Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма Каліноўскага верне ранейшы фармат, калі пачнуцца новыя рэпрэсіі, — Ян Маліцкі


Ян Маліцкі

Ян Маліцкі

Адзін з заснавальнікаў і дырэктар стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага пры Інстытуце Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі даў вялікае інтэрвію «Хартыі-97».

Праграма Каліноўскага не закрылася, а рэфармавалася, пацьвярджае ён. Як і гаварылася раней, цяпер дзейнічае Праграма Каліноўскага ІІ, стажыроўкі для ўсіх ахвотных.

Маліцкі нагадвае, што ў 2006 годзе праграма прыняла 244 чалавекі, але тры чвэрці зь іх недавучыліся, былі выключаныя з польскіх унівэрсытэтаў. Пазьней быў уведзены больш жорсткі адбор: налета набралі 80, потым 60, 50 студэнтаў... Летась на праграму паступілі толькі 20 студэнтаў. Усяго за 10 гадоў зь 900 прынятых студэнтаў дыплёмы атрымалі толькі 300.

«Трэба аб’ектыўна ацэньваць рэальнасьць: колькасьць рэпрэсаваных студэнтаў у Беларусі памяншаецца, і гэта добра, — кажа Маліцкі. — Вядома, лепш было б, каб у вашай краіне наогул не было палітычных перасьледаў.

У апошнія гады мы пашырылі фармат праграмы, каб яна ахоплівала ня толькі выключаных студэнтаў і тых, што зазналі перасьлед, але і, напрыклад, дзяцей палітычных зьняволеных. Таму зьявілася ідэя рэфармаваць праграму, каб яна захавалася, а не была цалкам закрытая празь непатрэбнасьць. Мы наважыліся рыхтаваць кадры для дэмакратычнай Беларусі».

Ян Маліцкі ўпэўнены: галоўнае, што праграма Каліноўскага захавалася, а «калі раптам пачнуцца новыя рэпрэсіі, мы вернем ёй ранейшы фармат». Маліцкі падкрэсьліў, што праграма Каліноўскага не займаецца заахвочваньнем акцыяў пратэсту, а толькі займаецца дапамогай тым, хто церпіць перасьлед.

Чытайце поўнае інтэрвію на «Хартыі-97».

XS
SM
MD
LG