі сама РФ знаходзілася ў значна большым крызісе, там месяцамі не выплочвалі заробкаў і пэнсій, Масква актыўна дапамагала сваёй галоўнай саюзьніцы. І наадварот, самыя вострыя канфлікты паміж Беларусьсю і Расеяй (нафтавыя, газавыя войны ды інш.) адбываліся ў 2000-я гады, калі ў расейскі бюджэт шырокай плыньню цяклі шалёныя нафтадаляры.

Па-другое, экспэрты справядліва сьцьвярджалі, што пасьля Крыму Расея разьярылася, у замежнай палітыцы узяў верх культ сілы і яна больш ня церпіць пярэчаньняў і супраціву. Але высьветлілася, што ў палітыцы Расеі да Беларусі мала што памянялася. Больш за тое, менавіта беларускі бок выкарыстоўваў сілавыя прыёмы. Тая тактыка скандалу, якую звычайна задзейнічае Менск у канфліктных сытуацыях, як і раней, эфэктыўна працуе. (А адмова плаціць за газ па цане кантракту ці падвысіць плату на транзыт нафты ў паўтара раза і ёсьць скандал, сілавы прыём).

Па-трэцяе, апошнім часам РФ была незадаволена параўнальна незалежнай замежнай палітыкай, якую праводзіла кіраўніцтва Беларусі. Маецца на ўвазе пазыцыя нэўтралітэту, якую займае Менск у канфліктах Расеі з Украінай, Захадам, Турэччынай, нармалізацыя стасункаў з ЗША і ЭЗ. І было шмат разважаньняў, што Масква гэтага не даруе, яна пакарае Беларусь за такое свавольства.

Расея плаціць за статус імпэрыі

Аднак высьветлілася, што, наадварот, Расея пасьпяшалася задобрыць беларускі бок, перакупіць яго, заплаціўшы большую цану, чым прапануе Захад. Бо для Крамля важна не дапусьціць, каб Беларусь саскочыла з расейскай інтэграцыйнай іголкі. Расея плаціць за статус імпэрыі. Лукашэнка добра разумее лёгіку мысьленьня Крамлю, ягоныя імпэрскія комплексы і эфэктыўна гуляе на іх, выкарыстоўвае на сваю карысьць.

Не выключаю, што цяпер можа пачацца геапалітычнае спаборніцтва між Расеяй і Захадам за тое, хто больш заплаціць Беларусі, каб перакупіць краіну. Бачыце, Лукашэнка ўвесь час заяўляе, што ня будзе праводзіць ніякіх рэформаў, а МВФ упарта працягвае перамовы з беларускім урадам аб крэдыце. Складваецца ўражаньне, што фонду гэты крэдыт патрэбен больш, чым кіраўніцтву Беларусі.

У такім выпадку на пэўны час пытаньне рэформаў увогуле зьнікае з парадку дня.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG