Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША віталі мірны характар беларускіх выбараў, але заклікалі рэфармаваць Выбарчы кодэкс


Дзярждэпартамэнт ЗША вітаў «шэраг паляпшэньняў» падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, але заявіў пра «сур’ёзныя праблемы» ў выбарчым заканадаўстве.

У заяве, апублікаванай у панядзелак на сайце амэрыканскага дыпляматычнага ведамства, Дзярждэпартамэнт ЗША вітаў мірны характар праведзеных 11 верасьня ў Беларусі парлямэнцкіх выбараў. Прызнаецца шэраг паляпшэньняў падчас выбарчага працэсу і той факт, што ўпершыню за апошнія 12 гадоў у парлямэнце краіны будуць прадстаўленыя альтэрнатыўныя галасы. У Дзярждэпартамэнце таксама адзначылі гатоўнасьць беларускіх уладаў зарэгістраваць большую колькасьць апазыцыйных кандыдатаў, чым на папярэдніх выбарах.

У той жа час, гаворыцца ў заяве, Беларусь ня здолела ў поўнай меры выканаць свае абавязацельствы адносна свабодных і справядлівых выбараў, выкладзеныя ў сумеснай заяве назіральных місіяў БДІПЧ, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы.

«Па-ранейшаму адзначаюцца такія сур’ёзныя праблемы, як адсутнасьць празрыстасьці пры падліку галасоў; неплюралістычны склад выбарчых камісіяў; наяўнасьць мэдыйнага асяродзьдзя, якое не дазваляе выбарнікам рабіць інфармаваны выбар; а таксама адсутнасьць рэформаў абмежавальнага беларускага выбарчага заканадаўства», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту, якую цытуе БелаПАН.

У ведамстве зноў заклікалі Беларусь правесьці сур’ёзную рэформу заканадаўства, якое рэгулюе выбары, і нагадалі, што ўзмацненьне дэмакратыі будзе садзейнічаць умацаваньню сувэрэнітэту Беларусі і адкрые шлях да паляпшэньня адносінаў са Злучанымі Штатамі.

XS
SM
MD
LG