Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўзмацняе рэпрэсіі супраць крымскіх татар пасьля нібыта «ўкраінскай дывэрсіі» — Чубараў


Рэфат Чубараў

Рэфат Чубараў

Народны дэпутат Украіны, старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў заяўляе, што пасьля нібыта «ўкраінскай дывэрсіі ў Крыме» Расея ўзмацняе рэпрэсіі супраць крымскіх татар, навязваючы грамадзкай думцы аналёгіі крымскататарскіх арганізацыяў з «Ісламскай дзяржавай».

«Учора прыйшлі з вобшукамі на невялікае прадпрыемства дэлегата Курултая Рэмзы Муратава, тры дні таму адбыліся ператрусы ў іншых крымскіх татар. Мы чакаем, што пасьля тых фальшаваных цьверджаньняў Пуціна і Лаўрова пра разгалінаваную сетку дывэрсантаў, пра якую Расея нібыта ня можа ўсё распавесьці зараз, прывядуць да іх спробаў дэманстраваць і тых людзей, якія ўваходзяць у прыдуманую імі „тэрарыстычную“ сетку, і далей фальсыфікаваць новыя справы», — сказаў Рэфат Чубараў.

Найбольш верагодна, паводле ягонага меркаваньня, сярод такіх прызначаных «тэрарыстаў» найперш апынуцца крымскія татары.

Расея пачала тэму атаясамліваньня крымскіх татар з тэрарызмам. Напэўна, зь цягам часу гэтая тэма атрымае свой працяг.

«Расея пачала тэму атаясамліваньня крымскіх татар з тэрарызмам. Напэўна, зь цягам часу гэтая тэма атрымае свой працяг. Калі зараз заходнія партнэры не паставяць Расею на месца, то пасьля выбараў у Дзяржаўную Думу, якія ўпершыню адбудуцца і на тэрыторыі акупаванага Крыму, Расея ў сваіх рэпрэсіях ужо ні на каго ня будзе азірацца», — дадаў прадстаўнік Мэджлісу.

Рэфат Чубараў таксама паведаміў, што затрыманы Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі крымскі татарын Рэдван Сулейманаў, які нібыта меў намер падарваць аэрапорт і вакзал у Сімфэропалі, быў арыштаваны за тры тыдні да інцыдэнту. «У нас ёсьць зьвесткі пра тое, што фігурант гэтак званай справы „дывэрсантаў“ Рэдван Сулейманаў быў затрыманы як мінімум два з паловай тыдні таму, у адным з населеных пунктаў Сімфэропальскага раёну. Мы трошкі ведаем ягоную біяграфію да акупацыі і разумеем, што ён знаходзіцца пад ціскам пэўных абставінаў — ці то фізычнага, ці то псыхалягічнага ціску. Гэта трэба высьвятляць», — адзначыў ён.

Старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу разам з праваабаронцамі Мікалаем Полазавым і Маркам Фейгіным ініцыююць стварэньне міжнароднага камітэту, які дазволіць прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да забесьпячэньня правоў чалавека ў акупаваным Крыме. Мікалай Полазаў і Марк Фейгін цяпер у якасьці адвакатаў абараняюць інтарэсы намесьніка старшыні Мэджлісу Ільмы Умерава, якога расейскія ўлады абвінавачваюць у замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі.

Цяпер у Крыме ў часовых сьледчых ізалятарах знаходзіцца 17 крымскіх татар, дзясяткі актывістаў знаходзяцца пад сьледзтвам, зьніклі, выкрадзеныя або забітыя.

«Міжнародны праваабарончы камітэт мае канцэнтраваць усе тыя працэсы, якія адбываюцца ў Крыме ў галіне правоў чалавека і стварэньня бясьпечных умоваў пражываньня. Найбліжэйшым часам мы абвесьцім прынцыпы стварэньня гэтага камітэту, які мае дапамагаць усім, хто падвяргаецца рэпрэсіям у Крыме, іх сем’ям і дзецям», — паведаміў Рэфат Чубараў.

Адзінай мэтадалёгіяй ціску на Крэмль ёсьць вонкавы ціск.

Паводле Мікалая Полазава, менавіта «непублічнасьць судовых працэсаў і абмежаванасьць інфармацыі пра парушэньне правоў грамадзян у Крыме стварае дадатковыя магчымасьці для Расеі, каб фабрыкаваць разнастайныя правакацыі». «Адзінай мэтадалёгіяй ціску на Крэмль ёсьць вонкавы ціск. На жаль, пакуль сытуацыя з правамі грамадзян Украіны ў Крыме на Захадзе мала вядомая. Я спадзяюся, што наша супольная праца дазволіць прымусіць Пуціна прыпыніць гэтыя рэпрэсіі супраць грамадзян Украіны крымскататарскага паходжаньня ў Крыме, і гарантаваць ім бясьпеку. Калі ўсё будзе галосна, будуць прыяжджаць журналісты і з Украіны, і з Захаду, то Расеі будзе вельмі складана фабрыкаваць новыя справы і правакацыі», — адзначыў адвакат.

Разам з тым, Марк Фейгін Мікалай Полазаў сумняваюцца, што ім дазволяць увайсьці ў судовы працэс па справе нібыта «ўкраінскіх дывэрсантаў».

«У такіх выдуманых справах, галоўнае — раскалоць чалавека. Там ужо маюць месца прызнальныя паказаньні таго ж Панова і шэрагу іншых фігурантаў. Верагодна, пад фізычным ціскам, яны ўжо прызналіся на камэру, падпісалі ўсе магчымыя пратаколы, таму працэсуальна там будзе вельмі няпроста дапамагчы. Апроч таго, ад нас, як адвакатаў, будуць патрабаваць падпіску пра неразгалошваньне. І нас не дапусьцяць, калі мы адмовімся яе падпісаць. Напрыклад, я ніколі не пагаджаюся на падпіску пра неразгалошваньне. Горш за тое, іх таксама могуць прымусіць адмовіцца ад нашых паслуг, як гэта было ў справе Міколы Карпюка (засуджаны ў Расеі за нібыта ўдзел у баявых дзеяньнях у Чачні да 20-ці гадоў зьняволеньня — РС)», — патлумачыў Марк Фейгін.

На тэрыторыі Расеі Ўкраіна можа патрабаваць допуску сваіх дыпляматаў да падазраваных адпаведна да крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. У Крыме гэта немагчыма.

Адвакат таксама мяркуе, што Расея будзе намагацца засудзіць затрыманых «дывэрсантаў» менавіта ў Крыме, бо на гэтай тэрыторыі ва Ўкраіны вельмі абмежаваныя магчымасьці. «На тэрыторыі Расеі Ўкраіна можа патрабаваць допуску сваіх дыпляматаў да падазраваных адпаведна да крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. У Крыме — гэта немагчыма. Таму перш, чым далучацца да працэсу, неабходна стварыць усе ўмовы. Бяз гэтага далучацца бессэнсоўна. Трэба стварыць тую ступень ціску, пры якой Крэмль, у тым ліку і праваахоўныя органы ў Крыме не маглі б адмовіць уваходжаньню ў гэтую справу. Пакуль такіх умоваў я ня бачу», — канстатаваў Марк Фейгін.

10 жніўня ў ФСБ Расеі заявілі, што прадухілілі зьдзяйсьненьне тэрактаў у акупаваным Крыме на «крытычна важных абʼектах інфраструктуры і жыцьцезабесьпячэньня паўвострава», якія нібыта рыхтавала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле ФСБ, адным з арганізатараў тэрактаў быў жыхар Запароскай вобласьці Яўген Паноў. Пазьней былі названыя яшчэ два прозьвішчы затрыманых — жыхар Крыму Андрэй Захцей і нібыта жыхар Запароскай вобласьці Рэдван Сулейманаў.

Усяго ў справе затрымана 9 чалавек, у тым ліку некалькі грамадзян Расеі.

XS
SM
MD
LG