Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнскія ўлады па-ранейшаму патрабуюць выдачы палітуцекача Чары Анамурадава


Чары Анамурадаў

Чары Анамурадаў

Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь атрымала ад праваахоўных органаў Туркмэністану дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што Туркмэнія патрабуе выдачы грамадзяніна Швэцыі і Расеі Чары Анамурадава, затрыманага 18 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце Менск. Чары Анамурадаў з 2000 году знаходзіцца ў вышуку Інтэрполу — на былой радзіме яго абвінавачваюць у махлярстве.

Паводле міжнароднай канвэнцыі цягам 30 дзён туркмэнскі бок павінен пацьвердзіць, ці мае ён прэтэнзіі да Анамурадава. Пацьверджаньне з Туркмэністану, што ўлады па-ранейшаму цікавяцца сваім былым грамадзянінам, прыйшло ў апошні дзень месячнага тэрміну, адведзенага на тое, каб спраўдзіць актуальнасьць запыту, зробленага больш за 15 гадоў таму.

Адвакатка Чары Анамурадава паведаміла, што цяпер дакумэнты, якія былі атрыманыя з Туркмэністану, будзе разглядаць Генэральная пракуратура Беларусі:

«Пракуратура павінна вывучыць, ці ёсьць законныя падставы для выдачы, ці ёсьць падставы, каб адмовіць. То бок справа разглядаецца. Тое, што дакумэнты з Туркмэністану прыйшлі, зусім не азначае, што Чары тэрмінова будзе экстрадаваны, то бок рашэньне прымаецца ня так хутка. Да таго ж калі нават Генпракуратурай будзе прынята рашэньне аб выдачы, ёсьць тэрмін і працэдура абскарджваньня рашэньня ў судовым парадку першай касацыйнай інстанцыяй. Пакуль гэтая працэдура ня пройдзе, фізычна выдачу ажыцьцявіць нельга. Цяжка сказаць, колькі часу спатрэбіцца на ўсё гэта, але, мяркую, гэта справа не аднаго тыдня. Маё прыватнае меркаваньне — панікаваць, што Анамурадава ўжо выдаюць, пакуль няма падставаў. Ёсьць яшчэ працэдуры, рычагі, якія павінны быць задзейнічаныя».

У 1990-х Анамурадаў 6 гадоў адседзеў у туркмэнскай турме. Яшчэ ў 2003 годзе ён атрымаў статус палітуцекача, а потым і грамадзянства ў Швэцыі. Цяпер у Анамурадава два грамадзянствы — швэдзкае і расейскае, і, адпаведна, два пашпарты. Швэдзкі — на імя Шэрыфа Клыча, расейскі — на Чары Анамурадава. У Беларусь ён паляцеў па расейскім пашпарце, каб не атрымліваць беларускую візу, і 18 жніўня яго затрымаў у аэрапорце Менску Памежны камітэт, а далей перадаў транспартнай пракуратуры. З таго часу Анамурадаў утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага. На ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца.

Сябар Анамурадава Мурат Ханаліеў, які мае беларускае грамадзянства і які запрасіў Чары ў Менск, настроены ня вельмі аптымістычна. Сёньня ён чакаў вызваленьня Анамурадава, бо месячны тэрмін чаканьня дакумэнтаў скончыўся:

«Баюся, што Генпракуратура рыхтуе дакумэнты на выдачу Анамурадава. Калі б яго хацелі адпусьціць, ужо б адпусьцілі. Канечне, з пракуратуры сёньня прыйшла дрэнная навіна, але гэта яшчэ не канец. Мы нанялі яшчэ аднаго адваката і выкарыстоўваем усе магчымасьці — падключаем амбасады Швэцыі і Расеі, зьбіраем дакумэнты, пацьверджаньні, што на радзіме Чары чакае перасьлед, што гэта справа палітычная».

Туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў у 1990-х гадах быў асуджаны рэжымам Ніязава на 18 гадоў зьняволеньня. Ён праводзіў журналісцкія расьсьледаваньні наконт наркатрафіку з Аўганістану. Адбыўшы траціну тэрміну, быў амніставаны. Пасьля гэтага два гады жыў у Менску, потым пераехаў у Прагу, працаваў у туркмэнскай службе Радыё Свабода. У 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Швэцыі. З таго часу ў Беларусі Чары Анамурадаў не бываў.

XS
SM
MD
LG