Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да справы туркмэнскага палітуцекача Чары Анамурадава падключылася расейская амбасада


Палітычны ўцякач туркмэнскага паходжаньня Шэрыф Клыч (Чары Анамурадаў)

Палітычны ўцякач туркмэнскага паходжаньня Шэрыф Клыч (Чары Анамурадаў)

Тры тыдні ў СІЗА на Валадарцы чакае экстрадыцыі ў Туркмэністан Чары Анамурадаў, які быў затрыманы 18 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» — ён знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола.

9 жніўня ў СІЗА яго наведала адвакатка. Яна кажа, што падабаронны на ўмовы ўтрыманьня і здароўе ня скардзіцца, але стан у яго прыгнечаны. Адвакатка таксама паведаміла, што на яе выйшаў консул расейскай амбасады ў Беларусі, і неўзабаве яны маюць сустрэцца і абмеркаваць далейшыя сумесныя дзеяньні.

Чары Анамурадаў прыляцеў у Менск са сваёй дарослай дачкой на запрашэньне сябра і калегі Мурата Ханаліева, які мае беларускае грамадзянства і жыве ў Менску з 1986 году. У аэрапорце Анамурадава затрымалі беларускія памежнікі — ён знаходзіцца ў вышуку Інтэрполу. Згодна з запытам 2000 году, на былой радзіме ў Туркмэністане яго абвінавачваюць у махлярстве і патрабуюць выдачы.

Як паведамлялі раней Радыё Свабода прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі і транспартнай пракуратуры, яны абавязаныя паводле міжнародных дамоўленасьцяў затрымліваць асобаў, якія знаходзіцца ў міжнародным вышуку, і экстрадаваць, нягледзячы на тэрмін даўнасьці і на тое, што ўлада ў той краіне, якая патрабуе выдачы, даўно памянялася.

15 гадоў таму Анамурадаў зьехаў у Швэцыю, атрымаў там статус уцекача. Цяпер у яго два грамадзянствы — швэдзкае і расейскае, і, адпаведна, два пашпарты. Швэдзкі — на імя Шэрыфа Клыча, расейскі — на Чары Анамурадава. У Беларусь ён вырашыў ляцець па расейскім пашпарце, каб не атрымліваць беларускую візу.

Цяпер Генпракуратура Беларусі вывучае ўсе акалічнасьці, робіць запыты ў Туркмэністан. А Чары Анамурадаў чакае ў СІЗА вырашэньня свайго далейшага лёсу.

Паводле міжнароднай канвэнцыі за 30 дзён туркмэнскі бок павінен пацьвердзіць, ці мае ён прэтэнзіі да Анамурадава. Але, як тлумачыць адвакатка, тут ёсьць шмат нюансаў — калі ня ўсе дакумэнты прадстаўленыя, Генпракуратура можа запатрабаваць іх, і зноў 30 дзён давядзецца чакаць адказу.

Што працэдура экстрадыцыі ці вызваленьня можа зацягнуцца, пацьвердзіў і прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік Канстанцін Шалькевіч:

«Беларускі бок робіць запыт у краіну, якая ініцыявала вышук. На гэта можа спатрэбіцца мінімум 1–1,5 месяца. Колькі пойдзе часу на разгляд хадайніцтва аб выдачы — невядома. Кажуць, да двух месяцаў можа спатрэбіцца. Калі патрэбныя дадатковыя матэрыялы, яны будуць запытвацца, і час будзе зацягвацца. То бок стандартна працэдура экстрадыцыі з моманту затрыманьня можа цягнуцца ад 3 да 6 месяцаў».

Ці паступіла пацьверджаньне з Туркмэністану наконт справы Анамурадава, прадстаўнікі пракуратуры ня кажуць. І наагул, міжнароднае ўпраўленьне Генпракуратуры ніякіх камэнтароў па справе Анамурадава не дае.

Адразу ж пасьля арышту Анамурадава амбасада Швэцыі ў Беларусі запытала дакумэнты ў МЗС Швэцыі, і дыпляматычнае ведамства афіцыйна пацьвердзіла беларускаму МЗС, што ў 2003 годзе Чары сапраўды атрымаў статус палітычнага ўцекача, а потым і грамадзянства Каралеўства Швэцыі. Амбасада Швэцыі накіравала ноту ў беларускі МЗС, які кантактуе наўпрост з Генпракуратурай. Адвакатка Анамурадава спадзяецца, што Генпракуратура возьме пад увагу ўсе гэтыя дакумэнты з МЗС Швэцыі.

Таксама адвакатка распавяла, што 9 жніўня зь ёй зьвязаўся консул з расейскай амбасады, і ўжо заўтра яны маюць сустрэцца і абмеркаваць плян далейшых дзеяньняў.

***

Туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў у 1990-х гадах быў асуджаны рэжымам Ніязава на 18 гадоў зьняволеньня. Ён праводзіў журналісцкія расьсьледаваньні наконт наркатрафіку з Аўганістану. Адбыўшы траціну тэрміну, быў амніставаны. Пасьля гэтага два гады жыў у Менску, потым пераехаў у Прагу, працаваў у туркмэнскай службе Радыё Свабода. У 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Швэцыі. З таго часу ў Беларусі Чары Анамурадаў не бываў.

XS
SM
MD
LG