Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатку ў дэпутаты Вольгу Маёраву зноў аштрафавалі


Вольга Маёрава

Вольга Маёрава

30 жніўня суд Першамайскага раёна Менску пакараў штрафам у 50 базавых (1050 рублёў) кандыдатку ў дэпутаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Вольгу Маёраву.

Яна брала ўдзел у пікеце ў падтрымку Ульяны Захаранкі, маці зьніклага апазыцыянэра Юрʼя Захаранкі, які праходзіў 1 жніўня каля будынку Менскага гарадзкога суда. Вольга Маёрава трымала партрэт Юрʼя Захаранкі. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яе ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

«30 жніўня, у Міжнародны дзень зьніклых, суд Першамайскага раёна Менску вылучыўся выключным цынізмам», — заявіла прэс-служба АГП.

Вольга Маёрава так пракамэнтавала карэспандэнту Свабоды чарговае пакараньне штрафам:

«Гэта ўжо трэцяя судзімасьць ад часу атрыманьня пасьведчаньня кандыдата ў дэпутаты. Нас спрабуюць запужаць».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька назваў «брутальным» перасьлед кандыдаткі Вольгі Маёравай:

«Тут ярка выяўленая палітычная падаплёка. Плюс у тым, што мы ў судзе (я як сьведка і яна як чалавек у адносінах да якога была распачатая гэтая справа) гаварылі пра тое, што для нас справа зьніклых Юрʼя Захаранкі і Віктара Ганчара — гэта адзін з прыярытэтаў і частка нашай перадвыбарчай плятформы. Таму, калі ёсьць спроба проста заткнуць нам рот, то нічога не атрымаецца. Мы пра гэтую справу будзем гаварыць падчас шматлікіх сустрэч і нагадваць, што пакуль застаецца гэтая праблема, якая сыходзіць крывёй, мы не можам адчуваць сябе спакойна».

Раней Вольгу Маёраву пакаралі штрафам у 45 базавых (945 рублёў).

Тады сяброў АГП абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. 28 ліпеня яны праводзілі пікет па зборы подпісаў каля будынку Міністэрства ўнутраных спраў. Пікетчыкі трымалі ў руках плякаты з фатаздымкам Ульяны Захаранкі і надпісам: «Мама памятае, а ты?». Так актывісты хацелі нагадаць, што справа аб выкраданьні былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, аднаго з апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, так і не была даведзеная да суду.

XS
SM
MD
LG