Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналіст з Магілёва ўпершыню праверыў узровень радыяцыі ў сваім арганізьме


Вынік па радыеактыўным элемэнце Цэзію-137 — 162,6 бэкерэляў. У пасьведчаньні быхаўскай паліклінікі пазначана, што такое ўтрыманьне радыяцыйных рэчываў бясьпечнае.

«На свой сорам, ведаючы пра радыяцыйную небясьпеку, я ні разу не правяраў узровень радыяцыйнага выпраменьваньня свайго арганізму», — прызнаецца магілёўскі журналіст Алесь Асіпцоў, які для Радыё Свабода шукаў у лякарнях так званы спэктромэтар выпраменьваньня чалавека.

Як паказалі пошукі, у Магілёве такую працэдуру прайсьці няма дзе. Мэдыкі параілі ехаць у лякарні раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У Магілёве спэктромэтра выпраменьваньня чалавека не знайшлося ні ў цэнтральнай паліклініцы, якая мае вялікі выбар платных паслугаў, ні ў дыягнастычным цэнтры, створаным для патрэбаў у тым ліку і жыхароў раёнаў, пацярпелых ад радыяцыі.

У рэгістратуры адной зь лякарняў параілі зьвярнуцца ў занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Аднак і там чакала расчараваньне.

Кожны сэзон санэпідэмстанцыя паведамляе пра павышаны радыяцыйны фон у грыбах і ягадах з прыгарадных магілёўскіх лясоў. Гэтыя ягады ды грыбы людзі ядуць — а куды ж дзяецца радыяцыя? Ці ведаюць сваё радыяцыйнае выпраменьваньне жыхары вёсак і ці стала нормай яго замяраць? Як кажуць самі вяскоўцы, радыяцыя іх ня надта і клапоціць. Зь ёй зжыліся, і небясьпекі ад яе ня бачаць.

«Такой паслугі, памераць выпраменьваньне арганізму, мы аказаць, на жаль, вам ня можам, — сказаў супрацоўнік магілёўскай санэпідэмстанцыі. — Лічыльніка імпульсу чалавека ў Магілёве няма. Так выйшла, што яго няма. Раней такі апарат быў у дыягнастычным цэнтры, яшчэ раней у абласной бальніцы, а цяпер няма. Для апэратыўнага кантролю доз унутранага апраменьваньня ёсьць такое мерапрыемства — радыяцыйны кантроль харчоў, пітной вады. Ёсьць дапушчальныя ўзроўні ўтрыманьня радыенуклідаў у харчах і пітной вадзе...»

Раней журналістка Свабоды Ганна Соўсь правяла экспэрымэнт. Яна сямнаццаць дзён адпачывала ў Беларусі і спажывала пераважна мясцовыя харчы. Узровень радыяцыі замерыла адразу, як прыехала, і перад ад’ездам з краіны. Супрацоўнік магілёўскай санэпідэмстанцыі, камэнтуючы вынікі гэтага экспэрымэнту, сказаў, што падвышэньне ўзроўню радыяцыйнага цэзію ў яе ў арганізьме з 10 да 14 бэкерэляў на кіляграм — неістотнае.

«Гэта практычна ня кажа пра павелічэньне, бо трэба ўлічваць яшчэ і хібнасьць падліку», — сказаў супрацоўнік санэпідэмстанцыі.

Ён дадаў, што спэктромэтар выпраменьваньня чалавека ёсьць у раённых бальніцах Быхава, Чэрыкава, Касьцюковічаў, Краснапольля, Слаўгараду. І параіў зьвярнуцца туды.

У Краснапольскай раённай бальніцы запэўнілі праз тэлефон, што праблемаў для ахвотных замерыць узровень радыяцыі няма. Іншагароднім толькі трэба мець пры сабе пашпарт. Паслуга бясплатная, хоць, магчыма, давядзецца пастаяць у чарзе, бо цяпер правяраюць дзяцей.

«Дзеткі праходзяць мэдычныя агляды, таму чэргі ёсьць, асабліва калі прыяжджаюць зь вёсак. Тады ў нас ажыўлена», — сказала адна зь лекараў. І зьдзіўлена запыталася: «А хіба ў Магілёве такога апарату няма?»

Краснапольскі раён — самы забруджаны на Магілёўшчыне. Праз радыяцыю багата тутэйшых вёсак адселеныя і ўжо пахаваныя. На іх месцы расьце сасоньнік. У некаторых паселішчах з правам на адсяленьне людзі жывуць дагэтуль.

Праверыць свой радыяцыйны фон Алесь Асіпцоў вырашыў у бліжэйшым да Магілёва райцэнтры — Быхаве. Спэктромэтар выпраменьваньня чалавека тут ёсьць у цэнтральнай паліклініцы. Паслуга бясплатная, аднак у чарзе давялося змарнаваць дзьве з паловай гадзіны часу. Чакалі пераважна маці зь дзецьмі. У дзятвы якраз і замяралі радыяцыю.

«Колькі я ні прыяжджаю сюды з сынам, заўжды сутыкаюся з чаргой. Кажуць, што яна бывае рэдка, але нам, відаць, не шанцуе», — шэптам сказала журналісту адна з маці. Зь яе слоў, у сына і дачкі павышанага ўзроўню радыяцыі ні разу не выяўлялі. На пытаньне, ці лічыць яна нормай замер выпраменьваньня, адказала станоўча.

«Калі ўжо нарадзіліся ў мясьцінах з радыяцыяй, то трэба зь ёй неяк жыць і ведаць пра яе болей. Стараюся дзяцей прывучаць быць асьцярожнымі зь ягадамі ды грыбамі. У школе кажуць пра гэта. Каб толькі ня гэтыя чэргі. Дзень марнуеш, а то і два. А калі маці прывезьлі зь вёсак, то во ім беганіны», — сказала жанчына.

Працэдура замеру заняла крыху больш за дзесяць хвілін. Доктарка ўзважыла, памерала рост і пасадзіла ў крэсла. Дазволіла зрабіць фота ў ім.

Паводле спэцыялісткі, у дзяцей, якія прыходзяць да яе, узровень радыяцыі ў норме. Тым ня менш, сказала яна, цяпер ідуць лясныя ягады ды грыбы, і іх спажываньне павышае радыяцыйны фон у арганізьме дзятвы. «Трэба пільнаваць сытуацыю», — заключыла яна. І параіла прыяжджаць на праверку зь сям’ёй.

У пасьведчаньні, выдадзеным мне ў быхаўскай паліклініцы, было пазначана, што ўтрыманьне радыяцыйных рэчываў бясьпечнае. Пры росьце 174 сантымэтры і вазе 83 кіляграмы «ў арганізьме актыўнасьць радыенуклідаў складае: Cs-137 — 162,6 бк». Мэдык патлумачыла, што калі цэзій у норме, то і астатнія радыенукліды таксама.

У стаўленьні да праверкі ўзроўню радыяцыі ў арганізьме жыхары Быхава падзяліліся. Людзі сталага веку казалі, што радыяцыі няма, а калі ёсьць, то зь ёю зжыліся.

«А што тая праверка дасьць?» — запыталася ў журналіста адна з быхаўскіх пэнсіянэрак. Кабета лічыць, што ў яе радыяцыя ў норме, бо ляснога яна нічога ня есьць.

«Мне ўжо і ня выпадзе зьехаць з гэтага раёну. Тут і памру. А ці ад радыяцыі, ці ад чаго іншага — неістотна, — казала жанчына. — У раёне сапраўды ёсьць адселеныя з-за радыяцыі вёскі, але я туды ня ежджу. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, нам у Быхаве плацілі гэтак званыя „грабавыя“. Потым сказалі, што радыяцыі тут няма. Усе супакоіліся. Я правяралася адзін раз, як працавала. Усё было ў норме. У Быхаве боязі з-за радыяцыі няма».

Для маладых людзей замер выпраменьваньня — абавязковая працэдура пры мэдычным аглядзе. Ніхто з апытаных на вуліцы райцэнтру не сказаў, што радыяцыйны фон у яго павышаны. Усе казалі, што ён у норме.

«Я мэдык, дык у час мэдычнага штогадовага агляду нас адпраўляюць мераць радыяцыю. І як на бальнічным, таксама адпраўляюць. Я лічу, што гэтая працэдура патрэбная для нашага раёну. Ягады ды грыбы бяром, адсюль можа быць і радыяцыя», — сказала адна з суразмоўніц.

«Калі камісію праходзім, тады і ходзім правярацца. У дзяцей штогод правяраюць радыяцыю. Ім гэта патрэбна, бо арганізм у іх яшчэ толькі фармуецца», — выказалася яшчэ адна жанчына.

«Наагул, гэтая працэдура неабходная. У многіх маіх знаёмцаў праблемы з шчытападобнай залозай. Многія ў бальніцы ляжаць, — дадала жанчына. — У мяне такая самая немач, таму стараюся трымацца рэкамэндацыяў мэдыкаў. У мяне і ў маіх дзяцей узровень радыяцыі ў арганізьме, дзякуй богу, у норме».

Як паказала аналягічнае апытаньне ў Магілёве, тут гараджане нават ня ведаюць пра існаваньне працэдуры замеру выпраменьваньня чалавека. З двух дзясяткаў апытаных толькі двое праходзілі яе. Як высьветлілася, яны перасяленцы.

«Я перабраўся ў Магілёў з Слаўгарадзкага раёну. У маёй вёсцы, якая трапляе ў зону з правам на адсяленьне, жыве зь дзясятак чалавек. Пераважна гэта пэнсіянэры. Але жывуць дзьве сям’і з малымі яшчэ дзецьмі. Іх правяраюць, але ядуць яны ўсё, што дае гаспадарка іх бацькоў. Прычым без разбору. Які тут клопат пра здароўе!» — сказаў перасяленец.

Словы мужчыны пацьвярджаюць і самі жыхары «радыяцыйных» вёсак. Для адных радыяцыя небясьпечная, бо яе не відаць. Для іншых уратавацца ад яе немагчыма, бо няма сродкаў, каб выехаць у чыстыя раёны.

Набыць звычайны бытавы дазымэтар у Магілёве няма дзе. Раней іх «выкідвалі» ў камісійныя крамы. Цяпер не купіць і там. Два дзясяткі гадоў таму ў вітрыне аптэкі, што ў будынку дыягнастычнага цэнтру, было выстаўленае табло, якое паказвала ўзровень радыяцыйнага фону. Цяпер і гэтага табло няма.

Неўзабаве вас чакае працяг расьследаваньня Свабоды пра Цэзій-137 у розных рэгіёнах Беларусі, а таксама пра тое, што лічыцца нормай ў Беларусі і што насамрэч зьяўляецца бясьпечнай дозай, а таксама пра ўзьдзеяньне малых дозаў радыяцыі на здароўе чалавека.

Паўраспад. Мой Цэзій-137

Вы — труп?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG