Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 10 год у праграме Каліноўскага — 274 выпускнікі, 150 адлічаных


Брама варшаўскага ўнівэрсытэту. Фота ©Shutterstock

Брама варшаўскага ўнівэрсытэту. Фота ©Shutterstock

У Варшаве ва ўрачыстай залі палаца Патоцкіх-Тышкевічаў праходзіць юбілейны зьезд выпускнікоў навучальнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага.

10 год таму, 30 сакавіка 2006 году, праграма была заснаваная для падтрымкі студэнтаў, якіх за ўдзел у пратэстнай акцыі паадлічвалі зь беларускіх ВНУ.

У сустрэчы з «каліноўцамі» ўзялі ўдзел віцэ-прэмʼер і міністар вышэйшай адукацыі Польшчы Яраслаў Говін, кіраўнік праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі, намесьнік міністра замежных спраў Ян Дзедзічак, старшыня парлямэнцкай дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю ў польскім парлямэнце Робэрт Тышкевіч.

Ад беларускага боку — экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч, клопатам якога і была заснаваная праграма, а таксама старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць» Іна Кулей, якая 10 год курыруе праграму імя Кастуся Каліноўскага.

Ад імя каліноўцаў на зьезьдзе выступілі Алесь Міхалевіч, які дзякуючы праграме абараніў у Варшаўскім унівэрсытэце доктарскую ступень, а таксама Вітаўт Сіўчык, які цяпер вучыцца на першым курсе ў рамках праграмы.

Кіраўнік праграмы Ян Маліцкі адзначыў, што за 10 год 274 асобы пасьпяхова скончылі праграму, цалкам прайшоўшы навучаньне ў Польшчы, яшчэ 300 чалавек атрымалі магістарскую ці доктарскую ступень. Каля 150 студэнтаў былі выключаныя з праграмы за непасьпяховасьць.Пасьля афіцыйнай часткі адбылася дыскусія «Пэрспэктывы постсавецкага беларускага пакаленьня ў Польшчы», а таксама паказ фільму «Ўнівэрсытэт Каліноўскага».

У інтэрвію Свабодзе выпускнік магістарскай праграмы Варшаўскага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «Піяр і маркетынг СМІ», кіраўнік Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк адзначыў, што на зьезьдзе прысутнічае каля 100 каліноўцаў.

«У інтэрнэце гучалі абурэньні з нагоды таго, што толькі каля двух дзясяткаў каліноўцаў зьбіраюцца наведаць юбілейны зьезд выпускнікоў праграмы. Насамрэч усё адбылося іначай — у залі не хапае месца, людзям даводзіцца стаяць. Добра, што людзі знайшлі час і змаглі прыехаць. Такім чынам, каля 100 выпускнікоў прысутнічаюць і выказваюць падзяку за магчымасьць атрымаць адукацыю».

Алесь Зарэмбюк

Алесь Зарэмбюк

Алесь Зарэмбюк адзначыў, што шмат выпускнікоў праграмы імя Кастуся Каліноўскага працуюць у сфэры журналістыкі — як у Польшчы, так і ў Беларусі.

«Для мяне ўдзел у праграме быў каштоўным крокам наперад. Найперш з-за таго, што сыстэма адукацыі вельмі адрозьніваецца ў Польшчы і Беларусі. Ня думаю, што нешта моцна зьмянілася і пасьля ўступленьня Беларусі ў балёнскую сыстэму. Я з задавальненьнем узгадваю цікавыя практычныя заняткі, якімі поўнілася праграма навучаньня, прафэсіяналаў-практыкаў, якія чыталі студэнтам лекцыі. Таму я перакананы, што каліноўцы будуць вельмі карыснымі і запатрабаванымі для будучай Беларусі. Увогуле, у Польшчы вучыцца вельмі шмат беларусаў. Гэта ня толькі каліноўцы, а дзеці з даволі заможных сямей, якія самі аплочваюць адукацыю. Гэта гаворыць пра прэстыж польскай вышэйшай адукацыі.

Кіраўніцтва праграмы паведаміла, што зь цягам часу колькасьць стыпэндыятаў зьмяншаецца. Так, у першым наборы было 244 чалавекі, у апошнім — 25. Алесь Зарэмбюк лічыць, што праграма павінна існаваць надалей, бо рэпрэсіі супраць студэнтаў могуць узнавіцца:

«Праграма мае існаваць. Беларусы не застрахаваныя ад таго, што рэпрэсіі супраць студэнтаў могуць быць адноўленыя ў фармаце 2006 году. Справакаваць іх могуць любыя палітычныя падзеі, напрыклад, будучыя выбары ў парлямэнт. І няма такога аналітыка, які дакладна спрагназуе сытуацыю. Я лічу, што праграма імя Кастуся Каліноўскага павінна існаваць далей. Але фармат яе можа з часам зьмяніцца — напрыклад, на яе могуць на конкурснай аснове запрашаць лепшую моладзь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG