Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБСЭ: Беларусь ня выканала большасьць рэкамэндацый па выбарах


Выбарчая кампанія па выбарах дэпутатаў парлямэнта Беларусі праходзіць у большай частцы незаўважна, а большасьць рэкамэндацый ня выканана — такія высновы зрабіла назіральная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ ў прамежкавай справаздачы, апублікаванай 31 жніўня.

Аўтары дакумэнта адзначаюць, што агітацыйныя мерапрыемствы, за якімі назіралі сябры місіі БДІПЧ АБСЭ, выбарцы наведваюць слаба.

Назіральнай місіі вядома, што ў выбаркамы, суды і на адрас мясцовых уладаў было накіравана 408 зваротаў і скаргаў, якія пераважна тычыліся працэсу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, а таксама фарміраваньня або дзейнасьці выбарчых камісій. Большасьць са скаргаў і зваротаў адхілілі.

Аўтары справаздачы канстатуюць, што «роля палітычных партый слабая і, нягледзячы на заявы, з 2000 году ні адну новую партыю не зарэгістравалі». Па выніках апошніх парлямэнцкіх выбараў, толькі пяцёра дэпутатаў прадстаўляюць палітычныя партыі. У прыватнасьці, трое — Камуністычную партыю Беларусі, па адным — Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці і Аграрную партыю.

Што да выбарчай сыстэмы, у гэтым годзе Цэнтарвыбаркам сваімі шасьцю пастановамі, выпрацаванымі на падставе некаторых рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ, унёс некаторыя новаўвядзеньні, у прыватнасьці, прадпісаў публікаваць у інтэрнэце інфармацыю аб паседжаньнях выбаркамаў, а таксама крыху пашырыў правы назіральнікаў. «У той жа час, істотная колькасьць ранейшых рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ ўсё яшчэ застаецца па-за ўвагай».

Аўтары справаздачы зьвярнулі ўвагу на той факт, што толькі «нязначная частка асоб, вылучаных апазыцыйнымі арганізацыямі, сталі сябрамі выбарчых камісій», у той час як «кіраўнікі ці супрацоўнікі мясцовых органаў улады часта зьяўляюцца сябрамі акруговых выбаркамаў, у тым ліку займаюць кіруючыя пазыцыі».

Некаторыя беларускія назіральнікі паведамілі місіі БДІПЧ АБСЭ, што ім «не было дазволена назіраць за працэсам рэгістрацыі кандыдатаў, уключаючы праверку сапраўднасьці подпісаў і дэклярацый аб маёмасьці і прыбытках». Таксама «акруговыя выбаркамы не далі магчымасьці вылучаным кандыдатам выправіць недакладнасьці ў дакумэнтах, у тым ліку ў фінансавых дэклярацыях, што прадугледжана законам».

«Перадвыбарная агітацыя праходзіць у асноўным незаўважна, зь нізкай наведвальнасьцю мерапрыемстваў, — адзначаецца ў дакумэнце. — Некаторыя кандыдаты паказалі вельмі нізкі ўзровень упэўненасьці ў выбарчым працэсе і заўважылі, што іх удзел мае на мэце выкарыстаньне магчымасьцяў, якія недаступныя ў іншых выпадках».

Некаторыя суразмоўцы сябраў місіі БДІПЧ АБСЭ адзначылі, што «нядаўнія арышты і судовы перасьлед меркаваных удзельнікаў пратэстаў падчас выбарчай кампаніі ў сьнежні 2010 года, а таксама меркаваная здымка працэсу збору подпісаў і агітацыйных мерапрыемстваў выкарыстоўваюцца для запалохваньня кандыдатаў і выбарцаў».

Напярэдадні публікацыі справаздачы, 30 жніўня, спэцыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ, намесьнік старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кент Харстэд і кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ Тана дэ Зулуета сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам, які заявіў, што выбары не павінны дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG