Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На праспэкце Незалежнасьці зьбіраюць подпісы за бел-чырвона-белы сьцяг. Арганізатары акцыі затрыманыя


24 верасьня з 11-ай раніцы на менскім праспэкце Незалежнасьці праходзіць збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Акцыю зладзілі актывісты «Маладога фронту» і аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Раніцай быў затрыманы міліцыянтамі адзін з арганізатараў збору подпісаў Зьміцер Дашкевіч, ён на акцыю гэтак і не зьявіўся.

Таксама актывісты не дачакаліся Сяргея Пальчэўскага, які мусіў прывезьці зьбіральнікам подпісаў адмысловую расьцяжку, якая б інфармавала пра акцыю. Сяргей Пальчэўскі, паводле зьвестак «Маладога фронту», быў затрыманы на ўваходзе ў мэтро. Іншых зьбіральнікаў подпісаў міліцыянты не затрымлівалі і не заміналі імі падчас акцыі.

У зборы подпісаў каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» ўзялі ўдзел вядомыя асобы: пісьменьнік Уладзімер Арлоў, паэт і палітык Уладзімер Някляеў, мастак Аляксей Марачкін.

У другой палове дня зьбіральнікі подпісаў перамясьціліся з ходнікаў у падземны пераход каля станцыі мэтро «Кастрычніцкая».

Паводле актывіста БХД Паўла Пракаповіча, за мінулыя 4 дні ў Менску было сабрана каля тысячы подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг.

«Гэтую лічбу мы плянуем у шмат разоў павялічыць, бо людзі падпісваюцца ахвотна і актыўна», — сказаў Свабодзе Павал Пракаповіч.

Далей актывісты маюць намер перадаць сабраныя подпісы гарадзкім уладам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG