Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Ўкраіны: Расея плянуе маштабныя правакацыі па ўсёй ліні сутыкненьня на Данбасе і, магчыма, у Крыме


Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі заяўляе, што напярэдадні сьвяткаваньня ва Ўкраіне Дня незалежнасьці (24 жніўня) Расея плянуе маштабныя правакацыі па ўсёй лініі сутыкненьня на Данбасе і магчыма ў Крыме.

«Паводле зьвестак вайсковай выведкі Ўкраіны, цяпер адбываюцца вельмі актыўныя захады па ратацыі, перамяшчэньні войскаў уздоўж усёй лініі сутыкненьня ў акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей. Мы не выключаем, што ў ходзе далейшай падрыхтоўкі сьвяткаваньня Дня незалежнасьці праціўнік можа ўчыніць любыя правакацыі. Найбольшая пагроза цяпер застаецца на данецкім і марыюпальскім кірунках, пагатоў што ў апошнія тры дні сытуацыя на марыюпальскім кірунку абвастрылася. Мы таксама не выключаем, што праціўнік да зімы можа яшчэ спрабаваць захапіць найбольш важныя для яго стратэгічныя аб’екты, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць акупаваных тэрыторыяў», — сказаў Вадзім Скібіцкі.

На марыюпальскім кірунку разьмяшчаецца Кахоўская ГЭС (сёлета ў лік крэдыту Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця плянавалася пачаць будаўніцтва Кахоўскай ГЭС-2), а на данецкім кірунку — Аўдзееўскі коксахімічны завод.

Адпаведная інфармацыя перададзеная і адмысловай маніторынгавай місіі АБСЭ. Часткова яна была пацьверджаная, але толькі тая, што датычыць Усходу. У Крыме назіральнікі пакуль ня бачаць небясьпекі. «Частка нашых назіральнікаў знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Галоўная іх задача — праводзіць маніторынг адміністрацыйнай мяжы між Херсонам і Крымам, асабліва каля Каланчака, Чаплынкі і Джанкоя. Наша каманда там, і часам яны наведваюць Крым, але мы ня можам дакладна пацьвердзіць гэтую інфармацыю, пакладаючыся толькі на сьведчаньні нашых назіральнікаў», — адзначыў намесьнік кіраўніка назіральнай місіі АБСЭ Аляксандар Хуг.

Крымскі інцыдэнт

Місія АБСЭ таксама ня мае ніякай інфармацыі наконт падзеяў, што адбываліся напярэдадні ў Крыме. Разам з тым украінскія СМІ сьцьвярджаюць, што перастрэлка пры затрыманьні нібыта «ўкраінскай дывэрсійнай групы» выявілася насамрэч высьвятленьнем адносінаў між расейскімі памежнікамі і супрацоўнікамі ФСБ. «Ніякай памылкі не было і няма. Была перастрэлка між вайскоўцамі Ўзброеных сіл Расеі і ФСБ Расеі. Асноўная прычына — гэтыя падразьдзяленьні не змаглі своечасова ідэнтыфікаваць адны адных, паколькі адбывалася ратацыя, і ў выніку з аднаго і другога боку быў адкрыты агонь на паразу. Адбылася, як кажуць, накладка ў шматлікіх падзеях, якія потым Расея пачала актыўна выкарыстоўваць для дыскрэдытацыі як краіны, гэтак і нашай вайсковай выведкі», — пераконвае сьпікер вайсковай выведкі Ўкраіны.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў таксама зьвярнуў увагу на вялікі часавы разрыў між падзеямі, што адбыліся ў ноч з 6 на 7 жніўня, калі былі затрыманыя нібыта «ўкраінскія дывэрсанты», і заявай ФСБ ад 10 жніўня.

«Такую затрымку можна растлумачыць выключна тым, што яны патрабавалі часу, каб падрабіць гэтак званыя „доказы“ агрэсіўных дзеяньняў Украіны і схаваць сапраўдныя небясьпечныя злачынныя дзеяньні сваіх падначаленых, а менавіта перастрэлку паміж рознымі падразьдзяленьнямі расейскіх сілавікоў, якія традыцыйна злоўжываюць алькаголем, асабліва ў выходныя дні. У выніку гэтай перастрэлкі былі забітыя і параненыя ня толькі расейскія вайскоўцы, але і цывільныя — крымчане», — адзначыў сакратар Рады нацбясьпекі.

Паводле яго, «расейскія сілавікі, спрабуючы схаваць свае ваенныя злачынствы і нагнятаючы антыўкраінскую гістэрыю, пачалі распавядаць глупствы пра нібыта напад спэцназаўцаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і ваенныя прарывы са стральбой з боку Украіны».

Сёньня ўкраінская вайсковая выведка таксама абвергла датычнасьць да сваіх шэрагаў тых грамадзян, прозьвішчы якіх напярэдадні ў часе допыту агучыў затрыманы Расеяю Яўген Паноў. «Хутчэй за ўсё, ён даваў гэтыя сьведчаньні пра нібыта супрацоўнікаў украінскай выведкі пад фізычным ціскам агентаў ФСБ. Я магу адзначыць, што на працягу апошніх двух гадоў ніводзін з кадравых супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны на тэрыторыі акупаванага Крыму не затрымліваўся, а ўсе названыя Пановым асобы не належаць да супрацоўнікаў нашай выведкі», — падкрэсьліў Вадзім Скібіцкі.

Сьпікер вайсковай выведкі Ўкраіны таксама паведаміў, што паводле папярэдняй праверкі, Яўген Паноў перасек адміністрацыйную мяжу з Крымам самастойна, на сваім аўтамабілі.

Разьвязаньне сытуацыі залежыць ад Расеі

Разам з тым украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка сьцьвярджае, што на Данбасе адсутнічаюць яўныя прыкметы магчымага абвастрэньня сытуацыі. «Я адсочваю статыстыку, якую падае штаб антытэрарыстычнай апэрацыі. У параўнаньні зь ліпенем, сярэднесутачная колькасьць абстрэлаў нават зьнізілася. Хоць ні пра якае спыненьне агню няма гаворкі. А вось на мяжы з Крымам сытуацыя рэзка абвастрылася. І найбольш сумна, што мы за апошнія два гады зноў гаворым пра рызыку вайны. Хоць, магчыма, небясьпека вайны крыху перабольшаная, бо нагнятаньне панікі ва Ўкраіне — адзін са складнікоў гібрыднай вайны Расеі супраць Украіны. І на сёньня — гэта самая сур’ёзная праблема наступстваў крымскага інцыдэнту», — адзначыў ён.

У сувязі зь неадназначнасьцю сытуацыі экспэрт лічыць малаверагоднай тэлефонную размову прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны. «Ужо ёсьць працёкі інфармацыі з Расеі пра магчымы разрыў дыпляматычных зносінаў з ініцыятывы расейскага боку, таму, ці пагодзіцца Пуцін на такую размову — пытаньне адкрытае. А паводле лёгікі, гэтую напружанасьць трэба разрадзіць, і магчыма, трэба дамаўляцца пры дапамозе міжнародных пасярэднікаў пра кантроль за сытуацыяй і забесьпячэньне бясьпекі ў памежнай зоне. Тое, што ўкраінскі бок прапануе дапусьціць на адміністратыўную мяжу адмысловую назіральную місію АБСЭ, гэта можа быць адным з такіх захадаў па кантролі. Але ці пагодзіцца на гэта Расея? Пакуль што мы бачым, што эскаляцыя напружанасьці ў адносінах зыходзіць менавіта з Расеі. Яна зноў бразгае зброяю, выкарыстоўвае ваяўнічую рыторыку, і, вядома, галоўныя рызыкі зьвязаныя з паводзінамі Расеі», — перакананы Уладзімір Фясенка.

Паводле яго, Расея намагаецца выкарыстаць крымскі інцыдэнт, каб перафарматаваць працэс перамоваў. «І адна з тактычных задач — не дапусьціць да перамоваў на палях „вялікай дваццаткі“ прэзыдэнта Парашэнку і хаця б часова выключыць Украіну зь перамоўнага працэсу. У гэтым цынічная тактыка расейцаў. Магчыма, менавіта з такою мэтаю і быў арганізаваны гэты інцыдэнт», — мяркуе ўкраінскі палітоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG