Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску на адным баку вуліцы дзейнічае выбарчае заканадаўства, а на другім — адміністрацыйнае


Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску
Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску

З такой аргумэнтацыяй міліцыянтаў сутыкнуліся Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч, якіх вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаваньні. Актывісты ж настойваюць, што праводзілі пікет па зборы подпісаў.

Супрацоўнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса ўжо склаў на Тацяну Севярынец пратакол за парушэньне артыкула 23.34.

«Гаворка зноў вялася пра падзеі 27 ліпеня, калі мы былі яшчэ толькі прэтэндэнтамі на ўдзел у выбарах і зьбіралі подпісы за сваё вылучэньне. Пастаяўшы на адным баку вуліцы Леніна, мы ня вытрымалі тлуму — занадта гучная была рэкляма на экране каля гандлёвага цэнтру „Марка-сіці“. Вырашылі перайсьці на другі бок вуліцы Леніна. Там мы прасьпявалі гімн „Магутны Божа“, а Георгі Станкевіч выканаў уласную песьню „Сьцяг“. Усё гэта міліцыянты здымалі на відэа, і неўзабаве нам даслалі позвы ў міліцыю. Мы тлумачылі, што гэта быў пікет па зборы подпісаў і што выбарчае заканадаўства не забараняе нам сьпяваць. 11 жніўня адміністрацыйную справу за наша нібыта несанкцыянаванае пікетаваньне скасавалі. Але 23 жніўня яе аднавілі зноў», — кажа спадарыня Севярынец.

Ня згодныя з гэтым актывісты запатрабавалі сустрэчы з начальнікам Кастрычніцкага РАУС Сяргеем Стэльмахам. Той пачаў тлумачыць, што на адным баку вуліцы кандыдаты ў дэпутаты дзейнічалі ў межах выбарчага заканадаўства, а на другім — сталі правапарушальнікамі.

«Подпісы за вылучэньне можна зьбіраць у любым месцы, калі яно не ўваходзіць у пералік забароненых мясцовымі адміністрацыямі. Можна зьбіраць подпісы ня ўвесь час, а спачатку, напрыклад, прыгледзецца, ці шмат тут ходзіць мінакоў. Але ў міліцыі кажуць, што ў той час, пакуль актывісты сьпявалі, збор подпісаў не ажыцьцяўляўся. Таму, маўляў, дзейнасьць выбарчага заканадаўства тут сканчаецца, а пачынае дзейнічаць заканадаўства адміністрацыйнае», — спрабуе аднавіць лёгіку начальніка РАУС праваабаронца Павал Левінаў.

Алена Шабуня адзначае яшчэ адну акалічнасьць: як заявілі ў міліцыі, адміністрацыйная справа была адноўлена нібыта з ініцыятывы саміх актывістаў:

«Пасьля першага ж візыту ў міліцыю я напісала скаргу ў абласную міліцэйскую ўправу на дзеяньні палкоўніка Ігара Скарыновіча, намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму. Ён назіраў, як мы сьпяваем, ягоны калега здымаў нас на відэа. Але ніводзін міліцыянт не падышоў і не сказаў, што мы, маўляў, нешта парушаем. Да таго ж у рапарце спадара Скарыновіча мы ўбачылі фактычныя памылкі. Пра гэта і была скарга. Аднак у Кастрычніцкім РАУС нам заявілі, што мы нібыта скардзіліся на тое, што нашы справы скасавалі. Большага абсурду я яшчэ ня бачыла! На дадатак да таго, што на адным баку вуліцы ў нас дзейнічае выбарчае заканадаўства, а на другім — выключна адміністрацыйнае».

Алена Шабуня і Георгі Станкевіч адмовіліся даваць тлумачэньні інспэктару Сяргею Вяраксу. У такім выпадку складзеныя на іх пратаколы за нібыта зьдзейсьненае правапарушэньне ім павінны даслаць поштаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG