Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Эўразьвяз заклікаюць не дапусьціць абвастрэньня расейска-ўкраінскага канфлікту


Фэдэрыка Магерыні

Фэдэрыка Магерыні

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні заклікала Расею і Ўкраіну пазьбягаць любых дзеяньняў, якія могуць прывесьці да эскаляцыі канфлікту, гаворыцца ў заяве Зьнешняй службы ЭЗ.

У тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Украіны Паўлам Клімкіным Магерыні адзначыла, што сытуацыю, якая склалася, можна вырашыць толькі мірным шляхам. Яна нагадала пра неабходнасьць выконваць менскія дамоўленасьці.

Раней з аналягічным заклікам выступіў віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн. Учора Джозэф Байдэн правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, заклікаўшы Кіеў не дапусьціць абвастрэньня адносінаў з Расеяй. Байдэн адзначыў неабходнасьць для Ўкраіны прайсьці, як ён сказаў, «сваю частку шляху» і паведаміў, што з такой самай просьбай ужо зьвяртаўся і да расейскага боку.

Джозэф Байдэн (зьлева) і Пятро Парашэнка

Джозэф Байдэн (зьлева) і Пятро Парашэнка

Краіны Эўразьвязу абмяркуюць абвастрэньне адносінаў Расеі і Ўкраіны ў час пасяджэньня камітэту па пытаньнях палітыкі і бясьпекі ЭЗ у наступную сераду.

Абвастрэньне адносінаў паміж Расеяй і Ўкраінай адбылося пасьля таго, як ФСБ абвінаваціла Мінабароны Ўкраіны ў падрыхтоўцы сэрыі тэрактаў на паўвостраве Крым. Кіеў адхіліў абвінавачаньні ў тэрарызьме і зьвярнуўся ў Раду Бясьпекі ААН.

Масква заявіла пра магчымасьць разрыву дыпляматычных стасункаў з Кіевам. Прэзыдэнт Пятро Парашэнка загадаў прывесьці ўкраінскія войскі на Данбасе і каля адміністрацыйнай мяжы з Крымам у поўную баявую гатоўнасьць.

XS
SM
MD
LG