Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Права выбару»: Гэта самая цынічная выбарчая кампанія


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем, галасуе на выбарчым участку. Менск, 11 верасьня 2016 году

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем, галасуе на выбарчым участку. Менск, 11 верасьня 2016 году

Лідэры кампаніі назіраньня «Права выбару», у якую ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ, аргкамітэтаў стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За свабоду», Беларускай партыі «Зялёныя», прафсаюзу РЭП і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падвялі вынікі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Права выбару» татальна маніторыла 10 акругаў па ўсёй Беларусі, на ўчастках працавала больш за 1300 назіральнікаў, якія «ахапілі» ўсе ўчасткі абраных акругаў. У выніку падрыхтаваная справаздача. Усе кандыдаты, акругі якіх былі ўключаныя ў назіраньне, падаюць скаргі ў ЦВК і патрабуюць прызнаць выбары несапраўднымі. Асноўная прычына — фальсыфікацыя колькасьці яўкі. Паводле зьвестак назіральнікаў, яна ня склала больш за 40 працэнтаў — а гэта значыць, што выбары не адбыліся.

Каардынатар кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі сказаў, што не прызнае вынікі выбараў:

Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

«Мы не прызнаем выбары сумленнымі. На ўсіх 10 акругах, дзе мы працавалі, якія мы татальна „закрылі“ назіральнікамі, зафіксаваныя грубыя парушэньні, мы ня можам лічыць выбары сапраўднымі».

Асноўныя парушэньні, якія фіксавалі назіральнікі, даволі тыповыя для выбарчых працэсаў у Беларусі. Гэта ціск на зьбіральнікаў подпісаў, цэнзура тэлевыступаў кандыдатаў і іхніх перадвыбарчых праграмаў пры публікацыі ў дзяржаўных СМІ, выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу ў дапамогу праўладным кандыдатам, фальсыфікацыя яўкі на датэрміновым галасаваньні, заніжэньне сьпіскавай колькасьці выбарнікаў (былі выпадкі, калі на 40–50 працэнтаў), прымус на датэрміновым галасаваньні, выкарыстаньне «карусэляў».

«Падчас падліку галасоў не выконваліся нават мінімальныя патрабаваньні ЦВК, якія пазначаныя ў мэтадычных дапаможніках, — амаль усюды назіральнікі ня бачылі, як лічылі галасы. Выходзіць, што працэс падліку ў нас яшчэ менш празрысты, чым у суседніх Украіне і нават Расеі.

Паводле прадстаўнікоў кампаніі «Права выбару», назіральнікі, якія працавалі ў яе межах, падалі за ўвесь час назіраньня 768 скаргаў.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, у чыёй акрузе таксама працавалі назіральнікі кампаніі, адзначыў, што на ўчастках вельмі моцна ціснулі на назіральнікаў, не дапускалі іх да падліку галасоў:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«На вялікі жаль, кампанія апраўдала самыя змрочныя прагнозы. Тое, што рабілася на падліку галасоў, — сьведчаньне таго, што дзеяньні ўлады і сам тэрмін „выбары“ разыходзяцца вельмі далёка. У дзень асноўнага галасаваньня ўсім назіральнікам на маёй акрузе (Аўтазаводзкая № 92) адмовілі ў доступе да падліку галасоў. Назіральнікам перашкаджалі працаваць — і гэтая тэхналёгія ўжывалася даволі адкрыта».

Як брудныя, цынічныя і нахабныя ахарактарызавалі выбары намесьнік старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Леў Марголін, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, прадстаўніца аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова.

«Учора Беларусь страціла магчымасьць далучыцца да дэмакратычных краін. Выбары як ніколі былі брудныя, мы зафіксавалі шэраг правакацыяў, якія былі скіраваныя супраць моцных дэмакратычных кандыдатаў і іхніх камандаў».

Каардынатар кампаніі Алесь Сілкоў сказаў, што дзякуючы працы назіральнікаў ёсьць сьведчаньні фальсыфікацыяў, гэтыя зьвесткі цяпер важна распаўсюдзіць як у Беларусі, так і за мяжой:

Алесь Сілкоў

Алесь Сілкоў

«Галоўны вораг гэтай сыстэмы — назіральнік. Ярмошына не пра Парыж марыць, а пра тое, каб не было незалежных назіральнікаў. Дзякуючы ім мы сабралі базу доказаў таго, як фальсыфікуюцца выбары. І мы можам цалкам давяраць гэтым вынікам, бо кампанія была арганізаваная так, што абраныя акругі кантраляваліся татальна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG