Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата ў дэпутаты Ўласевіча папярэдзілі. Хутка будзе і другое папярэджаньне


Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі зь мястэчка Варняны Мікалай Уласевіч, які балятуецца ў дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе і выступае супраць будоўлі Астравецкай АЭС, атрымаў першае папярэджаньне. А ў Горадні кандыдаты ад БНФ 31 жніўня выйшлі на першы пікет — за паўтара тыдні да галасаваньня.

На пікеце ў Горадні
На пікеце ў Горадні

Паводле Мікалая Ўласевіча, папярэджаньне яму вынесьлі на падставе ажно трох парушэньняў. Сам Уласевіч лічыць, што прычыны фармальныя.

— Адно парушэньне лічу сапраўдным — своечасова не падаў заяву аб рэгістрацыі выбарчага фонду. З гэтым я згодзен. Другая прычына — нібыта несвоечасова перадаў у камісію тэкст агітацыйнай улёткі. Але тэрміны супалі з выходнымі, і я пакінуў улётку ў вартаўніка, каб ён перадаў у камісію, бо там ужо ніхто не працаваў. Гэта лічу фармальнай прычынай для папярэджаньня. А трэцяй прычынай стала тое, што даверанай асобай запісаў Івана Крука, які таксама балятуецца кандыдатам у дэпутаты. Дык а навошта тады камісія яго рэгістравала?

Яшчэ сёньня раніцай Уласевіч быў настроены на тое, што камісія прыме больш жорсткае рашэньне, бо ён ня стаў зьмяняць тэкст ва ўлётцы, якую адмовілася публікаваць астравецкая раённая газэта. Ягоную скаргу пра гэта не падтрымалі і ў ЦВК. І таму ён да самага пачатку паседжаньня камісіі хадзіў па ваколіцах Смаргоні і распаўсюджваў улёткі. Ва ўлётцы Ўласевіч выступае супраць будоўлі атамнай станцыі ў Астраўцы, называе гэтую задуму злачыннай і называе факты карупцыі ў Астравецкім раёне.

— Мая галоўная мэта, каб людзі ўсё ж ведалі праўду пра будоўлю АЭС, каб выступілі супраць яе будаўніцтва. І я любымі шляхамі імкнуся данесьці да людзей інфармацыю, не зважаючы на рознага кшталту папярэджаньні. Праўда, сёньня голас з камісіі прамовіў: рыхтуйся, хутка будзе і другое папярэджаньне. Я ў гэтым не сумняваюся, але праўду пра АЭС і пра карупцыю ў Астравецкім раёне за гэты час даведаецца шмат людзей. Я настроены давесьці сваю справу да канца.

Актывіст альянсу «Грамадзянская Гарадзеншчына» Яўген Скрабутан распавядае, што яны праехалі па ўсіх памежных раёнах Гарадзеншчыны і былі ўражаныя, наколькі людзі не інфармаваныя ў гэтых пытаньнях.

— Возьмуць нашу ўлётку, пачытаюць і потым не адыходзяць, пакуль не распытаюць пра ўсе падрабязнасьці. Гэта ж павінны распавесьці па дзяржаўным тэлебачаньні і радыё, каб людзям было даступна. А тут атрымліваецца, што ніхто нічога ня ведае, толькі, магчыма, нешта пра гэта чуў. Асабліва шмат было пытаньняў сёньня ў Бераставіцкім раёне, бо там людзі жывуць пры самай мяжы з Польшчай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG