Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: афіцыйныя вынікі выбараў маюць не аб’ектыўны, а палітычны характар


Уладзімер Лабковіч (зьлева) і Алег Гулак

Уладзімер Лабковіч (зьлева) і Алег Гулак

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі ключавым міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, перакананыя ў кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«Мы канстатуем, што выбары ў Беларусі не адпавядаюць міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў», — заявіў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Падчас кампаніі ў выбарчыя камісіі быў уключаны мізэрны адсотак прадстаўнікоў апазыцыі, кандыдаты ў дэпутаты сустракаліся з цэнзурай падчас выступаў на тэлебачаньні і публікацыі сваіх перадвыбарчых праграмаў, фіксаваліся шматлікія факты прымусу выбарцаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні і завышэньня яўкі, а самі выбарчыя працэдуры для назіральнікаў былі закрытыя.

Практыка сьведчыць пра тое, што сыстэма правядзеньня выбараў засталася нязьменнай.

«На жаль, падчас гэтай кампаніі мы не пабачылі таго прагрэсу, які нам абяцалі перад выбарамі. Так, былі пэўныя пазытыўныя крокі, былі спробы ЦВК прадэманстраваць паляпшэньне. Але практыка сьведчыць пра тое, што сыстэма правядзеньня выбараў засталася нязьменнай», — падкрэсьліў старшыня БХК Алег Гулак.

Найбольш прэтэнзіяў назіральнікі маюць да этапу датэрміновага галасаваньня. Тут праваабаронцы фіксавалі масавыя выпадкі прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, а таксама значнае завышэньне ўладамі яўкі (розьніца паміж дадзенымі назіральнікаў і выбарчых камісіяў, як сказаў Лабковіч, склала 14,4%).

Гэта была найгоршая кампанія па колькасьці парушэньняў падчас датэрміновага галасаваньня... Датэрміновае галасаваньне ў тым выглядзе, як яно існуе ў Беларусі, цалкам сябе дыскрэдытавала.

«Закрытасьць выбарчых камісіяў прывяла да таго, што падчас датэрміновага галасаваньня нашы назіральнікі сутыкнуліся з масавымі і сыстэматычнымі парушэньнямі выбарчага заканадаўства. Гэта была найгоршая кампанія па колькасьці парушэньняў падчас датэрміновага галасаваньня... Датэрміновае галасаваньне ў тым выглядзе, як яно існуе ў Беларусі, цалкам сябе дыскрэдытавала», — сказаў Лабковіч.

Ключавой праблемай выбараў застаецца непразрыстасьць падліку галасоў. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што падлічваць галасы трэба так, каб кожны сябра выбарчых камісіяў і назіральнікі бачылі ўсе бюлетэні, але на практыцы гэтага няма.

Вынікі выбараў могуць насіць не аб’ектыўны дэмакратычны, а палітычны характар, калі ўлады маюць магчымасьць, зыходзячы з сваіх палітычных прыярытэтаў, фармаваць вынікі выбарчай кампаніі.

«Працэдура падліку галасоў у Беларусі не зьмянілася, яна застаецца непразрыстай. У нас нават сябры камісіі ня ведаюць, які вынік выбараў яны фіксуюць — яны ведаюць вынікі толькі па сваёй частцы бюлетэняў. Гэта сьведчыць пра тое, што вынікі выбараў могуць насіць не аб’ектыўны дэмакратычны, а палітычны характар, калі ўлады маюць магчымасьць, зыходзячы з сваіх палітычных прыярытэтаў, фармаваць вынікі выбарчай кампаніі», — кажа Лабковіч.

Паводле слоў Гулака, прамых фактаў фальсыфікацыі выбараў у іх няма, але працэдура падліку галасоў была закрытая, і таму даверу да вынікаў няма.

Праваабаронцы таксама паведамілі, што ў акрузе, па якой балятавалася сябра АГП Ганна Канапацкая, фіксавалася завышэньне яўкі. А вось у акрузе Алены Анісім назіраньне праваабаронцы не вялі.

«Паводле інфармацыі нашай кампаніі, на акрузе, дзе перамагла спадарыня Канапацкая, фіксаваліся выпадкі завышэньня яўкі. Але мы ня можам пацьвердзіць ці абвергнуць вынікі выбараў, бо працэдура падліку галасоў праходзіла гэтаксама, як і паўсюль — непразрыста. Таму мы ня можам сказаць, наколькі абраньне Канапацкай адпавядае выбару грамадзян», — сказаў Лабковіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG